Фільм «Руzzкий мир», які за сабраныя данаты і фінансавую дапамогу сяброў зняў беларускі рэжысёр Вячаслаў Сікора, з’явіўся ў спецыяльна створаным для гэтай карціны тэлеграм-канале. Беларуска-літоўская група акцёраў сваёй гульнёй перадае трагедыю ў жыцці гераіні-ўкраінкі. Яна хаваецца ад вайны ў дыктатарскай Беларусі, дзе яе гвалціць расійскі афіцэр, які потым хоча ажаніцца з ёю. Аб новым фільме з яго аўтарам паразмаўляў наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.
Вячаслаў Сікора, на якога ў Беларусі ўзбуджана палітычная крымінальная справа, з 2021 года пражывае ў Беластоку. Менавіта з гэтага горада з пачатку расійска-ўкраінскай вайны ён пачаў займацца актыўнай валанцёрскай дзейнасцю, дапамагаючы церпячым ад пуцінскай агрэсіі ўкраінцам, бо, паводле яго, ён вельмі блізка да сэрца прыняў тыя пакуты, які зараз перажывае ўкраінскі народ, і ён лічыць гэтую вайну сваёй. Менавіта такое стаўленне падштурхнула яго да стварэння фільма, у якім галоўную мужчынскую ролю – ролю расійскага афіцэра Уладзіміра, які займаецца ў Беларусі скрадзеных рэчаў ва Украіне, сыграў ён сам. Галоўная жаночая роля ў беларускай актрысы Наталлі Ляонавай. Яна грае ўкраінку Аню. Роля Юры, беларускага афіцэра, сябра Уладзіміра, у літоўскага акцёра Андруса Дарэлы. Роля Таццяны, сяброўкі Ані, у беларускай артысткі Таццяны Ружаўскай.
Дзеянні, паводле сюжэту, адбываюцца ў Беларусі, дзе аднойчы Уладзімір і Юра знаёмяцца ў рэстаране з Таняй і Аняй. Пасля чаго, ужо ў кватэры дзяўчын, напіўшыся, Уладзімір гвалціць Аню. Яна зацяжарыла, а ў гвалтаўніка ўзнікае да яе каханне і ён хоча пабрацца з ёю шлюбам. Жанчына адмаўляецца, тым больш, што яе сапраўдны каханы ваюе ў шэрагах УСУ. Але потым прыходзяць звесткі, што ён гіне. У выніку Аня пад ціскам Таццяны дае згоду на сумеснае жыццё. Напрыканцы фільма галоўная гераіня нараджае дзіця, паведаміўшы аднойчы Уладзіміру, што яна ўтапіла немаўлятку.
Паводле рэжысёра, яго фільм – гэта, перш за ўсё, крык аб дапамозе.
— Фільм-крык, крык аб дапамозе. Фільм-нагадванне ўсяму свету аб тым, што адбываецца ва Украіне. Справа ў тым, што гэты фільм здымаўся пра вайну ва Украіне і акупаваную Беларусь, пра якую ўсе забылі, не для ўкраінцаў, бо ўкраінцы ведаюць, што такое вайна на ўласным прыкладзе, на ўласнай скуры. Не для расіян, таму што абалванены народ не будзе глядзець гэта кіно, а калі і будзе, то, канешне, як мне ўжо пішуць, што я горш за Салаўёва (расійскага тэлевядучага). Я не ведаю, гэта камплімент ці абраза. Фільм зняты для Захаду, для Еўропы, для Амерыкі, для астатняга цывілізаванага свету. Я жыву ў Польшчы і бачу, што не паказваюць таго, што я бачу ва Украіне, калі езджу ў Славянск, Краматорск, Ізюм. Неяк ідзе вайна недзе, мы дапамагаем і ўсё. Людзі збіраюцца зараз у горы, на мора, на адпачынак, а Украіна ўзяла на сябе ўдар самы цяжкі і ахвяруе людскімі жыццямі. Так, краіны НАТА дапамагаюць зброяй, але ваюе толькі Украіна. Гэта нагадванне ўсяму свету, што адбываецца.
Як мне сказалі мае сябры, з якімі я прайшоў Майдан, а гэта яны мяне падштурхнулі, «Слава, нам трэба яшчэ выйграць у інфармацыйнай вайне». Аказваецца, больш за ўсё каментароў было па гэтым фільме ад украінцаў з удзячнасцю. Нельга пераўтвараць вайну ў будзённае жыццё.
Фільм мы знялі, выклалі, падаравалі свету. І людзі адказваюць тым жа. Гэта вельмі здорава, як кажуць «Разам да перамогі». Але кожны робіць, тое што робіць. Журналіст павінен пісаць артыкулы, рэжысёр – здымаць кіно, валанцёр – дапамагаць, салдат – ваяваць.
— Кім напісаны сцэнар фільма і чым ён вас прывабіў?
— Я напісаў яго ў 2017 годзе і хацеў зняць пра беларусаў у АТО (антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны). Я знайшоў акцёраў, але не знайшоў фінансавання. І сцэнар так і застаўся ляжаць. А вось калі пачалася вайна, і потым тры месяцы валанцёрства, і мяне пастаянна прасілі зняць што-небудзь. Я ўспомніў, што ў мяне ёсць сцэнар, я яго перарабіў. Потым даў пачытаць сваім калегам-акцёрам, атрымаў станоўчы адказ і стаў збіраць фінансаванне. У інтэрнэце я прадаваў свае карціны, гадзіннікі, рабіў аўкцыёны. Фільм зняты на данаты па вялікаму рахунку і з дапамогай маіх сяброў, – распавёў Вячаслаў Сікора.
Comments are closed.