Loading

Праект «Прыгоды Ваўчка ў міфічным свеце» рэалізуе гродзенская мастачка Таццяна Калач, якая зараз жыве ў Беластоку. З дапамогай сацыяльных сетак і YouTube у наступным годзе павінна з’явіцца аднайменная кніжка па беларускай міфалогіі для дзяцей. Прыняць удзел у яе стварэнні, даслаўшы свае малюнкі аўтарцы праекта, можа кожны жадаючы.

Праект Таццяны Калач распачаўся яшчэ ў 2021 годзе, калі яна ўдзельнічала ў міжнародным мастацкім конкурсе па беларускай міфалогіі. Пасля Таццяна арганізавала, як яна кажа, міні-выставу для сяброў. Менавіта тады і ўзнікла думка напісаць для кожнага малюнка нейкія казачныя гісторыі.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от ПРЫГОДЫ ВАЎЧКА (@kazki_pra_vauchka)

— Я вырашыла, што гэта можа быць нешта цікавае і больш вялікае, чым проста гісторыі, і я прыдумала стварыць кнігу. Але мне захацелася ўжо на самым першым этапе прывабліваць аўдыторыю і мне захацелася распавесці будучым чытачам, як ствараецца кніга, увогуле пра што гэта будзе, і я вырашыла стварыць у Інстаграме старонку пра прыгоды Ваўчка. Ваўчок – гэта такі асноўны персанаж, які нібыта вандруе ў міфалагічным свеце Беларусі, то бок ён сустракаецца з рознымі нячысцікамі, якія ёсць у беларускай міфалогіі. І менавіта гэтаму прысвечаны праект. Праект разлічаны для дзяцей ад васьмі гадоў і больш, гэта значыць на дзяцей і падлеткаў. Таму што ў нейкі момант я хацела проста ствараць казкі, але праект пачаў пашырацца, і ўжо ў гэтым годзе я зразумела, што казак будзе недастаткова, і трэба даць нашаму чытачу нейкія ўводзіны. Таму што шмат розных нячысцікаў будзе ўзгадвацца, а тыя дзеці і падлеткі, якія не сутыкаліся ніколі з беларускай міфалогіяй, могуць не ведаць нейкія асаблівасці – што гэта за істоты такія? што за беларуская міфалогія? І ў мяне ёсць намер распавесці пра гэта не толькі беларускаму чытачу, але і ўсяму свету, магчыма перакласці гэту кніжку на некалькі розных моў. Напрыклад, гэта могуць быць польская і англійская мовы. То бок асноўная ідэя – пазнаёміць чытача з беларускай міфалогіяй праз дзіцячы і падлеткавы сусвет.

— Чаму галоўным героем абралі Ваўчка, а не нейкую іншую істоту ці жывёлу?

— Калі я ўдзельнічала ў мастацкім конкурсе, умовы там былі такія, каб маляваць нячысцікаў, але ў сваёй тэхніцы. Паколькі ў мяне было мала часу, я вырашыла прыдумаць персанажа – Ваўчка, бо я раней стварала дзіцячыя кніжкі пра персанажа Ваўчка са сваіх сямейных гісторый. І я вырашыла далёка не хадзіць і ўзяць гэтага самага персанажа Ваўчка і раскруціць яго – нібыта ён вандруе па беларускай міфалогіі, сутыкаецца з такімі монстрыкамі.

Мне хочацца даць намёк на нейкую вобразнасць. Каб чытач не бачыў гатовую ілюстрацыю, а прыдумаў сам па апісанню з кніжкі, як можа выглядаць гэты персанаж. То бок нават у афармленні ілюстрацый у мяне не будзе канкрэтнага выгляду нячысцікаў, будуць хутчэй нейкія намёкі, якія глядач, чытач зможа ўжо сам неяк аформіць і прыдумаць, а як жа мог выглядаць гэты нячысцік, – падкрэслівае аўтарка.

Таццяна Калач

Паводле спадарыні Таццяны, зараз рэалізацыя праекта пашырылася на YouTube. У Інстаграме жа як і раней ідзе расповяд не толькі пра тое, як ствараецца кніжка, але і пра беларускую міфалогію.

— Там мы малюем хуткія скетчы і гэтак жа мы чытаем казкі, успаміны, гісторыі з беларускай і ўжо польскай міфалогіі. Кніжка ствараецца не так хутка, як хацелася б, а чытачу цікава кожны тыдзень назіраць што цікавенькага ёсць сёння. Таму мы спалучаем і гісторыі, і напісанне кніжкі, і шмат чаго, – адзначае спадарыня Таццяна.

Падрабязней пра праект слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.