Loading

Развітанне з беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым, які загінуў у канцы студзеня ва Украіне, адбудзецца ў Кіеве 4 лютага а 14:00 у Саборы Святога Аляксандра. Пазней жалобная цырымонія пройдзе ў Варшаве, дзе малады чалавек будзе пахаваны. Дату і месца родныя паведамяць пазней.

Пра смерць Эдуарда Лобава стала вядома 26 студзеня. Ваяр загінуў у баях пад Угледарам. Беларусы вырашылі фінансава дапамагчы сям’і з арганізацыяй пахавання, неабходная сума была сабрана менш чым за суткі.

Марына Лобава, маці Эдуарда, расказала радыё Ўнэт пра сына, яго мары, эміграцыю і апошні бой.

Эдуард Лобаў – былы беларускі палітвязень. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года разам з лідарам «Маладога фронту» Зміцерам Дашкевічам. Іх абвінавацілі ў хуліганстве. Тады Эдуарда прыгаварылі да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Амаль адразу пасля адбыцця тэрміна ён з’ехаў ва Украіну, дзе ў 2014 годзе пачаў змаганне супраць расійскай агрэсіі. У сваім апошнім баі ён з пабрацімамі паляваў на расійскія танкі.

Крыніца: t.me/belwarriors

Марына Лобава: «Села абедаць і пабачыла, што ў Фэйсбуку мне Малчанаў напісаў. Я як прачытала, зразумела, гэта быў канец. Я не ведаю дакладна, калі гэта было, бо не сачыла цалкам за падзеямі, што там адбывалася. Яго перавялі з іншага месца, гэта ён мне яшчэ ў суботу пісаў, а ў наступны чацвер яго не стала. Яны вялі бліжні бой з танкам. Быў паранены яго камандзір. І ён прыкрываў адход гэтага камандзіра. Атрымаў аскепачныя раненні, ад якіх і памер».

Беларусы адразу выказалі жаданне дапамагчы сям’і загінулага ваяра. Фонд BySol пачаў збор сродкаў і неабходная сума была сабраная менш чым за суткі. Спадарыня Марына вельмі ўдзячная кожнаму, хто адгукнуўся і дапамог. Яна прызнаецца, што пытанні вяртання цела і арганізацыі годнага развітання аказаліся вельмі цяжкай справай і без дапамогі наўрад ці гэта ўсё было б мажліва.

«Шмат людзей пералічылі грошы мне. Дзякуй кожнаму асабіста за дапамогу. Бо гэтыя арганізацыйныя справы каштуюць дорага, і я не чакала, што будуць такія расходы ў нас. Хачу падзякаваць кожнаму, хто дапамог у гэтай справе».

Развітанне з Эдуардам у Кіеве адбудзецца ў суботу, 4 лютага а 14:00 у Саборы Святога Аляксандра. У Варшаве ж развітацца з Эдуардам атрымаецца не раней за наступны тыдзень.

«У Варшаве афіцыйнае развітанне будзе ў касцёле на плошчы Трох Крыжоў. Мы яшчэ не ведаем даты, бо ўсе вельмі складана з транспарціроўкай. Шмат розных бюракратычных рэчаў, якія трэба вырашаць у Польшчы і ва Украіне».

Крыніца: eldebate.com

Спадарыня Марына распавядае, што яе сын з дзяцінства марыў стаць афіцэрам у войску. Але не дзеля льгот, пенсій і зорачак на пагонах.

«Ён думаў, што там у арміі ўсе ў парадку, як паказваюць па тэлевізары. Яму не ўдалося паступіць у ваенную акадэмію, ён пайшоў служыць тэрмінова, каб пасля паступіць. Такія вось дзівосы ў нас у Беларусі: у дэсанце табе здароўе служыць дазваляе, а ў акадэміі вучыцца не. Але ўжо пасля тэрміновай службы прымаюць у акадэмію з тым жа самым здароўем без праблем. Як ён сутыкнуўся з тым, якая падрыхтоўка салдат была ў беларускім войску, ён быў здзіўлены. Ён хацеў быць афіцэрам і абараняць сваю краіну ў выпадку нападзення. Ён хацеў, каб беларуская армія была гатова гэта зрабіць у разе чаго. А пасля ён пабачыў, як усе выглядае знутры: за ўвесь час ён, дэсантнік, ні разу не скокнуў з парашутам.

Толькі рэжым Лукашэнкі вінаваты ў тым, што Эдуард з’ехаў ва Украіну. Калі б не было гэтага пераследу, калі б яму не перашкаджалі з працай і не пагражала турма, то ён бы застаўся. Я яго прасіла ехаць у Польшчу вучыцца».

Як прызнаецца спадарыня Марына, у свой час Эдуард быў гатовы нават стаць у адзін шэраг з вайскоўцамі самога Лукашэнкі, каб абараніць Беларусь ад Расіі.

«Ён баяўся толькі нападу з боку Расіі на Беларусь. І нават казаў мне, яшчэ будучы ў турме, калі ўсе гэтыя падзеі ва Украіне пачаліся, што на абарону Беларусі гатовы стаць разам з арміяй Лукашэнкі. Найважнейшае для яго было – гэта Незалежнасць Беларусі».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.