У Варшаве прайшоў беларускі марш, прысвечаны другой гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. У шэсці прынялі ўдзел, як мяркуецца, больш за дзве тысячы беларусаў, украінцаў і палякаў.
Перад пачаткам маршу да прысутных звярнулася сузаснавальніца «Беларускага моладзевага хаба» у Варшаве, адна з арганізатарак марша Стася Гліннік. Таксама перад удзельнікамі марша выступіў прадстаўнік партыі БХД Яўген Дудкін, падкрэсліўшы важнасць аб’яднання беларусаў дзеля перамогі над рэжымам.
«Для нас галоўнае — свабода, дэмакратыя і шчасце кожнага беларуса. Я ўпэўнены, як Кастусь Каліноўскі паўплываў на наступных нашых нашчадкаў, якія дамагліся Беларускай народнай рэспублікі, так і мы зможам сёння бараніць сем’і і сяброў, захоўваць мову і веру, а таксама дапамагаць нашым братам — украінцам, бо, як казаў Кастусь Каліноўскі, толькі тады зажывеш у шчасці, калі над табой не будзе маскаля.»
Аднак ня толькі палітыкі і актывісты выступалі на мерапрыемстве: так, да прысутных звярнуўся і вядомы беларускі культурны дзеяч Аляксандр Ждановіч, якога звычайна пазнаюць па ролі Маляваныча. У сваёй кранальнай прамове ён адзначыў, як важна захоўваць нашую культуру для перамогі ў гэтай барацьбе, а скончыў свой выступ праніклівым чытаннем верша Ўладзіміра Караткевіча «Дзе мой край?».
«Вы зрабілі правільны выбар. Вы перамаглі свой страх, сваю абыякавасць, пра якую чамусьці казалі заўсёды… Вы неверагодныя, праўда! І самае галоўнае — не губляйце гэтага. Будзьце як дзеці, як казаў Хрыстос. І праўда, мне здаецца, што перамога і будзе тады, калі мы застанемся такімі, якія мы ёсць зараз.»
Фота: Радыё Ўнэт
Падобны марш ужо праводзіўся ў Варшаве год таму, але сёлета арганізатары змянілі маршрут. Калона беларусаў прайшла ад плошчы Канстытуцыі да плошчы Замкавай у Старым горадзе, спыніўшыся таксама перад будынкам Еўракамісіі. Як гэта было, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб забяспечыць вам найлепшы вопыт на нашым сайце. Калі вы працягнеце выкарыстоўваць гэты сайт, мы будзем лічыць, што вы ім задаволены.OkПалітыка прыватнасці
Comments are closed.