У лістападзе 2022 года прайшлі адразу два фестывалі, на якіх можна было ўбачыць незалежнае беларускае кіно сучасных аўтараў. Асобным хайлайтам стаў дакументальны фільм Сашы Кулак «Мара». Стужка адкрывала «Бульбамуві» і перамагла ў беларускай праграме «Паўночнага ззяння».
Пратэстная хроніка змешваецца ў карціне з пастановачнымі кадрамі – снамі, у якія збягае ад рэальнасці галоўная гераіня. Рэжысёрка Саша Кулак расказала нам, адкуль з’явіліся казачныя вобразы і якім быў перашапачатковы фінал.
Саша Кулак нарадзілася ў Беларусі. Да 16 гадоў жыла ў Віцебску і марыла стаць фізікам. Менавіта таму з’ехала ў Пецярбург, каб вучыцца ў фізіка-матэматычнай школе пры Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Пасля паступіла ў Палітэхніку, якую кінула дзеля кафедры кінафотамастацтва Пецярбургскага інстытута культуры і мастацтваў. Саша даволі шмат працавала ў фэшн-індустрыі, таксама здымала дакументальнае кіно ў аддаленых рэгіёнах Расіі. Напачатку жнівеньскіх падзей знаходзілася, дарэчы, у Архангельску. Але даведаўшыся пра тое, што адбываецца ў Беларусі, прыняла рашэнне: трэба ехаць.
Які быў шлях гэтай стужкі на вялікія экраны?
Напрыканцы студзеня гэтага года ў Ратэрдаме адбыўся прэм’ерны паказ. З сакавіка пачаліся паказы па ўсім свеце: Лацінская Амерыка, уся Еўропа і некаторыя постсавецкія краіны. Са жніўня ў нас кожны месяц па 5-7 паказаў.
Колькі месяцаў або тыдняў Вы працавалі на пратэстах?
Месяц: з сярэдзіны жніўня па сярэдзіну верасня. Здымала сама, на самую звычайную камеру – каб у разе чаго не шкадаваць тэхніку. Былі розныя сітуацыі, мяне цудам не затрымалі. Пратэсты мы здымалі, зразумела, на мінскіх вуліцах. Сцэны сноў – на Мінскім моры. Самая першая сцэна фільма была знята ў Трактарным пасёлку. Дзеці, якія там з’яўляюцца – асбалютна выпадковыя, я іх не ведаю. Гэтыя кадры можна назваць рэжысёрскай удачай.
Над мантажом я працавала каля 10 месяцаў. некалькі разоў усё перасабірала. Першапачаткова была ідэя зрабіць фінальную частку фільма з Вольным хорам. Яны кожную нядзелю збіраліся ў розных нечаканых месцах. Аднойчы быў перформанс, калі людзі пелі «Пагоню». Гэты выступ у «пластыкавым» гандлёвым цэнтры выглядаў так жа сюрэалістычна, як і пастановачныя элементы ў фільме. Але ў студзені мы знялі іншую фінальную сцэну.
З першых кадраў Саша Кулак запрашае нас у казачную атмасферу. На думку рэжысёрскі, яна дае неабходны напрамак людзям, якіх мы бачым у яе фільме на мінскіх плошчах і праспектах, у спальніках і дварах, на маленькіх вулачках. Рэфрэнам – шэпт-замова: да Чырвонай каралевы.
Хто такая Чырвоная каралева? Гэта надзея, у якую верылі тысячы людзей і, спадзяюся, працягваюць верыць. Гэтакі сімвал рэвалюцыі, жаночага голасу, руха радыкальнай салідарнасці, які сабраны з мараў, сноў і жаданняў.
Над тэкстам я працавала разам са сваёй сяброўкай, якая вырасла ў Беларусі. І прыдуманы шэпт, заклёны ў стужцы – гэта штосьці інтуітыўнае. Хацелася прыдумаць тое, што можа быць падобна да казкі. Такі ход адкрывае больш прасторы для ўспрыняцця фільма.
У фільме шмат пра сны. А што сніцца вам?
Я амаль ніколі не бачу сноў, але збіраю вопыт розных людзей. Ад кожнага чалавека я чула, што ім сняцца добрыя сны пра новую і вольную Беларусь. Або наадварот, нейкія кашмары. Людзі часта казалі, што рэальнасць, якую яны перажывалі на пратэстах, нагадвала ім сны.
Асобнай увагі вартыя і візуальныя вобразы стужкі:
Калі мы пачалі здымаць, гатовага сцэнару не было. Была эмоцыя, якую я адчула. Былі пэўныя візуальныя вобразы ў галаве. Я зразумела: хачу ў кадры доўгую чырвоную тканіну. Відавочна гэта адсылка да бел-чырвона-белага сцяга. Амаль тыдзень я займалася толькі тым, што шукала людзей, якія б мне маглі дапамагчы ўвасобіць маю ідэю. Усе шыфраваліся, ніхто не казаў, хто робіць гэтыя агромныя сцягі, якія з’яўляліся на пратэстах.
Што тычыцца масак – гэта ўжо з паганства. Толькі пасля таго, як мы прыдумалі назву, я вырашыла пагугліць пра багіню Мару, Марану. Аказалася, што малюнак на Вікіпедыі быў вельмі падобны на вобраз нашай гераіні. Я вельмі здзівілася.
У стужцы «па той бок зла» стаяць толькі мужчыны. Гэта свядома?
Часткова. Я вырашыла, што ўсё ж такі фільм пра жаночы голас і жаночы рух. Мне, аднак, не хацелася рабіць пасланне, што ўсе мужчыны дрэнныя, а ўсе жанчыны добрыя, але так ці інакш у стужцы прачытваецца гэты наратыў, што жыць у патрыярхаце больш немагчыма.
Фільм глядзіцца даволі цяжка. Эмацыйна гэта вельмі няпростае падарожжа…
Калі стала зразумела, што светлага фіналу не будзе, перада мной паўстаў складаны маральны выбар. Мне было цяжка прыняць, што фільм атрымаўся такі дэпрэсіўны. Дапамог прадзюсар. Пасля таго, як ён сказаў, што людзі ходзяць у кіно на хорары, я падумала: «Добра. Гэта будзе фільм-хорар».
Поўную размову з Сашай кулак слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.