Loading

Пятніца выдалася насычанай на падзеі: спачатку ў Крамлі прайшла цырымонія ўключэння ў склад Расіі акупаваных тэрыторый Украіны — ДНР, ЛНР, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Уладзімір Пуцін зноў папракнуў Захад, што той жадае развалу Расіі, і таму яе народ  зараз знаходзіцца на полі бою «за вялікую гістарычную краіну». Прэзідэнт Расіі паабяцаў, што ніколі не здрадзіць людзям, якія зрабілі свой выбар, а Украіну заклікаў вярнуцца за стол перамоў, але без прэтэнзій на свае законныя тэрыторыі. Рэакцыя міжнароднай супольнасці на словы і дзеянні Расіі паследавала неадкладна: краіны Захаду рашуча асудзілі  Крэмль,  ўвялі новыя санкцыі, а Уладзімір Зяленскі ў адказ заявіў, што Украіна падае тэрміновую заяўку аб уступленні ў НАТА. 

Што стаіць за гэтымі заявамі і як далей будуць разгортвацца падзеі вакол Украіны — пагаварылі з дырэктарам украінскага «Інстытута сусветнай палітыкі» Яўгенам Магдам. 

Фота: glavred.info

Спадар Яўген, сёння Уладзімір Зяленскі анансаваў тэрміновую падачу Украінай заявы па ўступленні ў НАТА. Что азначае гэты крок і як ён паўплывае на ход вайны? 

Я лічу, што гэтая заява абсалютна правільная, таму што Украіна цалкам змяніла інфармацыйны парадак дня на сёння.  Генеральны Сакратар НАТА Енс Столтенберг хутчэй за ўсе палітычна падтрымае Украіну. Але хутка чальцом НАТА Украіна не стане. Гэта аб’ектыўная рэальнасць. У НАТА зараз уваходзяць 30 дзяржаў. Зразумела, што Расія будзе працаваць з гэтымі  краінамі. Я нават не хачу кагосьці вызначаць, казаць, што тая краіна добрая, а тая — дрэнная. Гэта няправільны падыход. Гэта лагічна, калі не жадаюць прымаць у альянс краіну, якая знаходзіцца  ў стане вайны з ядзернай дзяржавай. Я прывяду толькі адзін прыклад, калі мы паглядзім на пералік дзяржаў, якія пастаўляюць Украіне зброю, мы ўбачым, што там іх не 30, а менш. Гэта пра тое, хто і як можа галасаваць па ўкраінскім пытанні ў НАТА. У цэлым, палітычная пазіцыя вызначана, вектар вызначаны, а як будзе далей — паглядзім. 

Ці можна назваць гэтае рашэнне апошнім папярэджаннем для Пуціна з боку краін НАТА? 

Ён не схільны слухаць папярэджанні. Яго ж прамова была для Захаду. Такое адчуванне, што гэта было савецкае тэлебачанне ўзору 1978-79 гадоў. Ён можа і ўзгадаў сваю маладосць, але свету ад гэтага лягчэй не стала.   

Атрымліваецца, што Захад такім чынам выказаў дадатковую падтрымку Украіне? 

Падтрымка Захаду будзе палітычнай. У сэнсе, што Столтенберг скажа: мы будзем разглядаць гэтую заяву і будзем з ёй працаваць. Але больш эфектыўная падтрымка — гэта пастаўка Украіне зброі, павелічэнне такіх паставак. З кастрычніка пачне працаваць  лэнд-ліз, і ЗША атрымліваюць дадатковую падставу, каб пастаўляць зброю для Украіны. 

Пуцін у сваім выступленні заклікаў Украіну садзіцца за стол перамоў. Ці мажліва такое развіццё падзей у цяперашняй сітуацыі? 

Вы ведаеце, ёсць цынізм, ёсць асаблівы цынізм, а ёсць прамовы Уладзіміра Пуціна. Чалавек, які абсалютна беспадстаўна развязаў вайну супраць Украіны, зараз кажа, што Украіна павінна сесці за стол перамоў пасля таго, як Пуцін канстатаваў, што ён забірае ў нас амаль 20% тэрыторыі. Гэта выглядае, як бы вы ішлі па вуліцы, вас ударылі па галаве, забралі партманэ, а потым вы з гэтым чалавекам павінны яшчэ пра штосьці дамовіцца.    

Гэты быў прадказальны крок з боку Пуціна, што ён далучыць тэрыторыі ДНР, ЛНР, Херсонскай і Запарожскай абласцей. І ці не спрабуе ён зараз замарозіць сітуацыю: маўляў, мы сваіх мэт дабіліся, давайце замарозім канфлікт на нашых умовах. А вы, краіны Захаду, прызнайце наша права на гэтыя тэрыторыі і скончым вайну. 

Ніводная цывілізаваныя краіна не прызнае тое, што можна назваць «фейкарэндум» , які быў арганізаваны і праведзены на працягу тыдня. Ніводная дэмакратычная краіна не паверыць, што такое мажліва. Тое, што Пуцін хоча замарозіць канфлікт, зусім не азначае, што таго ж самага хоча Украіна. Украіна зараз даволі паспяхова праводзіць наступальную аперацыю на ўсходзе. Слова «Ліман» у расійскіх пабліках зараз гучыць не менш, чым слова «Пуцін». І адпаведна гэта будзе вельмі адчувальна,  мы будзем бачыць рэакцыю на тое, што адбываецца. 

А як па Вашым прагнозе далей будуць разгортвацца падзеі, таму што Расія можа сказаць, што Украіна вядзе баі на яе тэрыторыі?   

Вось мы зараз з Вамі гаворым, а ў гэты час пралуналі выбухі на тэрыторыі  Крыма. Я думаю, што гэта былі выбухі вайсковага характару. То бок Украіна і раней прызнавала ўдары па тэрыторыі Крыму, яны былі яшчэ раней, падчас падрыхтоўкі да так званага рэферэндуму. Калі хтосьці чакае, што Украіна спыніцца і не будзе рухацца далей, гэта будзе як мінімум наіўна. Тры тыдні таму кіраўнік ЗСУ Валерый Залужны і парламентарый Міхайло Забродскі ў сваім супольным артыкуле аб’явілі, што нават ужыванне тактычнай ядзернай зброі не спыніць барацьбу Украіны за аднаўленне сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці.  

А ці дойдзе да прымянення тактычнай ядзернай зброі?  

Я пастаянна жыву ва Украіне, канкрэтна ў Кіеве. Як Вы думаеце: я хачу такога развіцця падзей? Зразумела, што не. Але я разумею, што ўвесь свет, і заходняя частка «ядзернага свету», ЗША, Францыя і  Вялікабрытанія, і ўсходняя — Кітай, Індыя і Пакістан — яны разумеюць, наколькі гэта небяспечна. І мне здаецца, што для іх ёсць ясным разуменне, што не можа быць такой сітуацыі. Яна проста немажліва.  

Як чалавек, які на беларускім пытанні «з’еў дранік», што Вы скажаце наконт паводзін Лукашэнкі ў гэтай сітуацыі? Ці варта чакаць новага наступлення з тэрыторыі  Беларусі? 

Лукашэнка такі хітры, што далей немагчыма. Ён хоча быць на кожным вяселлі маладым. Ён не можа пакінуць Пуціна, калі мы ўжо гаворым шлюбнымі тэрмінамі, але ўвесь час быць побач з Пуціным ён таксама не можа. Я думаю, што ён баіцца і шукае магчымасці, як яму лепш зманеўраваць.  Ці атрымаецца ў яго гэта, я не ведаю. Я не веру ў 120 тысяч расійскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі. Мне здаецца, што гэта элемент палітычнай барацьбы: я такім чынам магу патлумачыць гэтую заяву спадара Латушкі. Але па маіх ацэнках, колькасць падрыхтаваных да бою беларускіх ваенных вагаецца ў межах 10 тысяч чалавек. Улічваючы колькасць украінскай арміі, гэта не вельмі шмат. А ўлічваючы досвед расійскай арміі, яны павінны разумець, што з імі адбудзецца. Калі раптам расійская ядзерная зброя будзе размешчана на тэрыторыі Беларусі, са згоды Лукашэнкі, думаю, што гэта паскорыць завяршэнне яго палітычнай кар’еры.    

Comments are closed.