Loading

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Ліз Трас аб’явіла аб адстаўцы. Заява пададзена пасля сустрэчы прэм’ер-міністра з сэрам Грэмам Брэйдзі, старшынёй «Камітэта 1922», які прадстаўляе парламенцкую фракцыю кансерватыўнай партыі. Па інфармацыі  брытанскіх СМІ, падчас сустрэчы сэр Грэм паведаміў Ліз Трас, што яна больш не можа разлічваць на падтрымку бальшыні  ў парламенце ад кансерватыўнай партыі.

Такім чынам, Ліз Трас пабіла рэкорд самага кароткага  знаходжання на пасадзе прэм’ер-міністра краіны, які трымаўся 195 гадоў, калі ў 1827 годзе прэм’ер-міністр Джордж Канінг памёр праз 119 дзён пасля ўступлення на пасаду.

Ліз Трас прыступіла да выканання сваіх абавязкаў у пачатку верасня гэтага года. Яе галоўнай праблемай сталі спробы правядзення рэформ у сферы падаткаабкладання, якія справакавалі рэзкае падзенне фондавага рынку, нацыянальнай валюты і даверу да ўрада.

Выбары новага лідэра партыі будуць праведзены на працягу тыдня. Найбольш верагодным новым прэм’ерам  называюць былога міністра фінансаў Рышы Сунака, які прайграў Трас папярэднія выбары лідэра партыі ўлетку гэтага года.

Comments are closed.