Сустваральнік аплікацыі «Новая Беларусь» пра пілотны праект мабільнай платформы.
«Каго любіш, таму і падаткі»! Платформа «Новая Беларусь» прапануе беларусам самім вызначыць, на што пойдуць іх падаткі. Пілот праекту па лічбавым самакіраванні пройдзе ў Польшчы і Літве.
Пра тое, хто можа далучыцца да праекту і як будуць размяркоўвацца грошы тых, хто вырашыць паўдзельнічаць у новай ініцыятыве, у эфіры радыё Ўнэт распавёў сустваральнік мабільнай аплікацыі «Новая Беларусь» Яраслаў Ліхачэўскі.
Сцісла ў размове:
- Грошы – гэта паліва, на якім усё працуе ў сучасным свеце. І, напэўна, надышоў час навучыцца працаваць з гэтым палівам і выкарыстоўваць яго для таго, каб вырашаць уласныя праблемы. Многія беларусы ўмеюць карыстацца сваімі грашыма на персанальным узроўні, але, калі мы кажам пра празрыстую дэмакратычную сістэму падаткаабкладання, то тут ёсць праблемы, бо ў Беларусі мы проста не мелі магчымасці ўплываць на тое, куды могуць пайсці нашыя падаткі.
- Для пілотнага праекту мы абралі Польшчу і Літву, бо ў гэтых краінах ужо існуе механізм, у якім сплачаныя дзяржаве падаткі можна перанакіраваць на нейкую дабрачыннасць. У Польшчы – гэта 1.5%, у Літве – 1.2%. Ну і, натуральна, што ў Польшчу і Літву за апошнія некалькі гадоў з’ехала вялікая колькасць беларусаў.
- Унікальнасць нашай ініцыятывы ў тым, што мы не ведаем куды пойдуць тыя грошы, якія пералічаць беларусы-ўдзельнікі праекту. Мы не прапануем канкрэтныя арганізацыі, праграмы ці ідэі, на якія можна пералічыць падатак. Мы прапануем інструменты, з дапамогай якіх людзі могуць збіраць бюджэт і гэта, па сутнасці, бюджэт фармату мясцовага самакіравання. Пазней на адной анлайн-пляцоўцы мы абʼяднаем людзей, якія перанакіравалі свой падатак і яны праз галасаванне будуць самі вырашаць на што выдзеліць сабраны бюджэт.
- Наш праект – гэта не падтрымка існуючых ініцыятыў, гэта спроба паказаць што такое рэальная дэмакратыя. Калі людзі самі збіраюць бюджэт і самі прымаюць рашэнне, што з гэтым бюджэтам рабіць.
- Механізм удзел у пілотным праекце наступны: трэба запоўніць падатковую дэкларацыю, пералічыць адсотак на дабрачыннасць у партнёрскія ўстановы «Новай Беларусі», аўтарызавацца на сайце ці ў аплікацыі і даслаць скрын запоўненай дэкларацыі. А ў траўні ўдзельнікі праекту атрымаюць ліст на пошту і далучацца да закрытай суполкі фундатараў.
Поўную размову з Яраславам Ліхачэўскім слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.