Loading

Пасля таго, як быў вынесены прысуд журналісту і актывісту Саюза палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту Польшча пачала абмяжоўваць руху транспарту праз беларуска-польскую мяжу. Спачатку быў закрыты памежны пераход «Бераставіца – Баброўнікі», а з 21 лютага Польшча ўвяла абмежаванні на рух беларускіх грузавікоў на апошнім адкрытым пункце пропуску з нашай краінай «Казловічы – Кукурыкі». Як гэтыя абмежаванні могуць адбіцца на стане беларускай эканомікі мы спыталі ў старшага навуковага супрацоўніка цэнтра BEROC Льва Львоўскага.

Калі мы гаворым пра макраэканамічны эфект ад закрыцця канкрэтна аднаго перахода, то наўпрост макраэканамічнага эфекту не будзе. Адносна ўсіх іншых санкцыяў і астатніх праблемаў, якія ёсць у Беларусі, адзін пераход не адыгрывае такой вялікай ролі для дзяржаўнай эканомікі.

Тым не менш, гэта такі сур’ёзны сігнал – гэта ж, уласна, закрыты пераход з прычыны зняволення аднаго палітзняволенага. І мы бачым, што невялікая новая хваля ўзнялася, што і Літва можа што-небудзь зачыніць. То бок, канкрэтна ад гэтага эпізоду – тут хутчэй такія выдаткі канкрэтных бізнэсаў, якія найперш былі арыентаваныя на той закрыты пераход, якія трымалі там склады каля яго, лагістычныя кампаніі панясуць нейкія дапаўняльныя страты праз тое, што грузы даўжэй будуць прастойваць на мяжы. Але пакуль гэта сур’ёзны намёк на тое, што яшчэ не ўсе санкцыі ўжытыя і можа быць горш. Але канкрэтна ад гэтага закрыцця вялікіх наступстваў я б не чакаў.

У эфіры нашага радыё прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясніна заявіў, што абмежаванні будуць працягвацца. Калі будзе закрыты шлях праз польскую мяжу – як гэта можа паўплываць на эканамічную сітуацыю ў Беларусі?

У нас будуць больш дарагія тавары. У нас частку тавараў перасталі імпартаваць. Гэта не азначае, што мы скатваемся да сітуацыі ўмоўнай Венесуэлы ці краінаў «трэцяга свету» – беларусы не галадаюць і не будуць галадаць, і ёсць, што апранаць. Але так – паступова цэны будуць расці. Асабліва на заходнія тавары. І асартымент гэтых тавараў будзе меншы.

Павінен працягнуцца супольны з Расіяй пакет санкцыяў з боку Еўрапейскага саюза. Як гэтыя санкцыі паўплываюць на эканамічную сітуацыю ў Беларусі?

Мы пра яго пакуль нічога не ведаем. Насамрэч, ва ўцечках інфармацыі, інсайдах, якія расказвалі пра гэты пакет, іх можна інтэрпрэтаваць нават так, што там разглядаліся нейкія паслабленні для Беларусі. Але пра нейкія пагаршэнні сітуацыі для Беларусі мы мала ведаем. Я асабіста чакаю, што там не будзе ніякіх сур’ёзных зменаў. Магчыма, на нейкія яшчэ пару бізнесаў накладуць яшчэ нейкія санкцыі. Але, мяркуючы з усяго, гэты пакет не будзе несці нейкай асаблівай ролі ні для Расіі, ні для Беларусі.

Як на Вашу думку, ці санкцыі падштурхоўваюць Лукашэнку ў залежнасць ад Расіі?

Гэта не санкцыі прымушаюць Лукашэнку ісці на саступкі Расіі. Гэта дзеянні Аляксандра Лукашэнкі адначасова выклікаюць і санкцыі, і тое, што яму даводзіцца аддаваць частку суверэнітэту Беларусі Расіі ў абмен на грошы. Казаць, што санкцыі прымушаюць рэжым збліжацца з Расіяй – тое самае, што там, казаць, што паліцыя, якая ловіць злачынцу, прымушае яго збліжацца з іншымі злачынцамі ў турме.

Гэта і ў першую, і ў апошнюю чаргу дзеянні Аляксандра Лукашэнкі: ён абраў такім чынам падаўляць пратэсты ў Беларусі, ён абраў такі маштаб рэпрэсіяў, ён абраў парушаць міжнароднае заканадаўства ў сферы ўгону самалёта і гібрыднай атакі на мяжу з Польшчай і Літвой, ён абраў надаць Расіі беларускую тэрыторыю для атакі на Украіну. І так – гэтыя дзеянні і прыводзяць яго да большага зрошчвання з Расіяй.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.