Loading

28 верасня выходзіць кніга журналіста газеты Rzeczpospolita Руслана Шошына «Ледаколка Святлана Ціханоўская». Аўтар кнігі распавёў пра яе ідэю і невядомыя дагэтуль падрабязнасці падзей 2020 года і рысы партрэту Ціханоўскай.

Фота: facebook.com/ruslan.sosyn

Ідэя кнігі ўзнікла пасля таго, як Руслан правёў некалькі інтэрв’ю з Ціханоўскай. Цягам размоў, якія тычыліся галоўным чынам беларускай палітыкі, рэпрэсій і санкцый, у яго ўзнікла думка паглядзець шырэй на асобу Святланы, пашукаць у ёй вобраз чалавека, пра які мала гавораць у медыях.

Журналіст выйшаў на кантакт з Ціханоўскай адразу пасля яе выхаду ў палітычную прастору. Шошын адзначае, што нягледзячы на палітычны рост і пэўную трансфармацыю асобы праз падзеі 2020 года, лідарка беларускага пратэсту захоўвае свае асноўныя персанальныя якасці:

«Асабіста я заўважыў, што Святлана Ціханоўская не пазбавілася такіх рысаў характару, як праўдзівасць, чалавечнасць, шчырасць і адкрытасць. Свет палітыкі даволі штучны, людзі ў ім часта гавораць не тое што думаюць. Тое, як Ціханоўская навучылася палітыцы, дыпламатыі, міжнародным зносінам, усе яе дасягненні на міжнароднай арэне за такі хуткі час, асабліва ў параўнанні з тым, чаго дасягнуў Лукашэнка за 28 гадоў, гэта, безумоўна, велізарны крок наперад. Але калі казаць пра гэтую чалавечнасць, натуральнасць, то з такога пункту гледжання Святлана Ціханоўская застаецца сабой, не ператвараецца ў палітыка дзеля палітыкі, і гэта галоўная рыса яе характару».

Кніга Руслана Шошына — своеасаблівы рэпартаж, спроба паказаць навейшую гісторыю Беларусі пасля абвяшчэння незалежнасці вачыма спачатку дзяўчыны, а потым жанчыны Святланы Ціханоўскай, каб замежны чытач мог уявіць сабе, што такое Беларусь. Гэта шматгаласовае апавяданне, дзе прысутнічаюць розныя погляды на асобу і дзейнасць палітыка, як крытычныя, так і ўзнёслыя, але галоўным для журналіста было адлюстраваць рэчаіснасць, паказаць шлях, які прайшла Ціханоўская, і тое, як ён яе змяніў.

Аўдыторыя кнігі найперш палякі, але выданне мусіць быць цікавае і беларускаму чытачу, бо пераважная большасць таго пра, што напісана ў кнізе, адсутнічае ў вікіпедыі ці ў агульнадаступных крыніцах.

Comments are closed.