Loading

З якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы падчас легалізацыі ў розных краінах? Як Офіс Святланы Ціханоўскай дапамагае гэтыя праблемы вырашаць і якія прынцыповыя рашэнні ўжо прыняты па беларусах? А таксама ці ёсць у Офіса план, што рабіць з беларусамі, якіх рэжым Лукашэнкі можа пазбавіць грамадзянства – радыё Ўнэт пагаварыла з дарадцай па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай Крысцінай Рыхтэр.

Пачнем нашую размову з навін, што прыходзяць з Мінска: там стварылі камісію па вяртанні эміграваўшых. На Вашую думку, чаму мы не даем спакою Лукашэнку?

Мне заўсёды цяжка аналізаваць, што адбываецца ў галаве Лукашэнкі і людзей з таго боку, але мне падаецца, што ўсе ж такі ёсць нейкі ўплыў на ўнутраныя працэсы ў Беларусі, бо ўнутры краіны прасцей кантраляваць людзей, чым за мяжой.

А як варта ставіцца да такіх прапаноў?

Якія ўмовы гэтага вяртання? Гэта не нейкая прававая працэдура і зараз гэта выглядае так: даведайцеся, якія да вас ёсць прэтэнзіі з боку дзяржавы, пакайцеся і прыязджайце. І на што потым скардзіцца, калі вы верніцеся, а вас арыштуюць. Досвед апошніх месяцаў паказвае, што такія абяцанні не працуюць. Была ў адкрытых крыніцах інфармацыя, што 58 чалавек затрымана пасля вяртання ў Беларусь. І гэтая лічба будзе павялічвацца. Бо людзі вяртаюцца, ім падаецца, што прайшоў доўгі час, да іх не прыходзілі ці быццам бы пра іх забыліся, але яны ёсць у нейкіх спісах і іх затрымліваюць. Таму пытанне, верыць ці не гэтым абяцанням, гэта ўвогуле не пытанне, бо ніколі рэжым Лукашэнкі нічога праўдзівага не казаў.

Вяртаючыся да тэмы нашай размовы пра дыяспары, як зараз у Офіса Святланы Ціханоўскай наладжана супраца з дыяспарамі? Па Вашым профілі?

Першыя крокі любога чалавека – гэта пытанні легалізацыі ў той ці іншай краіне. Але гэта не тыя пытанні, з якімі да мяне можна асабіста звяртацца і я буду вырашаць іх для кожнага асобнага чалавека. Мы працуем з сістэмнымі праблемамі. Гэта стварэнне ўмоў, каб у беларусаў была гуманітарная магчымасць атрымаць візы ці віды на жыхарства. Па-другое, гэта пытанні звязаныя з магчымасцямі на рынку працы ці магчымасцямі адкрыць свой бізнес, бо гэта таксама залежыць ад падстаў атрымання відаў на жыхарства. Таксама гэта розныя пытанні з дакументамі: што рабіць, калі скончыўся пашпарт ці чалавек яго згубіў, праблемы апастылявання. Калі праблема становіцца масавай, то мы вядзем перамовы з урадамі, каб палепшыць умовы для беларусаў у розных краінах. Я больш займаюся гэтымі пытаннямі ў Польшчы, вяду перамовы з дзяржаўнымі органамі Польшчы.

А палякі ідуць насустрач?

Так, безумоўна, бо Польшча, як і Літва, нашыя бліжэйшыя суседзі і тыя, хто прыняў у сябе большасць беларусаў, таму разуменне ёсць і праблемы вырашаюцца. Гэта заўсёды перамовы: што яны могуць даць і якія ў нас ёсць патрэбы. Варта разумець, што вялікая колькасць пытанняў патрабуе змен у заканадаўства, часта мы спрабуем знайсці кампраміс, каб не ўносіць такіх змен, але бываюць выпадкі, калі без гэтага не абысціся. Мы захавалі да гэтага часу магчымасць атрымання гуманітарных віз беларусамі і відаў на жыхарства па гуманітарных абставінах, бо з пачатку вайны была вялізная рызыка страціць гэтую магчымасць з-за таго, што Беларусь з’яўляецца суагрэсарам у гэтай вайне. Офісам была праведзена вялізная праца, каб гэтыя магчымасці для беларусаў захаваць.

Беларусамі ва Украіне вы займайцеся?

Яны звяртаюцца. Але трэба разумець украінскі кантэкст, што нават з 2020 года было вельмі складана весці перамовы з украінскай уладай наконт зменаў у заканадаўства адносна легалізацыі беларусаў. Адпаведна з пачатку вайны сітуацыя пагоршылася. Мы спрабуем дапамагаць людзям, які там сутыкаюцца з праблемамі, але варта разумець, што ў кожнай краіне ёсць свае нацыяльныя працэдуры, які чалавеку самастойна трэба выконваць, каб нешта атрымалася з яго легалізацыяй.

Вялікая беларуская дыяспара зараз у Грузіі, ці звяртаюцца мясцовыя беларусы да Вас і па якіх пытаннях?

З Грузіяй яшчэ больш складана, чым з Украінай, бо чаму выбіралі гэтую краіну? Там не трэба было думаць пра нейкія пытанні легалізацыі: на тэрыторыі Грузіі беларусам можна знаходзіцца ўмоўна кажучы 364 дні, потым выехаць, атрымаць штамп у пашпарт і надалей знаходзіцца ў Грузіі. Спачатку пытанняў не ўзнікала, бо людзі былі задаволены, што не трэба ВНЖ рабіць, але зараз некаторыя пачалі задумвацца аб легалізацыі там. Да нас звярталіся, бо былі праблемы з адкрыццём рахункаў у банках. Не буду лукавіць, але насамрэч з Грузіяй вельмі цяжка дапамагчы, бо гэта і пытанні сувязі з іх уладамі, паколькі краіна не з’яўляецца членам ЕС, у якім ёсць органы больш высокага ўзроўню, дзе можна паразмаўляць і гэтыя органы даюць рэкамендацыю для краін.

А як па вашым уражанні, ці існуе «праблема беларускага пашпарту» пасля 24 лютага 2022 года?

Гэта ў асноўным прыватныя выпадкі. Бо калі казаць пра нейкую дыскрымінацыю ўсеагульную, то я не ведаю ніводнай краіны ў ЕС і агулам, дзе б на заканадаўчым узроўні было замацавана «а для беларусаў умоў няма». Гэта было б ужо дыскрымінацыяй з боку канкрэтнай дзяржавы. Зразумела, што краіны ЕС робяць пэўныя крокі, каб абараніць сябе ад тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, каб яны не пераводзілі свае сродкі ці самі з’язджалі ў тую ці іншую краіну. На бытавым узроўні гэтая праблема існуе, але для нас гэта зараз вялікі выклік–паказаць сусветнай супольнасці, што рэжым Лукашэнкі і беларусы гэта не адно і тое ж.

А як Вы ацэньвае верагоднасць таго, што «палітычных» мігрантаў пачнуць пазбаўляць беларускага грамадзянства. І якія ў Офіса ёсць варыянты дзеянняў на такі выпадак?

Згодна з гэтым змененым заканадаўствам, там не напісана «палітычных», там напісана пра людзей, якія павінны знаходзіцца па-за межамі Беларусі і па якіх павінна быць рашэнне суда па адным з экстрэмісцкіх артыкулаў. Зразумела, што не ўсе людзі падпадаюць пад гэтыя крытэрыі, хоць правесці нейкі судовы працэс і прыняць такое рашэнне для Беларусі зараз не праблема. Па-другое, рашэнне па гэтым пытанні будзе прымаць Лукашэнка, таму мне падаецца, што на першым этапе гэта не будзе насіць масавы характар, а будуць адзінкавыя выпадкі ў дачыненні да нейкіх медыйных асоб.

Пра практычныя крокі пасля пазбаўлення грамадзянства. Ёсць палітычны бок гэтага пытання. Кожны чалавек, які будзе пазбаўлены грамадзянства, павінен разумець, што ён павінен дзейнічаць на падстве заканадаўства краіны знаходжання. Да прыкладу, у Польшчы ёсць ужо палітычная дамоўленасць, што польскі бок не прызнае ўсе рашэнні Лукашэнкі, то бок рашэнне аб пазбаўленні грамадзянства прызнавацца не будзе. Ёсць прававы бок пытання, які тычыцца так званых праязных дакументаў у той ці іншай краіне. Такім праязным дакументам з’яўляецца пашпарт, і значыць ён перастае дзейнічаць, калі чалавека пазбаўляюць грамадзянства. У такім выпадку, што тычыцца Польшчы, можна атрымаць падарожны дакумент іншаземца і з ім ужо ездзіць у іншыя краіны.

У Літве таксама такая магчымасць ёсць.

Так. Але ў Літве ёсць праблема больш фармальнага кшталту: такі праязны дакумент выдаецца толькі, калі ў чалавека ёсць дзеючы пашпарт Беларусі і на час дзеяння гэтага асноўнага пашпарта. І калі беларускі пашпарт будзе скасаваны, патрабуецца таксама нейкая сістэма верыфікацыі грамадзян. Над гэтым зараз працуе Офіс, калі чалавек можа звярнуцца да нас, а з нашага боку мы проста даем нейкую паперу, што ён з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і ён падпаў пад працэдуру пазбаўлення грамадзянства.

Поўную размову з Крысцінай Рыхтэр слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.