Сузаснавальніца праекта «Кніжны воз», былая акторка трупы «Купалаўцаў» Крысціна Дробыш разам з Кацярынай Ваданосавай і Марыяй Грыц запусціла ток-шоў «Трэба пагаварыць». Думка ў тым, што перажыць балючы досвед прасцей, абмеркаваўшы і прагаварыўшы яго разам. Чаму гэта так важна – агучваць свой боль? І як спраўляцца з сюрпрызамі, што падкідвае табе жыццё? Паразмаўлялі пра гэта з Крысцінай у нашым эфіры.
— Як вы адчуваеце сябе ў новых рэаліях?
— Я ўвесь гэты час спрабую зразумець, хто я, бо прывыкла быць акторкай «Купалаўскага», а зараз у вольным плаванні ўпершыню за шмат гадоў. Непрывычна, але цікава, спазнаю межы сваёй прасторы і свабоды.
— Ваша праца завязаная на беларускую рэчаіснасць?
— Так, усё, што я раблю, для беларусаў і Беларусі. Я працую як рэдактар, часткова адбіраю матэрыял разам з камандай «Кніжнага возу». У нас цяпер нарадзіўся супольны праект з audiobooks.by — «Мова 404» Аліны Нагорнай. Мы прымалі заяўкі ад усіх жадаючых агучыць кнігу. Спадзяюся, хутка ўжо скончым праслухоўванні і пачнем запіс.
— У сённяшніх рэаліях немагчыма не дбаць пра ахоп, каб нешта распаўсюджваць. Як знайсці баланс паміж «разумным-добрым-вечным» і тым, што «зойдзе» аўдыторыі?
— Ёсць сацсеткі, і я лічу, што гэта прастора не для рэкламы, а для размовы. Там мы распавядаем пра нашыя новыя кнігі, праекты. Канешне, хацелася б, каб нас лайкалі і рэпосцілі, але ж зразумела, што кніга — гэта не нейкі кліп ці песня. Кніга даўжэй і цяжэй для ўспрымання, таму мы разумеем, што не атрымаем тысячы лайкаў, але намагаемся заставацца шчырымі ў размове і ўкладваць душу ў кожны сказ. Хочацца, каб усё гэта было для людзей.
— Ці не з гэтага жадання вынікла вашае «жаночае» ток-шоў? Дарэчы, ці можна яго так назваць?
— З жанрам мы пакуль не вызначыліся, яшчэ вывучаем глебу. Для мяне гэта зусім новае рэчышча, раней я ніколі не працавала ў кадры як вядоўца. Але я вызначыла, навошта гэта раблю і чаму гэта патрэбна менавіта цяпер. Часам, калі прагаворваеш словамі нейкія цяжкія рэчы ўнутры, нават відавочныя, становіцца лягчэй. Калі нехта іншы гэта чуе і разумее, што ён не адзін, становіцца яшчэ лягчэй. Мяне гэты падыход ратаваў у 2020, у 2022 пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, ды і ў шмат якіх складаных сітуацыях. Неяк так мы і сабраліся, тры абсалютна розныя жанчыны, якім ёсць пра што пагаварыць і паспрачацца. Але перадача не толькі жаночая. Яна пра агульнае, чалавечае.
— Як выглядае сінопсіс праграмы, якая ў ёй доля імправізацыі?
— Ёсць тэзісны план, каб не развесці размову на 4 гадзіны, бо ёсць час эфірны і час здаровага ўспрымання размовы. Але асноўная ў нас імправізацыя. Калі ў студыі пачынаецца спрэчка, можаце быць упэўненыя: усё рэальна.
— А ў паўсядзённым жыцці наколькі вам важна выказвацца? Ці ёсць людзі, гатовыя вас выслухаць, а галоўнае — зразумець?
— Я хаджу да псіхатэрапеўта. Часам нават адна размова можа дапамагчы разабрацца ў гэтых «паехаўшых рэйках». Мне гэта важна, я прытрымліваюся пазіцыі, як было ў вершы: «у хвіліны маўчання нараджаюцца ворагі». Таму я хачу гаварыць. Мне вельмі важна менавіта словамі выбудаваць нейкую логіку сваіх учынкаў і пачуццяў. Дарэчы, досвед цікавы — зараз мая тэрапія адбываецца па-беларуску.
— Калі вы рэкламавалі свой новы праект, у адным з пастоў напісалі, што ў любой незразумелай сітуацыі «качаеце прэс». А наколькі для вас увогуле важна падтрымліваць фізічную форму ў сённяшніх рэаліях?
— Я лічу, што фізічная актыўнасць часам адключае галаву, пераключае ад патоку думак. Для мяне гэта частка тэрапіі, і вельмі добра адчуваць, што цела ў тонусе. Я магу працаваць галавой, калі маё цела спакойна.
— З якімі думкамі вы прачынаецеся? Можаце нешта параіць нашым слухачам?
— Па-першае, усё будзе добра, у крайнім выпадку — ніяк. Калі становіцца зусім дрэнна, я заўсёды думаю, што гэта можа быць апошні дзень. Ніколі ж не ведаеш, калі апошні раз ударыцца тваё сэрца. Таму трэба даць сабе магчымасць пажыць. Хаця б гадзіну на дзень.
Comments are closed.