Loading

Закрытае ў Расіі выданне «Новая газета» паведамляе пра тое, што яе крыніца ў Міністэрстве абароны Расіі сцвярджае, што ў засакрэчаным – сёмым, пункце ўказа Пуціна аб абвяшчэнні ў Расіі так званай частковай мабілізацыі гаворка ідзе пра магчымасць прызыву падчас мабілізацыі да аднаго мільёна чалавек.

21 верасня расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб абвяшчэнні ў Расіі так званай частковай мабілізацыі. Пазней у сваім інтэрв’ю міністр абароны гэтай краіны Сяргей Шайгу назваў лічбу ў 300 тысяч чалавек, якіх плануецца прызваць у войска. На гэтае інтэрв’ю спаслаўся і прэсавы сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, калі яго спыталі пра колькасць тых, каго збіраюцца мабілізаваць.

Але зараз расійскія журналісты сцвярджаюць, што ананімная крыніца ў Міністэрстве абароны паведаміла ім, што лічбу некалькі разоў выпраўлялі і спыніліся на мільёне, вырашыўшы надаць гэтаму пункту грыф «Для службовага карыстання». Пры гэтым неназваная крыніца паведаміла, што Мінабароны хацела засакрэціць увесь указ. Але ў выніку вырашылі накласці абмежавальны грыф толькі на той пункт, у якім ідзецца пра колькасць мабілізуемых.

Расійская прапаганда цягам усёй актыўнай фазы расійска-ўкраінскай вайны сцвярджае, што ў яе нязначныя страты жывой сілы – крыху больш за 5 тысяч вайскоўцаў. Але пасля абвяшчэння мабілізацыі і агучвання лічбы ў 300 тысяч чалавек у расійскіх сацсетках каментатары пачалі задаваць пытанні навошта пры такіх нязначных стратах столькі прызываць.

Comments are closed.