Не ўсе беларускія бізнэсоўцы ставяцца адназначна да сітуацыі на мяжы. 11 траўня ў Варшаве адбылося ўрачыстае аб’яўленне вынікаў Першага конкурсу Free Belarus Business Award. Падчас яго нам удалося атрымаць каментар прадстаўніка адной з варшаўскіх лагістычных фірмаў. Ён лічыць, што сітуацыя цалкам зразумелая, мясцовыя перавозчыкі, паводле яго меркавання, проста бароняць уласны рынак. Ён таксама звярнуў увагу не пэўную нераўнавагу ва ўмовах працы польскіх і ўкраінскіх перавозчыкаў, што, паводле слоў нашага суразмоўцы і было першапрычынай незадавальнення польскіх перавозчыкаў. Як і папярэднія нашыя суразмоўцы па гэтай тэме, ён пажадаў застацца ананімным.
— Інтарэсы абараняюцца найперш мясцовых лакальных перавозчыкаў. І, у прынцыпе, гэта лагічна, таму што на сваім рынку кожны змагаецца за свой «кавалак хлеба». Так было і ў даваенныя часы, калі кожнае з таварыстваў перавозчыкаў – беларускі АСМАП, польскі ZMPD і гэтак далей, змагаліся за кантынгент дазволаў на праезд праз дадзеную тэрыторыю, кожны перацягваў коўдру на сябе. Што да колькасці зарэгістраваных кампаній, мы на тых жа біржах грузаў бачым валавы прырост украінскіх кампаній-аднадзёнак, дзе зарэгістраваны адзін чалавек. Гэта ІП, гэта, магчыма, кіроўца-перавозчык. Яны рэгіструюцца ў нейкім лагістычным нават не цэнтры, а ў нейкім віртуальным офісе, іх там 50 пад адным адрасам у лепшым выпадку, а то і 500. У яго няма выдаткаў ні па супрацоўніках, ні па ліцэнзіях. Яны ездзяць без страхоўкі і гэтак далей.
— Ці сапраўды мае месца такі надзвычайна вялікі прырост беларускіх фірм у польшчы, аб якім кажуць польскія перавозчыкі?
— Асноўны прырост ёсць па ўкраінскіх прадпрыемствах. І пад гэта падцягваюцца таксама беларускія кампаніі. Вялікія гульцы, топ-5 беларускіх перавозчыкаў, якія вазілі зборныя грузы і камплектныя грузы з Еўропы ў Беларусь, яны проста перарэгістравалі прычэпы на Казахстан, на Польшчу. Перанеслі проста цэнтр цяжкасці і без праблем функцыянуюць, возяць кантрабанду. Пад Варшавай ёсць шэраг такіх складоў, аб якіх усё ведаюць у нашай галіне. Мне здаецца, усё ж такі, што беларускіх перавозчыкаў радыкальная меншасць з новапрыбылых. Мы бачым, што тыя, з якімі мы ездзілі, беларускія перавозчыкі, і мы плацілі ім у Брэст у Мінск, Магілёў і Гродна, яны зараз зарэгістраваны ў Бялай Падлясцы, у Беластоку, у Сувалках і гэтак далей. Я думаю, што калі паглядзець статыстыку, то там прырост проста вялізны, але іх, так ці інакш, меншасць. На маю думку, каталізатарам дадзенага руху зʼяўляліся ўсё ж такі ўкраінскія перавозчыкі, якія без якіх-небудзь абмежаванняў уваходзілі на польскі рынак перш за ўсё як на буферны рынак паміж Еўрасаюзам і Украінай. Паколькі беларускім прадпрымальнікам няма неабходнасці прымаць свае шэрагі польскіх прадстаўнікоў, а гэта патрабуецца ва Украіне, яны могуць нават анлайн стварыць любую кампанію, стварыць яе ўнутры сябе і яны проста рэгіструюцца тут для таго, каб выконваць мясцовыя аперацыі. У іх (украінцаў) машыны класа Еўра-1, Еўра-2. Гэта іншыя выдаткі. З польскіх перавозчыкаў патрабуюцца машыны не менш за клас Еўра-4. Гэта машыны на ўзровень даражэй, чым старыя DAF-ы і MAN-ы. Украінцы прыязджаюць літаральна на ўсім. Яны пад мікрааўтобус падчапляюць вялікі прычэп і вязуць тавар. Павінна быць люстрана, на маю думку. Калі ўкраінскія прадпрымальнікі могуць адчыняць тут кампаніі без абмежаванняў, гэта павінна быць дапушчальна таксама для польскіх прадстаўнікоў, польскіх прадпрымальнікаў. Таму пачалося ўсё з гэтага. А вось услед за гэтым ідзе яшчэ дадаткова, ксенафобія да беларускіх, паколькі ёсць вялікая дэзінфармацыя, шмат вельмі ўкідаў на тэму ўдзелу беларускай дзяржавы ў вайне, будзем казаць наўпрост. Польская, еўрапейская супольнасць не да канца разумее ўдзел беларускага насельніцтва. Няма тлумачальнай працы і ўсе ідуць пад адну грабяню. Рускія ёсць рускія, а беларускія – ну яны тамака побач, яны ўсе заадно, іх ужо Расея паглынула.
— А якая насамрэч сітуацыя сярод беларускіх перавозчыкаў, як яны ставяцца да геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне?
— Я не сустрэў за апошнія гады ніводнага беларуса, які вымушана ці нявымушана рэлацыраваўся, які б падтрымліваў рэжым або падтрымліваў бы ваенныя дзеянні ў адносінах да суседа.
— У адным з папярэдніх каментароў нам паведамілі, што забарона дзейнасці прычэпаў з беларускай рэгістрацыяй немагчымая праз немагчымасць перагрузкі некаторых грузаў. Вы можаце пацвердзіць гэтую інфармацыю?
— Часткова гэта так, ёсць некаторыя катэгорыі тавараў скорапсавальных – жывёлы, фармацэўтычныя тавары, якія патрабуюць асаблівых умоў пры перагрузцы. Я ведаю польска-беларускую мяжу і не бачу лагістычных цэнтраў, у якіх можна захоўваць тэмпературны рэжым і перагрузіць тыя ж фармацэўтычныя прадукты. Але па польскім баку такія лагістычныя цэнтры ёсць. То бок, калі б гэта было валявое рашэнне бакоў, то гэта было б магчыма. На дадзены момант палякам, Еўразвязу няма з кім дамаўляцца. Беларускія ўлады альбо маўчаць, альбо даюць адмовы, адхіляюць якія-небудзь запыты. Нельга казаць увогуле ні пра якія праекты. Працуе адзін памежны пераход, на яго ідзе ўвесь рух. Таму, пакуль, тэхналагічна гэта магчыма часткова, арганізацыйна і адміністрацыйна гэта немагчыма і з трэцяга боку – няма ніякага жадання гэта рабіць.
Comments are closed.