26 верасня ў Сочы прайшла сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Гэта была сёмая «расійская» камандзіроўка Лукашэнкі з пачатку года. На гэты раз Пуцін прапанаваў падумаць, «як будзем жыць далей», Лукашэнка заўважыў, што «пераможам, бо іншага выйсця няма». І хоць інфармацыя пра сустрэчу абмежавалася афіцыйным пратаколам, паспела прагучаць і пра Еўропу, якой «без Расіі нікуды», і пра тое, што эканоміка пад санкцыямі пакуль трымаецца, але зняць блакаду з калійных угнаенняў дакладна б не перашкодзіла. Лукашэнка спрабаваў супакоіць Пуціна, што масавыя ўцёкі грамадзян за мяжу — гэта нічога страшнага. Маўляў, у яго ў самога выехала пасля 2020 года некалькі тысяч, і зараз ужо ўсе просяцца дадому. Але асноўны дыялог Пуціна да Лукашэнкі прайшоў без мікрафона і без камер. Як адрэагуе на прапановы Крамля беларускі рэжым, стане вядома ў бліжэйшы час. Беларуска-расійскія стасункі на восьмым месяцы вайны абмяркоўваем з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім.
Насуперак усёй рыторыцы ніякай шчырасці ва ўзаемаадносінах Пуціна і Лукашэнкі няма, яны адзін аднаму не давяраюць. Але лёс двух дыктатараў такі, што яны скаваны адным ланцугом, асабліва пасля 24 лютага, калі Пуцін напаў на Украіну, а рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам гэтай агрэсіі.
У Сочы Лукашэнка з аднаго боку раскручваў гэтую ваяўнічую рыторыку, што мы, маўляў, «гордыя славяне» і «калі нас не будуць паважаць, мы с Захадам не будзем нават і размаўляць». А з іншага боку паступае інфармацыя, што міністр замежных спраў Уладзімір Макей, калі быў у Нью-Ёрку, у кулуарах сесіі Генеральнай Асамблеі меў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Еўрасаюза і ЗША, і там, мяркуючы па ўцечках інфармацыі, спяваў зусім іншыя песні: трэба ратаваць Беларусь ад расійскай экспансіі, бо нас паглынуць, правядуць рэферэндумы. Прагучала, што Беларусь гатова пакрысе выпускаць і палітвязняў. Таму беларускі рэжым стараецца, па-ранейшаму, гуляць на двух вектарах. На беларускую эканоміку ціснуць санкцыі, і на гэтым фоне Лукашэнка хацеў бы размарозіць кантакты з Захадам.
«Бар’ер для уваходжання ў новы дыялог з Еўрасаюзам і Вашынгтонам цяпер, як ніколі, высокі. Гэта для Лукашэнкі нерэальная задача, але будуць спрабаваць размякчыць Захад, сыграць на яго фобіях і супярэчнасцях».
Ад Масквы Лукашэнка спяшаецца ўрваць нейкую фінансава-эканамічную дапамогу, бо ён разумее, што ў сувязі з эскалацыяй вайны рэсурсаў у Крамля будзе ўсе менш і менш. Таму ён пад выглядам імпартазамяшчэння хоча атрымаць нейкія грошы.
З іншага боку, яго задача — адкруціцца ад прапановы паслаць свае войскі ва ўкраінскую мясарубку, не ўліпнуць яшчэ глыбей у ваенную аванцюру. Гэта цяжкая задача.
Поўную размову з з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.