Loading

Беларуская арганізацыя ў Празе Prague Support Team праводзіць на сваёй базе вышкалы па асновах тактыкі, арыентавання, тыпаграфіі, баявой медыцыны і іншых вайсковых кірунках. 

Кіраўнік арганізацыі і стваральнік падраздзялення аэравыведкі палка «Пагоня» Кірыл Якімовіч у эфіры «Світанку свабоды» распавёў, колькі каштуе вышкал у «Паспалітым Рушэнні» для аднаго курсанта, за чый кошт гэта адбываецца і навошта.

«Паспалітае рушэнне» Кірыл Якімовіч называе прыкладам гарызантальных узаемаадносін. Вялікая колькасць беларусаў, з’ехаўшых праз пераслед з краіны, зараз аб’ядноўваюцца ў групы і займаюцца вайсковай ці калявайсковай падрыхтоўкай.

Пражская каманда з сакавіка займаецца падрыхтоўкай груп добраахвотнікаў. Гледзячы на рост попыту на вайсковы вышкал, яны вырашылі аб’яднацца з іншымі аднадумцамі пад патранатам Пераходнага Кабінету і Валера Сахашчыка.

Зараз вядзецца падрыхтоўка да стварэння на базе Кабінету адпаведнай спартова-патрыятычнай арганізацыі.

 «У кожнай краіне Еўропы такія арганізацыі існуюць. Яны садзейнічаюць абароназдольнасці краіны» .

Беларусь зараз акупаваная, таму ўсе нашыя думкі вакол яе вызвалення. Не выключаем і магчымасці ўзброенага процістаяння таму беззаконню, што адбываецца ў Беларусі.

Беларусы зараз кажуць, што ў наступны раз, калі на нас пойдуць з дубінамі, мы не будзем здымаць абутак і станавіцца на лаву, мы будзем бараніць сябе са зброяй.

Пасля абвяшчэння кіраўніком ByPol Аляксандрам Азаравым стварэння беларускіх харугваў для рэалізацыі плана «Перамога» каманда Кірыла Якімовіча падрыхтавала на сваёй польскай базе ўжо пяць каманд ад ByPol.

Але пакуль няма паразумення, як харугвы і Паспалітае рушэнне маглі б аб’яднацца, бо ByPol выстройвае сістэму вертыкалі і падпарадкавання ў сістэме харугваў. Рушэнне, наадварот, аб’ядноўвае асоб і групы па гарызантальным прынцыпе адносін.

У ByPol яшчэ высокі ўзровень сакрэтнасці і праверкі ўдзельнікаў груп праз паліграф і інш. Рушэнне ставіць перад сабой задачу сфармаваць грамадскую арганізацыю, а не вайсковыя падраздзяленні. Тым больш, што гэта і немагчыма, калі ты жывеш на тэрыторыі іншай краіны.

Таму займацца вышкалам у «Паспалітым рушэнні» можа любы чалавек, любога ўзросту.

Наколькі гэта дорага

Калі вы замовіце падобны вышкал з інструктарам у краіне вашага знаходжання, то гэта будзе каштаваць да тысячы даляраў за дзень. Таму што гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты і вялікія выдаткі на тыя ж патроны. 

«Я заўсёды кажу хлопцам, каб стралялі метка, бо кожны патрон каштуе як бутэлька піва».

У нас жа свой навучальны цэнтр, дзе людзі жывуць і харчуюцца. Ёсць дамоўленасці з польскімі ўладамі на выкарыстанне палігонаў і стрэльбішчаў. Таксама спецыяльныя кошты на боепрыпасы. Тады гэта зусім іншыя грошы.

Калі да нас звярнуўся Азараў, то ён думаў, што вышкал дзесяці байцоў каштуе 25 тысяч даляраў. І калі вы захочаце самастойны пашукаць, то такія цэны вам і назавуць. У нас жа экіпіроўка, сродкі абароны слыху і зрок, медыцынскія трэнажоры і г.д. агулам будуць каштаваць каля 600 еўра на чалавека.

Фінансуецца Рушэння з ахвяраванняў беларусаў, уласных коштаў і дапамогі некаторых беларускіх палітыкаў. У Пераходнага кабінета на гэты пакуль сродкаў няма, затое дапамагла аплаціць вучобу ахвочым арганізацыя Паўла Латушкі.

Для курсантаў навучанне бясплатнае. Апроч таго, яны забіраюць у падарунак камплект формы, у якой трэніраваліся. Калі набыць такую ў краме, будзе дорага.

Як полк «Пагоня» прадстаўлены ва Украіне

Некалькі нашых груп зараз ваююць у складзе групы Бабуна пад Бахмутам. Ёсць невялікая група ў складзе батальёну «Тэрор». Асобная група зараз удзельнічае ў стварэнні другога іншаземнага легіёну. І група аэравыведкі нядаўна далучылася да палка Каліноўскага. Гэта, дарэчы, вельмі добрае і знакавае рашэнне ў гісторыі беларускага добраахвотніцкага руху.

Зараз у «Паспалітым рушэнні» працуюць два інструктары — адзін з Пагоні, другі з палку Каліноўскага. Таксама галоўны медык каліноўцаў выкладала для курсантаў медычную падрыхтоўку.

Польскі жалезны крыж

Нядаўна Кірыл Якімовіч і два інструктары атрымаў недзяржаўную ўзнагароду — Польскі жалезны крыж. Гэтая адзнака надаецца старой і ўплывовай польскай арганізацыяй «Ліга абароны краю» за ўнёсак ва ўмацаванне абароназдольнасці Польшчы і Еўропы.

Попыт на тактычную вайсковую падрыхтоўку зараз вельмі вялікі, таму наборы курсантаў закрытыя. Магчымасці каманды Якімовіча пакуль абмежаваныя. Таму яны разлічваюць на фінансавую падтрымку, каб ахапіць як мага больш ахвочых прайсці курс маладога байца.

Comments are closed.