У панядзелак пачаўся суд над пяццю былымі супрацоўніцамі медыя парталу TUT.BY.

18 траўня 2021 года ў рэдакцыі парталу і ў дамах некаторых супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. 15 чалавек, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава і генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, былі арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар. Золатава і Чэкіна дагэтуль застаюцца ў СІЗА, астатнія адпушчаныя пад розныя ўмовы.

20 кастрычніка 2022 года Марына Золатава, Людміла Чэкіна, а таксама яшчэ дзве былыя супрацоўніцы – Вольга Лойка і Алена Талкачова былі ўнесеныя ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Сузаснавальнік парталу TUT.BY Кірыл Валошын пракаментаваў расправу над калегамі.
Нічога добрага ад гэтага суда мы не чакаем і спадзеваў ніякіх няма. Па іншых падобных судах мы бачым, як ворагі дыктатуры «узнагароджваюцца» максімальнымі тэрмінамі па тых артыкулах, што ім прад’яўляюць. Баюся пабачыць тэрміны 10-12 гадоў прынамсі для Марыны і Людмілы.
Ці можа паўплываць на прысуд факт пакрыцця страты?
Па-першае, наколькі мне вядома, ні Марына, ні Людміла не пісалі прашэння аб памілаванні. Па-другое, тая нібыта страта, што мы пагасілі і тая нібыта прававая кампенсацыя, што мы таксама аплацілі, адносяцца на эканамічнага артыкулу. А два астатнія артыкулы, што ім прад’явілі, якія тычацца распальвання варожасці, нанясення нібыта шкоды іміджу краіны альбо быццам бы кіраванне народнымі масамі на вуліцы, матэрыяльных кампенсацый не прадугледжваюць.
А калі б журналісткі напісалі прашэнне аб памілаванні, ці прынесла б гэта ім нейкую палёгку?
Не думаю. Бо гэта адзін з паказальных судоў, кшталту тых, што праводзілі
над праваабаронцамі ці чальцамі штабу Віктара Бабарыкі. Мэта гэтага суда не толькі парадаваць кагосьці з пакрыўджаных ва ўладзе, але і прыгразіць астатнім. Гэты суд павінен прадэманстраваць нецярпімасць да іншадумства і да незалежных медыя.
Прапагандысцкія каналы пахваляюцца тым, што атрымалася абдурыць TUT.BY – і кампенсацыю з вас атрымалі і супрацоўніцы будуць сядзець доўгія тэрміны.
Ну, паглядзім, што такое доўгія. Я маю на ўвазе: мы верым у тое, што прызначаныя тэрміны вязні адбываць не будуць, іх вызваляць раней. Мы яшчэ пабачым, як уся гэтая прапагандысцкая шалупонь будзе бегчы з краіны і адбываць пакаранні ў турмах. З іншага боку, 13 чалавек змаглі апошні час правесці дома з сем’ямі, а не за кратамі. Мы спадзяемся, што частка людзей будзе вызвалена канчаткова па факце аплаты кампенсацый і страт.
Якая ў вас зараз існуе сувязь з былымі калегамі?
Чым далей, тым сувязь пагаршаецца. Часам гэта звязана з апасеннем адвакатаў і нежаданнем родных выносіць інфармацыю. Таксама пенітэнцыярная сістэма робіць усё магчымае, каб інфармацыя аб стане вязняў не з’яўлялася. Наколькі мне вядома, дзяўчыны, як і раней трымаюцца годна і паказваюць моц духа і волі. Здароў’е хоць не крытычна, але пагаршаецца. Але, як і ўсе моцныя людзі, яны знаходзяць у сябе сілы падтрымліваць іншых праз лісты.
Як пачуваюць сябе сем’і зняволеных, ці аказваецца на іх ціск?
У нас няма ніякіх звестак і даказаных фактаў датычна ціску на сем’і. Спадзяюся, што і надалей іх не будуць чапаць і пераследаваць.
Ці чакаеце вы падтрымкі з боку еўрапейскіх дыпламатаў, як гэта было на судзе Алеся Бяляцкага? І ўвогуле, як вас зараз можна падтрымаць?
Адмыслова мы не звязваліся ні з кім з дыпламатаў ні раней, ні зараз. Але, калі такая падтрымка магчыма і будзе, нам гэта будзе прыемна і каштоўна. Што тычыцца іншай падтрымкі, то скажу, можа, троху пафасна. Але зараз важна падтрымліваць незалежныя медыя ўвогуле. Важна распаўсюджваць праўду пра тое, што адбываецца ў краіне і змагацца за свабоду слова. Гэта найлепшая дапамога, якую зараз можна аказаць адносна бяспечна.
Comments are closed.