Loading

Сама мала 10 катавальняў на вызваленай тэрыторыі, масавыя пахаванні і здзекі з замежнікаў – тое, што пабачылі ўкраінскія паліцэйскія, калі адразу за вайскоўцамі ўвайшлі ў дэакупаваныя гарады і сёлы Харкаўшчыны, а таксама – як выкрываюць калабарантаў, што супрацоўнічалі з захопнікамі, і што з імі будзе надалей. Асноўнае з брыфінгу кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігара Кліменкі. 

Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны.

Пасля дэакупацыі Харкаўскай вобласці на яе тэрыторыі распачалі 204 крымінальныя справы, што тычацца ваенных злачынстваў, здзейсненых вайскоўцамі Расійскай Федэрацыі. 

«На гэты момант магу казаць пра наяўнасць самамала 10 катавальняў на тэрыторыі вызваленых населеных пунктаў. 2 катавальні ў горадзе Балаклія. Першая – у памяшканні мясцовага адзялення паліцыі. Гэта напаўпадвальнае памяшканне, дзе ў камерах знаходзілася каля 40 чалавек», – гаворыць Ігар Кліменка

Ён распавядае, што вязняў гэтых камераў, дзе цалкам адсутнічалі санітарныя ўмовы, два разы на содні выводзілі «на двор», надзеўшы на галаву мяшок. 

Адна з камераў, паводле сцвярджэнняў Ігара Кліменкі, была прызначана менавіта для жанчынаў. Там таксама адсутнічалі якія-небудзь санітарныя ўмовы. Расійскія акупанты кідалі жанчынам кавідныя маскі, якія засталіся з аддзеленні паліцыі з часу барацьбы з кавідам, каб жанчыны з іх дапамогай забяспечвалі сабе мінімальныя гігіенічныя патрэбы.

Іншая катавальня ў Балакліі была ў друкарні. Яна была нашмат больш жорсткаю і людзі найбольш баяліся патрапіць туды. На тэрыторыю гэтай катавальні былі завезеныя 4 пластыкавыя боксы з будынку Балаклійскага суду. І людзей кругласоднява цягам многіх дзён людзей трымалі ў гэтых празрыстых боксах. 

«Таксама былі катаванні, таксама здзекваліся. Мы бачым на руках у людзей сляды ад электрычных аголеных дратоў. Пускалі напругу для таго, каб гэтых людзей дапытваць», – прыводзіць звесткі кіраўнік нацпаліцыі Украіны. 

У гэтай катавальні былі знойдзеныя малаткі і «ўдаўкі» – два металічныя ці драўляныя дручкі, паміж якімі дрот, якім душылі чалавека. 

«У камеры ад рукі была надрапана Ойча наш. У іншай людзі лічылі дні, колькі яны правялі ў той камеры. Нялюдскія ўмовы, каб грамадзяне Украіны сталі здраднікамі ды выдалі вайскоўцаў або тых мясцовых жыхароў, якія праходзілі службу з АТА ці аперацыі аб’яднаных сіл», – кажа Ігар Кліменка. 

У горадзе Ізюм было шэсць катавальняў. Таксама ў гэтым горадзе працуюць следча-аператыўныя групы на тэрыторыі масавага пахавання ўкраінскіх грамадзян. Паводле папярэдніх ацэнак там пахавана каля 445 чалавек. Неабходна эксгумаваць целы, ідэнтыфікаваць кожнага чалавека. Гэта праца на шмат наступных тыдняў, у тым ліку з роднымі загінулых. 

У горадзе Купянску ў мясцовым медычным каледжы навучаліся 6 грамадзян Шры-Ланкі. Падчас акупацыі яны спрабавалі выйсці да Харкава, але не паспелі гэта зрабіць – акупанты іх затрымалі і адвезлі ў горад Ваўчанск на тэрыторыі агрэгатнага заводу, дзе таксама была катавальня. Зараз яны ў Харкаве, у бяспецы, даюць сведчанні. Яны моцна запужаныя, з іх здзекваліся. 

«Я толькі адзін прыклад прывяду: у двух людзей на вялікіх пальцах ног пласкагубцамі адарваныя пазногці. Сярод іх была жанчына, якая зараз цяжка размаўляе на любой мове, бо яе псіхічны стан выклікае занепакоенне», – прыводзіць звесткі кіраўнік украінскай нацыянальнай паліцыі. 

Ігар Кліменка паведаміў, што на дэакупаванай тэрыторыі выяўляецца вялізная колькасць супрацьпехотных, супрацьтанкавых мінаў, фугасаў, расцяжак. Чацвёра супрацоўнікаў паліцыі атрымалі параненні, адзін з іх цалкам страціў нагу. 

Закрануў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Укараіны і тэму калабарантаў з захопнікамі на раней акупаванай тэрыторыі. 

«Асноўныя калабаранты, якія прадстаўлялі мясцовую ўладу, мясцовыя праваахоўныя органы, выехалі ў Расійскую Федэрацыю. Мы іх выкрываем, дакументуем завочна і абвінавачванні будуць завочна. Але засталіся, напрыклад, кіраўнікі сельскіх рад. І ўсе грамадзяне кажуць, што гэты кіраўнік сустракаў расійцаў з кветкамі, харчаваў іх і выдаваў інфармацыю. Таксама небяспечныя тыя, хто спрыяў расійцам, у тым ліку ва ўчыненні тых злачынстваў, той, хто выдаваў нашых вайскоўцаў, той, хто здаваў нашыя пазіцыі, той, хто намагаўся працаваць у школах і выкладаць нашым дзецям найноўшую гісторыю Расіі ці Савецкага Саюзу, хто паказваў дарогу для праходу дыверсійных груп, хто здаваў спісы з працаўнікамі АТА, а такія спісы былі, напрыклад, у сацыяльных органах», – прыводзіць звесткі Ігар Кліменка. 

Кіраўнік нацпаліцыі кажа, што функцыя паліцыі ў гэтым працэсе – выкрыць і задакументаваць усе факты супрацоўніцтва з акупантамі. А злачыннасць і цяжкасць гэтых дзеянняў, а таксама належнае пакаранне будзе вызначаць суд. 

Андрусь Гаёвы

Comments are closed.