Loading

Горад Лодзь стаў прытулкам для тысяч беларусаў, якія мусілі ўцякаць ад палітычнага пераследу. А ў 2022 годзе з пачаткам паўнамаштабнай вайны ва Украіне, яшчэ і разам з украінцамі ад расійскіх ракетаў і бомбаў, што пачалі руйнаваць украінскія гарады. Лодзь прыняла многіх, і беларусы тут сапраўды разам з украінцамі. Пра беларускія справы ў Лодзі мы паразмаўлялі са старшынём фонду «Беларусы ў Лодзі» Ігарам Юрчыкам.

На сённяшні момант нас каля 2,5 тысяч – беларусаў у Лодзі. Гэта дакладна тыя людзі, з якімі мы трымаем тым ці іншым чынам кантакт праз нашыя сеткі. Але на думку чальцоў нашай арганізацыі, беларусаў у Лодзі будзе ў некалькі разоў больш.

У сярэдзіне 20-га году ў Лодзі не было беларускіх арганізацыяў, не было дыяспары, як такой суполкі беларусаў. Вядома, што беларусы жылі ў Лодзі, але не ведалі адно аднаго. І ўлетку 20-га года я і яшчэ адна дзяўчынка пачалі сярод груп украінцаў, больш арганізаваных на 20-ы год, шукаць беларусаў, знаёміцца адно з адным, ладзіць акцыі падтрымкі тады яшчэ электаральнай кампаніі ў Беларусі. Пасля падзей у жніўні 20-га года мы адразу зразумелі, што будзе хваля нашых людзей палітычна рэпрэсаваных з Беларусі ў Польшчу, у Лодзь таксама, і толькі-толькі пачыналі знаёміцца адно з адным, але ўжо рыхтаваліся да таго, каб прыняць нашых людзей, каб дапамагчы. І тады было прынята рашэнне, каб стварыць фонд «Беларусы ў Лодзі» і пачаць тут працаваць ужо як арганізацыя беларусаў.

Вясной 21-га года хваля рэпрэсаваных беларусаў крыху супакоілася, а ў нас ужо былі адказы на тыя пытанні, адказаў на якія патрабавалі тыя беларусы, якія прыязджалі сюды. Тады мы пачалі ўжо больш канцэнтравацца на выбудоўванні дыяспары як такой. Ну а 22-і год, як пачалася вайна – гэта, вядома ж, вельмі змяніла тое, як мы тут як беларусы жылі.

Нам трэба было ўспомніць тое, з чаго мы пачыналі. І тое, што ў нас ужо быў гэты досвед, нам вельмі дапамагло. Першыя ўкраінцы, калі перасякалі мяжу ў першыя гадзіны і дні пасля пачатку вайны, яны сустракалі дакладна беларускіх валанцёраў. У першыя ж гадзіны нашыя актывісты паехалі да мяжы і мы выбудоўвалі гэтыя ланцужкі: адзін едзе сустракае, другі давозіць, трэці ў сябе недзе там можа прыняць, чацвёрты чымсьці яму дапамагае. Гэта ўжо тое, праз што мы прайшлі за гэтыя два гады. Калі мы кажам, што ў 20-м годзе мы шукалі беларусаў сярод чацікаў украінскіх, то ў 22-м годзе сітуацыя была адваротная. Ужо беларусы першымі зрэагавалі. Таму што мы гэты досвед толькі-толькі перажылі.

І ўжо мы шукалі ўкраінскія арганізацыі, украінскіх валанцёраў, дапамагалі ім зарганізавацца, каб яны як мага хутчэй маглі прайсці праз той шлях, праз які мы праходзілі два гады. Мы разумелі, што і як трэба рабіць, якія могуць быць памылкі, каб яны іх не рабілі, каб яны як мага хутчэй пачалі ўжо працаваць і больш маглі дапамагаць самі сабе.

На пачатку вясны 22 года нашым выклікам было і тое, каб змагацца з дыскрымінацыяй беларусаў. Былі, на жаль, выпадкі, няшмат, але былі, калі камусьці там праткнулі шыну ў дарозе, альбо якіясьці там бойкі былі. Таксама мы кажам пра сітуацыі, калі, напрыклад, чалавек прыходзіць да банка, каб адкрыць рахунак, а яму кажуць «ты – беларус, ідзі да іншага банку», або дзесьці прыязджае па бензін, а яму кажуць «ты з Беларусі – гэта едзь на іншую запраўку». І нават мой досвед. У мяне, як у старшыні фонду «Беларусы ў Лодзі» было вельмі шмат камунікацыяў з мясцовымі палякамі. І некалькі людзей нават у маім асяроддзі, якія ведалі дакладна, кім мы з’яўляемся, што мы робім, як мы да ўсяго гэтага ставімся, яны таксама ў момант, калі я да іх звяртаўся, так неяк адштурхоўвалі, паказвалі, што ім таксічна мець справы з беларусам.

Цягам гэтых месяцаў вайны гэтае стаўленне атрымалася змяніць. На сённяшні дзень пра выпадкі дыскрымінацыі вельмі-вельмі рэдка дзесьці можна пачуць. Мы пісалі лісты ў фірмы, якія адмаўлялі ў працаўладкаванні альбо звальнялі людзей з прычыны таго, што яны беларусы. У нас было шмат сустрэчаў з мясцовымі ўладамі на гэты конт. І я вельмі ўдзячны мясцовай уладзе, дакладна віцэ-прэзідэнту горада Лодзь Адаму Пустэльніку, які выйшаў і публічна зрабіў заяву, што «мы не дазволім і мы не будзем талераваць аніякай дыскрымінацыі беларусаў у Лодзі, мы вельмі добра працуем і ведаем гэтых людзей і мы ведаем іх пазіцыю, мы ведаем, як яны дапамагаюць Украіне, і гэтага не будзе ў нашым горадзе». Гэта была вельмі моцная такая яго прамова яшчэ ў часы, калі гэта ўсім было вельмі балюча: украінцам, што праз Беларусь ідзе гэтая агрэсія, калі яны адчувалі нас такім братэрскім народам, і нам – беларусам, калі мы любім украінцаў, нам таксама баліць, што праз нашу краіну гэта ўсё робіцца.

Калі ў 20-м годзе была патрэба дапамагчы базава – дзе жыць, што есці, дзе працаваць, у 21-22-м годзе, без уліку сітуацыі з вайной, гэта былі этапы інтэграцыі, знаёмства, будавання супольнасцяў, то на сённяшні дзень мы ўжо бачым сваю актыўнасць у тым, каб ствараць інтэграцыйныя акенцы з палякамі.

Мы хацелі б скіравацца на тое, каб увогуле ў горадзе праца з іншаземцамі – з беларусамі, з украінцамі з боку палякаў была ў праграмнай супрацы. На сённяшні момант якаясьці арганізацыя займаецца дапамогай гуманітарнай, якаясьці арганізацыя ладзіць курсы, якаясьці арганізацыя ладзіць спатканні культурныя – кожны робіць нешта сваё. І горад можа адным дапамагаць, іншым можа не мець магчымасці дапамагчы. І мы ініцыятары пераходу ў Лодзі на праграмны падыход, калі ўсе – частка адной праграмы і калі ёсць камунікатары, якія даюць інфармацыю і арганізацыям і ініцыятыўным групам з аднаго боку, а з другога боку, каб чалавек, які трапляе ў Лодзь, папросту крок па кроку праходзіў па гэтай праграме інтэграцыйнай і на кожным этапе разумеў, да каго ён можа звярнуцца па дапамогу.

Мы запрашаем усіх – беларусаў, украінцаў. У беларусаў, вядома, ёсць свой акцэнт на сённяшні дзень, ва ўкраінцаў свой. Але ва ўсіх іншаземцаў у Польшчы ёсць справы, якія так ці інакш тычацца нас усіх. І мы будзем у гэтым ключы далей працаваць, каб беларусам трымацца адно аднаго, і разам з украінцамі вырашаць пытанні. Калі нас будзе шмат – нас будзе багата!

Comments are closed.