Loading

Уночы з панядзелка на аўторак на памежным пераходзе Прывалка – Райгарад актывісты Рабочага руху і журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра спынілі і прымусілі адправіцца на новы мытны кантроль дзве фуры з падсанкцыйнымі ўгнаеннямі вытворчасці прадпрыемства «Гродна-Азот». Гэтае прадпрыемства знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі і ягоную прадукцыю нельга ўвозіць у Еўрасаюз. Тым не менш, дзве фуры з падсанкцыйным грузам спакойна прайшлі беларускую і літоўскую мытні і былі спыненыя актывістамі на тэрыторыі Літвы недалёка ад памежнага перахода. Што там адбывалася нашаму радыё распавёў кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра, які браў непасрэдны ўдзел у акцыі, журналіст Стась Івашкевіч.

Мы з Рабочым рухам былі ў кантакце наконт абыходу санкцый «Гродна-Азот». Яны зрабілі расследаванне па фурах, мы – па чыгуначных вагонах. У іх быў інсайд, што будуць ехаць фуры з «ліпавымі» дакументамі. «Ліпавымі» – гэта значыць, што яны не фальшывыя, але яны «ліпа» – у сэнсе, напісаныя на несапраўдных вытворцаў. У іх была наводка на некалькі такіх фур і вось дзесьці суткі мы там з імі стаялі і чакалі іх. Пакуль там, нарэшце, не прыйшла адна з гэтага спісу. А потым выпадкова захапілі і другую, якая з першай ехала канвоем.

Яны яе заблакавалі і сказалі, што не пусцяць далей. Так стаялі пакуль не пачала збірацца ззаду калона і не прыехалі спачатку паліцэйскія, спыталіся ў чым справа, з’ездзілі на мытню – мытнікі адмовіліся прымаць, у сэнсе сказалі, што мы іх праверылі, усё нармальна. Паліцэйскія спрабавалі разганяць. Потым прыехалі памежнікі, таксама распыталіся, зноў схадзілі да мытнікаў, мытнікі зноў сказалі, што ўсё нармальна мы не будзем назад прымаць. А тыя не пускалі.

Крыніца: t.me/rabochyruh

І ў выніку праз 5 гадзін – гэта доўжылася недзе з 10 вечара да 3 ночы, нарэшце папрыязджала там высокае начальства, яны тым часам тэлілі на розныя «гарачыя лініі», вывучылі доказы і на падставе гэтых доказаў вярнулі гэтыя фуры на дадатковы агляд. І, як сказалі, паводле іх словаў, 100 адсоткаў, што яны паедуць назад у Беларусь.

Ну а сутнасць гэтага была – паказаць тое, што ёсць шмат непрыкрытых спосабаў для абыходу санкцый супраць «Азота». А тут трэба разумець тое, што такое азот зараз. Гэта ўгнаенні, якія вырабляюцца з прыроднага газу, які для Лукашэнкі стаў вельмі танным пасля таго, як ён дапамог Пуціну ў нападзе на Украіну. А пакупнікі – еўрапейцы. Сутнасць гэтай акцыі было – паказаць, як лёгка было прайсці мытню з санкцыйным грузам і недасканаласць санкцыйнага заканадаўства, якое ўжо, у прынцыпе, усе, хто займаўся расследаваннем санкцыяў, а гэта па вялікім рахунку мы, Рабочы рух і ў палітычных офісах ёсць таксама органы, усе ведаюць «рэцэпты» закрыцця гэтых санкцый, але не хапае на гэта пакуль што палітычнай волі заходніх арганізацый, палітыкаў.

Невядома – можа ім нават зручна тое, што ў санкцыях ёсць дзіркі, што іх уводзяць, а на самой справе іх як бы і няма, альбо яны абмежаваныя. Альбо можа быць такое, што проста на ўзроўні чыноўнікаў, на ўзроўні бюракратыі ёсць нежаданне мяняць зладжаны парадак, а тым часам высокапастаўленыя палітыкі-дысіжнмэйкеры, стратэгі думаюць, што паводзіны Лукашэнкі – гэта рэакцыя на ціск, у той час як на самой справе гэта акурат наадварот – рэакцыя на адсутнасць ціску. І гэта прыводзіць да кардынальнага неразумення ў падыходах еўрапейцаў да Лукашэнкі, у сувязі з чым іх палітыка ў дачыненні да Лукашэнкі дагэтуль была непаспяховая.

Ці можна зараз распавесці якім чынам «Гродна-Азот» абыходзіць санкцыі?

Мы з Рабочым рухам дамовіліся, што мы адначасова выпусцім гэты сюжэт напрыканцы тыдня, таму ўсе дэталі будуць там.

Як паліцыя і памежнікі ставіліся да вашых спробаў спыняць абыход санкцый?

Паліцыя і памежнікі спрабавалі супрацьдзейнічаць. Але, калі была патавая сітуацыя, то была відавочная сімпатыя з іх боку. І ў выніку, калі ўсё вырашылася супраць іх, умоўна кажучы, яны на развітанне выказалі павагу і пажадалі поспехаў.

Ці можна казаць, што ў гэтых схемах задзейнічана літоўская мытня, напрыклад. Ці гэта чыста беларуская схема, якую распрацавалі лукашэнкаўскія гаспадарнікі?

Цяжка сказаць. Відавочна, што патаканне гэтым схемам ёсць. Можна гэта тлумачыць як бы нежаданнем чыноўнікаў нізкага і сярэдняга звяна ўскладняць нешта сабе дадатковымі расследаваннямі – прасцей заплюшчыць вочы. Вось невядома. Тут кожны высновы можа сам для сябе рабіць.

А па-другое, лідары беларускай грамадзянскай супольнасці і палітыкі тут маюць магчымасць сябе праявіць, выбудаўшы больш прадуктыўнае ўзаемадзеянне з еўрапейцамі на найвышэйшым узроўні па практычных кроках у (спыненні) пераадольвання гэтых санкцый. Не на ўзроўні лозунгаў, а на ўзроўні практычнай працы.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.