Loading

«Мы ўбачылі з боку Украіны зацікаўленасць развіваць беларуска-украінскія адносіны», – расказаў па выніках візіту ва Украіну прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валерый Кавалеўскі. Па яго словах, дэмакратычныя сілы пасля спатканняў у Вярхоўнай радзе, маюць там сяброў, з якімі разам будуць «супрацьстаяць прапагандзе і абменьвацца экспертнымі меркаваннямі па беларуска-украінскіх стасунках». Сустрэчы з беларускай дыяспарай былі не такія выніковыя: праблемы легалізацыі беларусаў ва Украіне не вырашаюцца месяцамі, і Кабінет пакуль не ў стане на гэта паўплываць.

Вынікі першага візіту прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ва Украіну радыё Ўнэт абмеркавала з прадстаўніком Кабінета Валерыем Кавалеўскім.

Гэта фактычна была першая паездка прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў Кіеў, такі сумесны візіт. Праведзены шэраг сустрэч на палітычным узроўні, з экспертамі і ўрадоўцамі, беларускай дыяспарай і прадстаўнікамі палка Каліноўскага. Па выніках гэтых сустрэч мы склалі досыць падрабязны план дзеянняў на бліжэйшыя 2-3 месяцы, тое, над чым нам трэба працаваць у Кабінеце і з украінскімі прадстаўнікамі.

З кім з украінскіх палітыкаў вы сустракаліся? І вынікі гэтых сустрэч?

Было важна абмяняцца меркаваннямі, што адбываецца паміж нашымі краінамі. Памятаем, што Беларусь сёння фактычна знаходзіцца на адным баку з Расіяй, і таму для ўкраінцаў вельмі важна разумець, якія настроі ў беларускім грамадстве, як на гэта глядзіць грамадзянская супольнасць, што мы можам рабіць у самой Беларусі і за яе межамі, каб дапамагаць Украіне. Калі казаць пра канкрэтныя дамоўленасці, то яны ёсць. Яны ляжаць у тым ліку і ў палітычнай плоскасці. Гэта праца і ў інфармацыйнай сферы, у прыватнасці, што мы маглі б разам рабіць, каб супрацьдзейнічаць дэзінфармацыі і прапагандзе. Вельмі важна, каб адбываўся паміж Беларуссю і Украінай экспертны абмен меркаваннямі, каб мы больш разумелі адзін аднаго.

Сёння Украіна карыстаецца дапамогай і рэсурснай падтрымкай ад міжнароднай супольнасці і ў вельмі значных аб’ёмах, Беларусі ёсць чаму павучыцца, таму што нам таксама патрэбна дапамога для нашых намаганняў па абароне незалежнасці краіны.

Сярод палітыкаў, з якімі вы сустракаліся былі і тыя, хто раней крытычна выказваўся наконт Ціханоўскай і Кабінета, да прыкладу Багдан Ярэменка. Як праходзіла гэтая сустрэча?

Гэта была сустрэча з прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе. Прысутнічаў на гэтай сустрэчы і Багдан Ярэменка, у нас не было задачы яго пераканаць, гэта яго пазіцыя, ён так бачыць сітуацыю. Мы абмяркоўвалі, што мы можам рабіць разам, мы не шукалі нейкія пункты, дзе мы можам спрачацца. Было разуменне, што трэба працаваць разам і разам мы можам зрабіць значна больш. Сустрэча, на маю думку, была вельмі паспяховай. Яна можа стаць першым крокам на шляху выбудоўвання больш даверлівых адносін паміж намі.

А што тычыцца палка Каліноўскага. Яны выказалі вам нядаўна падзяку за дастаўку дронаў. Кабінет з «каліноўцамі» у кантакце?

Трэба сказаць, што гэта была трэцяя ці чацвертая пастаўка дапамогі для «каліноўцаў». Першая была напрыканцы красавіка, мы дастаўлялі аўтамабільны транспарт, медыкаменты, вопратку, абутак, рыштунак – усё, што мы маглі сабраць з дапамогай беларускіх донараў і замежных партнёраў. Мы гэта збіралі і дастаўлялі для УСУ. Сама Святлана Ціханоўская дамаглася, каб Германія выдзеліла цэлы мабільны шпіталь на 70 ложкаў, гэта было ў сакавіку. І Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці быў тым аператарам, які дастаўляў гэты шпіталь ва Украіну. Гэтая праца вядзецца даўно. Але мы пра яе расказваем асцярожна, усе залежыць ад нашых партнёраў.

Ваш візіт ва Украіну праходзіў на фоне выхаду Таццяны Зарэцкай з Кабінета, ці цікавіліся сітуцыяй украінскія палітыкі?

Скажу так, ім вельмі цікавы Кабінет. Яны разлічваюць, што Кабінет стане партнёрам. Па сітуацыі з Зарэцкай пытанняў не задавалі.

Апошні месяц у беларусаў зноў узнікаюць цяжкасці з атрыманнем відаў на жыхарства ва Украіне. Кабінет можа паспрыяць вырашэнню гэтага пытання?

Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне з беларускай дыяспарай ва Украіне, сапраўды гэта застаецца балючым пытаннем. Па-першае, мы хацелі б да вырашэння пытанняў прыцягнуць саму дыяспару, каб людзі расказвалі свае гісторыі тым, хто можа паўплываць на адпаведныя рашэнні. Думаю, што з цягам часу мы выйдзем з гэтымі прапановамі на ўзровень урада. У нашым Кабінеце цяпер ёсць спецыяліст па пытаннях міграцыі. Спадзяемся, што хутка адпаведная працу будзе арганізавана сістэмна.

 

Comments are closed.