Loading

7 лістапада ў Радзе Еўропы прайшло першае пасяджэнне Кантактнай групы па Беларусі, і гэта заўважны поспех дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне. Справа ў тым, што ў сакавіку 2022 года Рада Еўропы прыпыніла супрацу з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, у сувязі з удзелам Беларусі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Тады ж дэмакратычныя сілы выступілі з ініцыятывай заняць у арганізацыі «вольнае» беларускае месца. Рада Еўропы ідэю падтрымала, у выніку была створана Кантактная група па Беларусі. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх ключавых палітычных арганізацый РЕ, у тым ліку ПАРЕ і Офіса камісара па правах чалавека. З боку Беларусі ў групе – 10 чалавек.

Хто прадстаўляе Беларусь у Радзе Еўропы? Якія рашэнні былі прыняты на першым пасяджэнні і ў чым заключаецца стратэгічнае супрацоўніцтва дэмакрытычных сіл і міжнароднай арганізацыі? – радыё Ўнэт пагаварыла са спецыяльным прадстаўніком Святланы Ціханоўскай Аляксандрам Шлыкам.

Гісторыя кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы пачалася яшчэ ў сакавіку гэтага года, калі РЕ вырашыла скасаваць усе кантакты з афіцыйным Мінскам, і неўзабаве ў красавіку мы пачалі працу над тым, каб фармалізаваць адносіны Рады Еўропы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Гэта адбылося 7 верасня, калі Камітэт міністра РЕ прыняў рашэнне даручыць Генеральнаму сакратару стварэнне Кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю. То бок стварэнне такой групы гэта абавязак Генсека, але цяжка сказаць, што гэта было толькі па іх ініцыятыве, мы перыядычна выступалі з такой прапановай, і ў лістападзе група пачала сваю працу.

Якія яе мэты і задачы?

Галоўная мэта – арганізаваць і кіраваць праектамі па падтрымцы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. А таксама стварыць дэмакратычныя інстытуты для Новай Беларусі. Менавіта гэта мы абмяркоўвалі на першым пасяджэнні кантактнай групы. Мы абмяняліся нашымі ідэямі адносна таго, што мы, з беларускага боку, і Рада Еўропы, са свайго боку, бачым прыярытэтамі нашага супрацоўніцтва.

Хто ўвайшоў у склад Кантактнай групы?

У склад групы ўваходзяць прадстаўнікі і Рады Еўропы і беларускага боку. Прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх найважнейшых органаў РЕ. А што тычыцца беларускага боку, то прынцыповае рашэнне РЕ было ўзмацняць кантакты з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскім сектарам, з ухілам на праваабаронцаў, незалежных журналістаў і моладзь. І менавіта гэтыя сектары з грамадзянскай супольнасці прадстаўлены ў Кантактнай групе. Апроч гэтага ёсць прадстаўнікі па тэмах «Дыяспары і культура», «Гендэрная роўнасць», а таксама ў групу ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл – Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, Офіса Святланы Ціханоўскай.

Па якіх крытэрыях гэтыя людзі выбіраліся?

Грамадзянскі сектар выбіраў сваіх прадстаўнікоў па акрэсленых РЕ тэмах. Палітычныя суб’екты таксама вызначыліся самастойна са сваімі прадстаўнікамі.

Па выніках першага пасяджэння групы ці плануюцца нейкія канкрэтныя рашэнні?

Першая сустрэча была карыснай тым, што сумесная праца пачалася. Адна справа – гэта стварыць Кантактную групу, а зусім іншая – калі яна пачала сваю працу. Таксама па выніках першага пасяджэння будзе падрыхтаваны дакумент, які акрэсліць прыярытэты групы. Пазней гэты план стане падмуркам для канкрэтных праграм і праектаў.

А ці ёсць у кантактнай групы стратэгічныя задачы?

Нашым галоўным прыярытэтам з’яўляецца тое, каб дэмакратычная Беларусь стала паўнавартасным сябрам Рады Еўропы. Калі глядзець на пазітыўную перспектыву, што ў Беларусі адбудуцца змены да дэмакратыі, для нас важна правесці гэтыя змены так, каб дэмакратыя была ўстойлівай. І менавіта для гэтага нам будзе карысны вопыт і веды Рады Еўропы.

 

Фота: twitter.com/tsihanouskaya
Фота: twitter.com/tsihanouskaya

Comments are closed.