Loading

Самае шматлікае беларускае падраздзяленне, якое ваюе ва Украіне за свабоду не толькі Украіны, але і Беларусі – Полк імя Кастуся Каліноўскага 9 сакавіка адзначае год з афіцыйнай даты свайго ўтварэння. Менавіта 9 сакавіка мінулага года на прапанову ўкраінскага вайсковага камандавання беларускія дабраахвотнікі, якіх ва Украіну з першых дзён вайны стала прыязджаць усё больш і больш, аб’ядналіся ў асобны беларускі батальён у складзе адной з частак Узброеных Сіл Украіны. Пра шлях, які прайшлі беларускія вайскоўцы за год, абараняючы Украіну і будучую свабоду Беларусі распавядае камандзір Палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў з пазыўным «Кіт».

Крыніца: t.me/belwarriors

 – Мы абвясцілі аб стварэнні асобнага падраздзялення – батальёна імя Кастуся Каліноўскага – адбылося гэта пасля першых баявых. Тады гэта была Буча. Тады ўсім вядомы Ілля Ліцьвін аддаў сваё жыццё, гераічна абараняючы Бучу. Пасля гэтых першых баявых паступіла прапанова нам быць асобным падраздзяленнем пры ГУР МА (Галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Украіны – РЎ). Мы абвесцілі пра гэта, і з часам нас станавілася ўсё больш і больш. І за гэты час мы разумелі, што трэба ствараць структурнасць, трэба ў хуткім часе навучацца быць камандзірамі, навучацца баявому планаванню, навучацца ўзаемадзеянню з іншымі падраздзяленнямі – усё гэта вельмі складаная і цяжкая праца.

Калі мы аб’ядналіся ў асобнае падраздзяленне – былі створаныя батальён імя «Волата», батальён імя «Ліцьвіна» пазней, калі сталі палком. І хлопцы з таго часу амаль не сканчалі сваёй дзейнасці на фронце. Увесь гэты час хлопцы выконвалі баявыя задачы. І коштам, на жаль, сваіх жыццяў, коштам сваёй крыві мы стваралі, скажам так, імя падраздзялення беларусаў, якія менавіта займаюцца дапамогай не словам, а справай.

За гэты час наша падраздзяленне на прыфрантавых і франтавых зонах пачалі часта пазнаваць сумежныя падраздзяленні. І ўсё гэта – дзякуючы каманднай працы тылавых службаў, баявых падраздзяленняў і мужнасці нашых ваяроў.

На жаль, вайна не можа быць на 100 адсоткаў бяспечнаю. І, калі мы кажам пра фронт, калі мы кажам пра прыфрантавыя задачы, гэта заўсёды рызыка. І хлопцы і дзяўчаты, якія служаць у нас, заўсёды рызыкуюць сваім жыццём, каб наблізіць той час, дзеля якога яны ўвогуле ўсе прыехалі – дзеля таго, каб зрабіць вольнай Украіну, а потым намагацца рабіць вольнай Беларусь.

Я неаднаразова ўжо чуў у свой бок, калі прыязджаюць усё новыя і новыя рэкруты, яны, гледзячы ў вочы мне, кажуць, што мы апошняя надзея, амаль не адзіная надзея беларускага народу на вызваленне і на свабоду Беларусі. І, калі я чую такія словы, я заўсёды разумею: які б не быў цяжкі і складаны наш шлях, які мы пачалі год таму, у нас няма проста дарогі назад.

Я за гэты год пазнаёміўся з шмат якімі класнымі людзьмі, людзьмі, якія нам прыносяць шмат дапамогі, таксама – валанцёрамі. Я пабачыў, як з учорашніх цывільных людзей яны ператвараюцца ў прафесійных вайскоўцаў, якія выконваюць задачы на ўзроўні сіл спецыяльных аперацый. І ўсіх нас аб’ядноўвае толькі адна мэта: мэта свабоднай Беларусі. Бо, калі б не было такой вялікай мэты, я думаю, што, сутыкнуўшыся з такімі праблемамі, мы б рассыпаліся. Але ў нас ёсць вялікая мэта і мы ўсе адказныя за будучыню Беларусі, мы ўсе ўзялі на свае плечы адказнасць. І кожны ваяр палка Каліноўскага гэтую адказнасць на сабе адчувае.

Я пабачыў таксама і людзей, якія не прайшлі гэты год, людзей, якія толькі здаваліся ваярамі. Было шмат чаго. Але я зараз хачу сказаць адну рэч: нягледзячы на тое, што сёння год падраздзяленню, я асабіста сам заўсёды думаю пра тое, што вайна не скончана. І нават сёння, калі гэта для нас свята, мы не імкнемся яго раздзьмуваць, мы не імкнемся яго неяк пераводзіць у вяселле, бо вайна яшчэ ідзе, і на фронце, на жаль, аддаюць сваё жыццё зараз, у гэтую хвіліну, лепшыя сыны Украіны і не толькі Украіны.

Таму для нас гэта дата, якая прысвечана яшчэ і ўзнагародам нашых ваяроў. І, скажам так, падвесці вынікі, паразмаўляць з хлопцамі, бо за гэты час я ўжо шмат каго не бачыў даўно. І рухацца далей, бо справаў у нас яшчэ вельмі шмат. Мы павінны не спыняцца і павінны ісці наперад.

Крыніца: t.me/belwarriors

 – Ці можаце Вы назваць тых герояў, якія, на жаль, не змогуць сустрэць гэтую дату?

 – Я хацеў бы сказаць увогуле пра беларусаў, якія аддалі сваё жыццё. Пачынаючы з Міхася Жызнеўскага, Алеся Чаркашына, Мікалая Ільіна, Іллі Хрэнава, Аляксея Скоблі, Зміцера Рубашэўскага, Канстанціна Дзюбайла, Паўла «Волата», на гонар якога названы адзін з нашых батальёнаў. Як і Ілля Хрэнаў «Ліцьвін», Іван Марчук з пазыўным «Брэст», Васіль Парфянкоў, Васіль Гурдавік, Вадзім Шатроў, «Кэт», Міхась Шавельскі, Аляксей Аўдзіенка і апошні, хто загінуў – гэта Эдуард Лобаў – беларус, якога я ведаў, і які змагаўся яшчэ ў 2015 года за свабоду Украіны і свабоду Беларусі. Гэта спіс цалкам беларусаў, якія аддалі сваё жыццё.

 – У якіх умовах зараз полк сустракае гэтую дату? Я ведаю, што нашыя беларусы зараз змагаюцца і ў самай, напэўна, гарачай кропцы фронту сёння – у горадзе Бахмут Данецкай вобласці.

 – Частка ваяроў, хто змог выехаць з баявых падраздзяленняў, яны выехалі. Зноў-такі, гэта будзе ў першую чаргу ўзнагарода ваяроў. Вялікая частка хлопцаў засталася на франтавых дзялянках, бо яны заўсёды выконваюць баявыя задачы і зараз яны, на жаль, не могуць выехаць і яны засталіся там у горадзе Бахмут, некаторыя ў Запарожскай вобласці, некаторыя ў Харкаўскай вобласці. Мы з часам зробім так, каб яны таксама да нас прыехалі, хлопцы іх замянілі, або самі даедзем, каб тыя, хто не прысутнічаў сёння, атрымаў некалькі словаў ад нас.

Умовы будуць такія, што хлопцы сабраліся, і ў нас запланаванае мерапрыемства. Проста, я кажу, што не імкнемся неяк вельмі вялізна гэта святкаваць. Для мяне асабіста святы ў вайну перасталі існаваць і складана штосьці святкаваць. Гэты год мы павінны проста адзначыць, таму што гэта год праробленай вялікай працы, і падзякаваць кожнаму, хто з намі зараз застаўся, хто да нас прыяднаецца, каб сказаць, што мы рухаемся далей.

Поўную размову з камандзірам Палка імя Кастуся Каліноўскага слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.