Loading

Святочная сустрэча адбылася 21 снежня і працягнула колішнюю кафедральную традыцыю: студэнты і выкладчыкі ў нефармальнай і сяброўскай атмасферы спаткаліся напярэдадні Раства Хрыстова. Падрыхтавалі не толькі калядныя прысмакі, а і адмысловую музычную праграму. Радыё Ўнэт пабывала на сустрэчы і занатавала самыя цёплыя яе моманты.

Спатканне не толькі святочнае, а і інтэграцыйнае. Многія з маладых людзей убачыліся ўпершыню. Студэнты розных курсаў мелі магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць у святочнай і нязмушанай атмасферы, якую самі ж і стваралі. Прывітаў беларусістаў загадчык кафедры, прафесар Радаслаў Калета. 

«Я вельмі рады, што ёсць такая калядная сустрэча. Я цешуся, што моладзь мае жаданне арганізоўваць такія імпрэзы. Бо варта пазнаваць і польскія, і беларускія традыцыі. Традыцыі іншых краін».

Для радыё Ўнэт Радаслаў Калета ўзгадаў таксама гісторыю кафедры і змены ў складзе студэнтаў за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў.

«Кафедра ўзнікла ў 1956 годзе і спачатку гэта былі пераважна студэнты з Падляшша. Потым сітуацыя крыху змянілася і на кафедру сталі прыходзіць палякі, якія вывучалі беларускую мову з нуля. Цяпер жа ў Польшчы мы назіраем вялікую хвалю эміграцыі і да нас прыйшлі беларусы».

Вынікамі года падзялілася кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк.

«Гэты год быў вельмі цікавы. Перад намі былі новыя выклікі і новыя патрабаванні да арганізацыі праграмы навучання. Сёлета на першы курс да нас паступіла 10 беларусаў, і гэта – фенаменальная з’ява. Што пажадаю студэнтам? Не спыняцца на шляху да беларушчыны. Хай гэта будзе маё ім хатняе заданне на Каляды». 

З каляднымі пажаданнямі да студэнтаў звярнуўся і Маріуш Каліціньскі. Сёлета ён паступіў у дактарантуру Варшаўскага ўніверсітэта і ў наступным семестры будзе выкладаць свой першы курс лекцый на кафедры беларусістыкі. Маріуш – адзін з ініцыятараў каляднага спаткання.

«Жадаю студэнтам, каб яны выкарыстоўвалі кожную хвіліну, якую маюць. У жыцці вельмі рэдка бывае, калі мы можам засяродзіцца на вучобе. Гэта сапраўды бясцэнны час. Раю не баяцца быць смелымі і рабіць вельмі адважныя крокі ў жыцці. Ісці сваім шляхам і дбаць пра сваю індывідуальнасць. Не ісці за натоўпам, а ісці сваёй дарогай».

Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта – адзіная па-за межамі Беларусі, дзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «беларуская філалогія». Ад нядаўняга часу ў дыпломе еўрапейскага ўзору з’явіўся допіс – з англійскай мовай. У якасці факультатыўнай маладыя людзі могуць вывучаць і гішпанскую. Яе выкладае кандыдат філалагічных навук Анхела Эспіноса Руіс. Каляды яна сустрэне са сваёй сям’ёй, паляціць у Малагу. І ўсё ж за дзень да ад’езду знайшла час павіншаваць са святамі і беларусістаў. 

«У Гішпаніі Каляды – гэта вельмі сямейнае свята. А вось Новы год мы сустракаем ужо кампаніямі, з сябрамі. Вельмі хочацца, каб чарговае падарожжа вакол сонца было для ўсіх нас пладавітым і прыемным. А нечаканых сюрпрызаў няхай больш не будзе».

Чарговая іх сустрэча адбудзецца ўжо толькі ў новым, 2023 годзе.  У Варшаўскім універсітэце надыходзіць час калядных вакацый, пасля чаго студэнты і выкладчыкі вернуцца да навучальнага працэсу і падрыхтоўкі да зімовай сесіі.

Поўную версію каляднага рэпартажа з кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта слухайце па спасылцы. 

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.