Loading

У канцы мінулага тыдня Літва заявіла аб сваім намеры падаць пазоў да Беларусі ў Міжнародны суд ААН з патрабаваннем прызнаць дзеянні ўладаў Беларусі па незаконным увозе на тэрыторыю Літвы мігрантаў з іншых краінаў парушэннем Пратакола аб незаконным увозе мігрантаў па сушы, моры і паветры, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці. Літва мае намер дамагчыся выплаты Беларуссю кампенсацыяў Літве за панесеныя ў сувязі са спыненнем незаконнай міграцыі выдаткі. Мы папрасілі пракаментаваць перспектывы такога пазову юрыстку-міжнародніцу, кандыдатку юрыдычных навук Кацярыну Дзяйкала.

Фота: people.onliner.by

— На сённяшні дзень мы бачым навіну на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы, у якой напісана, што літоўскі ўрад ухваліў ініцыятыву Міністэрства юстыцыі падаць пазоў супраць Беларусі. Таму пакуль гэта толькі ўхваленая ініцыятыва.

Літва збіраецца падаць гэты пазоў таму, што Беларусь парушыла Пратакол супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветру. Гэта пратакол да Канвенцыі ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці. І Літва, і Беларусь з’яўляюцца ўдзельніцамі гэтага пратакола з 2003 года.

І, уласна кажучы, гэты пратакол, як і любы дакумент, які замацоўвае міжнародна-прававыя правілы барацьбы з транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, увогуле пра крыміналізацыю дзеянняў фізічных асобаў, якія ў транснацыянальным кантэксце ажыццяўляюць гэтыя злачынствы. Але датычна абавязкаў дзяржаваў там як раз утрымліваецца шэраг нормаў, якія кажуць пра тое, што дзяржавы-ўдзельнікі гэтага пратаколу павінны прымаць усе магчымыя захады да таго, каб не дапускаць незаконнага ўвозу мігрантаў, адпаведна, сушай, морам і паветрам. То бок, груба кажучы, там напісана, што нельга рабіць усё тое, што Беларусь практычна рабіла. Калі сама не арганізавала ўсю гэтую гісторыю з мігрантамі. Мы бачым, у тым ліку і са словаў саміх мігрантаў, якія аказаліся закладнікамі гэтай сітуацыі, што ўсё гэта рабілася не проста праз папусціцельства беларускай дэ-факта ўлады, а пры яе актыўным удзеле.

Артыкул 20 гэтага Пратаколу – гэта артыкул пра ўрэгуляванне спрэчак. Ён замацоўвае пэўны алгарытм пазову дзяржаваў адно аднаго да адказнасці ў выпадку парушэння Пратаколу. І гэта алгарытм палягае ў наступным: спачатку мусяць быць перамовы, калі не атрымліваюцца перамовы, адзін з бакоў можа ініцыяваць зварот да працэдуры арбітражу. Але для гэтага патрэбна згода двух бакоў, бо арбітраж – гэта пагаджальная працэдура, у адрозненні ад суда. І, калі не атрымліваецца, тады цягам 6 месяцаў можна падаць пазоў у Міжнародны суд ААН.

І цікавая рэч палягае ў тым, што я пабачыла, ці ёсць агаворкі да гэтага артыкула, бо да яго могуць заяўляцца дзяржавамі агаворкі. У Беларусі агаворак няма, а ў Літвы як раз-такі агаворка ёсць. Менавіта да таго, што яна не лічыць сябе звязанай палажэннямі пра падачу пазоваў у Міжнародны суд ААН. То бок, каб падаць пазоў супраць Беларусі, Літва павінна спачатку вось гэтыя працэдуры прайсці, таму што яны не альтэрнатыўныя – гэта канкрэтна спачатку перамовы, потым спроба арбітражу і потым толькі суд, і зняць агаворку сваю.

— Калі атрымаецца ў Літвы прыцягнуць Беларусь да адказнасці, хай праз суд, у чым гэтая адказнасць можа палягаць?

— Па-першае, калі суд прыме пазоў да разгляду, ён будзе разглядаць справу па сутнасці – было парушэнне ці не. Гэта таксама будзе залежаць ад таго, якія пытанні паставіць Літва, бо суд заўжды адказвае на канкрэтныя пастаўленыя пытанні, сфармуляваныя пазоўнікам – ці было парушэнне міжнароднага права. Далей, як паказвае практыка, калі парушэнне было, то гэта аўтаматычна азначае, што краіна мусіць сплаціць урон. Гэта і рэстытуцыя, калі становішча аднаўляецца такім, якім яно было да парушэння, гэта і кампенсацыя – грашовая сплата, гэта і сатысфакццыя – сплата нематэрыяльнай шкоды.

Як правіла, дзяржавы далей самі вырашаюць, якім чынам будзе сплочвацца ўрон. Калі дзяржавы гэта не могуць вырашыць самі, то пазоўнік можа прыйсці другі раз з пазовам ужо канкрэтна аб сплаце ўрону. І ў ім суд будзе вызначаць канкрэтную форму і разлічваць кампенсацыю. Вось такі прыкладна будзе алгарытм. То бок, зыходзячы з таго, што зараз заяўляецца Міністэрствам юстыцыі Літвы, то яны збіраюцца патрабаваць кампенсацыю.

— А ці не атрымаецца так, што выконваць гэтае рашэнне Міжнароднага суда давядзецца нейкім новым уладам Беларусі, якія не адказныя за парушэнне, а не рэжыму Лукашэнкі?

— Практыка паказвае, што самы маленькі тэрмін разгляду справы ў Міжнародным судзе – 2 гады. І ёсць і 7 гадоў, і 8. Таму невядома, якая ўлада будзе ў Беларусі на момант вынясення рашэння. Але, важна разумець, што гэты пазоў падаецца не супраць рэжыму Лукашэнкі, а супраць дзяржавы Беларусь. Міжнародны суд, і арбітраж не разглядаюць пазовы дзяржаваў супраць рэжымаў, ён разглядае пазовы дзяржавы супраць дзяржавы. Сёння дзяржава Беларусь, як публічнае ўтварэнне, ёсць, яна дзейнічае, нікуды яна не падзелася.

І, калі так атрымаецца, што зменіцца рэжым і прыйдзе новая ўлада падчас разгляду, тут будзе залежаць ад Літвы. Калі Літва палічыць, што ў яе прэтэнзіі толькі менавіта да мінулай улады, то яна можа адклікаць пазоў. Але з іншага боку мы павінны разумець, што парушае дзяржава. І бокам Пратакола будзе Беларусь, а не рэжым Лукашэнкі. Таму можа такое быць, што новая ўлада атрымае ў спадчыну вось гэтае рашэнне суда.

Сутнасць у тым, што разбіральніцтва ў Міжнародным судзе накладае на бакі пэўныя рамкі. У тым ліку і павінны быць дастаткова кампетэнтныя юрысты для таго, каб рыхтаваць гэтую пазіцыю, каб разумець увогуле сутнасць гэтай працэдуры, для таго, каб выглядаць там годна ў прававым сэнсе і быць здольным пераканаўча прадстаўляць аргументацыю. Я магу ўявіць нават паводле прозвішчаў, хто ў нашым Мінюсце разумее ўвогуле, што гэта такое, і някепска разбіраецца ў гэтым. Але гэта пара чалавек. Увогуле мне складана ўявіць Беларусь у гэтым працэсе, але з прафесійнага гледзішча мне было б вельмі цікава пачытаць беларускі мемарандум.

Важна разумець, што, калі пазоў будзе вырашаны, наўрад ці цяперашняя ўлада будзе нешта плаціць. Але сам факт падачы гэтага пазову і ўцягвання сённяшніх беларускіх уладаў у гэтае разбіральніцтва – яны абавязаныя будуць адказваць, яны абавязаныя будуць увесь час у гэтай працэдуры быць, і для іх гэта будзе вельмі раздражняльны чыннік. Гэта тое, што будзе патрабаваць ад іх сталых намаганняў, сталае ўвагі і адцягвання на гэта. Гэта таксама роля гэтага пазову вялікая.

Цалкам размову са спадарыняй Кацярынай Дзяйкала слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.