З пачаткам вайны беларусы ва Украіне падпалі пад абмежаванні па нацыянальнай прыкмеце. Заблакаваныя карткі і рахункі, цяжкасці з легалізацыяй і адмовы абслугоўваць у розных сэрвісах праз беларускае грамадзянства. Валанцёрка і актывістка Ірына Лукашэнка распавяла некалькі ўласных прыкладаў адмоўнага стаўлення да беларусаў праз нацыянальнасць.
Ірына Лукашэнка пераехала з Беларусі ва Украіну па палітычных прычынах у траўні 2021 года. Краіна стала для яе другім домам, які яна не хоча пакідаць нават пад час вайны. Дзяўчына жыве ў Кіеве, дзе па яе словах, больш-менш спакойна. Аднак, час ад часу са свайго вакна Ірына назірае выбухі.
Дзяўчына шмат ездзіць па краіне. Нядаўна была ў Херсоне, кажа, што там маральна значна цяжэй, бо выбухі чутны літаральна кожныя паўгадзіны. Ірына займаецца валанцёрскай дапамогай у тым ліку і беларусам.
Яшчэ напачатку вайны львоўскі бар «Перамога» абвясціў, што не будзе абслугоўваць расін і беларусаў. Пазней беларусам абслугоўванне там дазволілі. Але калі без наведвання бара можна абысціся, каб не нарывацца на варожае стаўленне, то без такіх сэрвісаў, як банкі, ці пошта значна цяжэй.
Нядаўна Ірыне праз пошту даслалі грашовы перавод, які яна атрымала толькі з чацвёртага разу. Як толькі супрацоўнікі бачылі яе беларускі пашпарт, адразу адмаўлялі па розных прычынах. То наяўных у касе няма, то камп’ютар не працуе. Апошнім разам і грошы былі ў усё працавала, але супрацоўнікі сказалі, што беларусаў не абслугоўваюць. Маўляў, такі загад кіраўніцтва. Атрымаць перавод Ірына змагла толькі ў цэнтральным офісе «Укрпошты», пасля доўгіх кансультацый супрацоўнікаў з кіраўніцтвам. Выдалі грошы па ўкраінскай даведцы, што дзяўчына падала запыт на абарону як уцякачка.
Такія выпадкі не адзінкавыя. Напрыклад, для атрымання польскай візы ў консульстве ва Львове, трэба аплаціць паслугі. Гэта магчыма зрабіць толькі праз «KredoBank», у якім таксама беларусаў не абслугоўваюць. Там Ірыне адмовілі ў абслугоўванні і па той самай даведцы і па пашпарце. Дапамог украінскі сябра, які аплаціў паслугу па сваім пашпарце.
Прыкметна, што ніякіх пісьмовых дакументаў і загадаў, адпаведна якіх прыпынена аказанне паслуг беларусам, ніхто не паказвае. Дакладна не вядома, гэта таму, што іх не існуе, альбо яны выключна для ўнутранага карыстання. Супрацоўнікі часцей спасылаюцца на вусныя загады кіраўніцтва. Аднак ад гэтага беларусам свае правы адстойваць не лягчэй.
Тыя ўжо нямногія беларускія валанцёры і праваабаронцы, што працягваюць заставацца ва Украіне, намагаюцца гэтыя пытанні ўздымаць. Але пакуль безвынікова. Ірына Лукашэнка ўласна сама пісала розныя скаргі і звароты, аднак разумення, як вырашыць гэтыя праблемы няма.
Нягледзячы на праблемы, Ірына Лукашэнка плануе заставацца ва Украіне, бо лічыць Кіеў сваім домам і хоча дапамагаць краіне ў яе барацьбе з расійскай навалай. Дзяўчына лічыць важна, каб украінцы бачылі, што беларусы на баку Украіны супраць агульнага ворага.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.