Аляксей Палуян – адзін з самых мэйнстрымавых беларускіх кінарэжысёраў. Прэм’ера яго «Куража» адбылася на Берлінале, пасля чаго стужка пра беларускія пратэсты трапіла ў лонг-ліст «Оскара» і праехалася з паказамі па ўсім свеце.
Свой рэжысёрскі топ Аляксей Палуян каментуе так:
«Гэта і сучасныя аўтары, і людзі, якія ўжо скончылі сваю працу. Увогуле, заўсёды вельмі складана выбіраць, але давайце паспрабуем».
1. Віктар Аслюк
Рэжысер з адметным стылем, вельмі таленавіты чалавек. Упэўнены, што ён бы раскрыўся яшчэ больш, калі б жыў у краіне, якая паважае сваіх мастакоў. Фільмы Аслюка, якія я б параіў паглядзець? Мне вельмі падабаецца яго «Драўляны народ», «Эпітафія», шмат іншых стужак.
2. Віктар Дашук
Настаўнік многіх беларускіх рэжысёраў. Чалавек, які пачаў здымаць дакументальнае кіно яшчэ ў 60-х гадах, працаваў са Святланай Алексіевіч і яе цыклам «У вайны не жаночае аблічча». Вельмі раю яго фільмы.
3. Андрэй Куціла
Наш сучаснік, мой зямляк. Мой сябар. У Андрэя вельмі цікавы фільм «Сума». Таксама звярніце ўвагу на стужку «Стрыптыз і вайна». Фільм пра адрозненні пакаленняў. Вельмі пасуе нашаму часу.
4. Валерый Рубінчык
Яго фільмы я паглядзеў, калі вучыўся ў Германіі. Мая прафесарка паказвала нам з нямецкімі студэнтамі «Дзікае паляванне Караля Стаха». Вельмі візуальная стужка. Вельмі моцна ўздзейнічае нават сёння, хаця і знятая ў васьмідзясятыя.
5. Максім Швед
Максіма я ведаю па яго «Чыстым мастацтве» пра мастака Захара Кудзіна. Гісторыя вельмі пасуе пад тую рэальнасць, якая сёння нас накрыла. Дзве жанчыны-камунальшчыцы – як калектыўны беларускі чыноўнік, які замалёўвае ўсё, што жывое. Забівае ўсё, што жывое. Выразае ўсё, што жывое. Навошта? Адказу ў іх няма. Вельмі актуальная стужка.
Падрабязней пра топ-5 беларускіх рэжысёраў па версіі Аляксея Палуяна слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.