Loading

Улады Беларусі працягваюць пашыраць спіс так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, дадаючы туды ўсё больш і больш нечаканыя рэчы. Суд Маладзечанскага раёна на патрабаванне мясцовай пракуратуры прызнаў экстрэміскімі матэрыяламі кліп на песню гурта Sumarok з назваю «Чэрці», а таксама асабістую старонку лідара гурта Ігара Палынскага ў сацыяльна сетцы ВКонтакте. Вось як у нашай з ім размове на такое прызнанне адрэагаваў сам Ігар Палынскі.

— Гэта проста рэпрэсіўная машына тупіць, насамрэч. Бо яны вельмі шматступенчата ішлі да гэтага рашэння, і спачатку яны прызналі экстрэмісцкім мой каментар аднаму беларускаму медыя з нагоды выхаду гэтага кліпа. То бок, яны настолькі замарочыліся. Пасля, да прызнання кліпа экстрэмісцкім паўтара года я, хіба, чакаў. Я адчуваў, што так здарыцца рана ці позна. І вось суд Маладзечанскага раёна, нарэшце, разрадзіўся такім вось рашэннем на патрабаванне пракуратуры, наколькі мне стала зразумела з той інфармацыі, якая да мяне дайшла. 

Што тычыцца самога кліпа – гэта песня, якая была напісаная ў 2015-м, як рэфлексія на 2010-ы, а выпушчаная напярэдадні выбараў 2020-га. Кліп мы здымалі праз некалькі тыдняў ад пачатку ўсяго гэтага трэша. У першыя дні верасня, можа быць, нават, 1 верасня мы яго выпусцілі, хаця я магу ўжо памыляцца. 

Там выкарыстоўваліся кадры з пратэстаў у Маладзечне. І герой кліпа проста ідзе па вуліцах горада і накладваюцца здымкі ў асноўным мае ж, або маіх калегаў, гэтых вось лакацыяў падчас пратэстаў, калі там сілавікі збівалі людзей, калі там шарэнга выстайвалася, калі натоўп АМАПаўцаў заходзіў у маладзечанскі парк. Карацей, такія там кадры былі. І вось, відаць, яны зараз вырашылі, што гэта безумоўны экстрэмізм. 

Хаця, у прынцыпе, у некаторай ступені я з імі згодны, таму што, сапраўды, тое, што тварылі тады сілавікі – гэта нічога іншага, акрамя як экстрэмізм. Так я б сказаў. Ну будзем лічыць, што яны самі сябе экстрэмістамі прызналі. Ну і нарэшце. 

— Акрамя таго, яны яшчэ і даведаліся, што і старонка твая ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте, чамусьці менавіта, экстрэмісцкая. Што ты можаш сказаць з гэтай нагоды? 

— У мяне адна з першых думак была: божа ж мой, гэта ж яны яшчэ не бачылі мой Twitter і Facebook! Таму што ВКонтакте – я апошнія гады амаль што ім не карыстаўся. Там час ад часу нейкія проста лінкі на артыкулы мае альбо маіх калегаў, якія мне здаюцца вартымі таго, каб імі падзяліцца. Там нашы песні. Ну вось такое ўсё. Нічога трэшовага такога, за што сапраўды можна зачапіцца, няма. Але ж, зразумела, што нават выява бел-чырвона-белага сцяга ўжо зараз прыводзіць да надання такога статусу любому чалавеку, старонка якога трапляецца ў іх поле зроку. 

Яны, відаць, вырашылі прагугліць пасля кліпа, хто ўвогуле я такі, што за чувак. І знайшлі пра мяне шмат згадак ВКонтакте менавіта, і вырашылі вось такую дзіч зрабіць. Мне было вельмі смешна і крынжова ў некаторай ступені, бо – сур’ёзна? Ну, блін, мне хочацца спытаць, чувакі, вы на поўным сур’ёзе там? Што вы ўжываеце? Бо гэта ў маёй галаве не ўкладваецца для чаго гэта ўвогуле рабіць. Я за мяжой. Што яны хочуць, чаго яны спрабуюць дабіцца? 

— Ну зараз можна тваіх сяброў, тваіх падпісантаў браць у «раскрутку», так бы мовіць. Таму, я думаю, трэба папярэдзіць людзей, якія не ў курсе. 

— Я папярэдзіў, безумоўна. Я адразу напісаў на сваёй старонцы пост з прапановай выдаліцца з сяброў усім, хто адчувае небяспеку знаходжання маёй старонкі ВКонтакте ў сябрах у гэтых людзей. Божа мой, які сюр… 

Ну ўвогуле, я напэўна выдалю ўвогуле старонку. Гэта пра бяспеку, канешне, пытанне. Толькі мне б хацелася захаваць спачатку ўвесь архіў. Бо, сапраўды, гэта мая вельмі старая старонка. Яна створаная была, хіба, у годзе 2010-м. І там вельмі шмат такіх розных фотачак юнацкіх. Яны закрытыя, канешне, усе, да іх доступ толькі я цяпер маю. ВКонтакте, на жаль, нельга схаваць спіс фрэндаў. Ну то, хіба, гэта слушнае будзе рашэнне выдаліць гэтую старонку і зрабіць людзям бяспечна. 

Бо ў царстве поўнага сюррэалізму і трэшу, чым зараз з’яўляецца дзяржава Рэспубліка Беларусь, ты проста не ведаеш, як па-іншаму сябе паводзіць і як трэба паступаць.

— А як на гэтыя навіны аб прызнанні старонкі і кліпа, прычым, сама песня, я так разумею, не з’яўляецца (экстрэмісцкім матэрыялам), то бок, аўдыя круціць можна…

— Самае забаўнае, дарэчы, што я гэтую песню ў 2020-м годзе спяваў у прамым эфіры радыё «Сталіца». У пачатку 20-га года ў мяне там быў канцэрт у перадачы Марыны Савіцкай «Крок да рока». І я спяваў гэтую песню і ўсё было акей. Нікога радкі «верыць у лёс Беларусі шчаслівы» тады не трыгернулі, скажам так. 

— Як на гэтыя навіны адрэагавалі твае сябры, знаёмыя, калегі? 

— Безумоўна, усе пачалі віншаваць. Таму што гэта, як бы, такі, ведаеш, ужо статус, ступень прызнання. Бо я столькі часу ўжо працую ў розных «экстрэмісцкіх» медыя – той жа Мост, які мы з Русланам Кулевічам стваралі. І, як мне вядома, я другі беларускі журналіст пасля Руслана, старонку якога непасрэдна персанальную, прызналі экстрэмісцкай. 

Ну што я магу сказаць?! Ну дзякуй! За прызнанне.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.