Беларускі журналіст, рэдактар выдання orsha.eu Ігар Казмерчак абвешчаны ў міждзяржаўны вышук за абразу Лукашэнкі. Для радыё Ўнэт ён пракаментаваў гэту навіну.
Пра пагрозу абвяшчэння ў вышук журналісту раней казала следчая, якая звязвалася з ім праз тэлеграм і намагалася выклікаць яго на допыт. Запытвала, дзе ён, калі прыедзе. Ён адказаў, што з улікам падзей на фронце, можа і да новага году прыедзе. На гэтым допыт праз Тэлеграм скончыўся.
Ігар Казмерчак кажа, што шчыра не ведае, чым мог абразіць Лукашэнку і ад чаго той адчувае сябе няшчасным. Матэрыялы справы журналіст не бачыў. Але мае здагадку, што пераслед можа быць звязаны з ягонымі блогамі з зоны баявых дзеянняў.
Ігар сустрэў вайну 24 лютага ў Чарнігаве і пакуль гэтыя тэрыторыі не звольнілі ад акупантаў, знаходзіўся там.
З пачаткам акупацыі ён пачаў весці відэаблог «Дзённікі з зоны баявых дзеянняў», у якім распавядаў усё, што адбывалася ў горадзе. Магчыма, пад час адных з такіх стрымаў і прагучалі выказвання, якія маглі быць расцэненыя як абраза.
Там гучалі меркаванні наконт удзелу беларускай арміі ў гэтай вайне. А таксама меркаванні аб тым, што ў Лукашэнкі засталося суверэнітэту толькі на тое, каб у розных касцюмчыках ездзіць па фермах і несці нікому непатрэбную ахінею. Можа дзесьці ў гэтым спічы і было сказана тое, што магло пакрыўдзіць самага няшчаснага чалавека ў Беларусі, – мяркуе журналіст.
Новы статус чалавека ў росшуку ніяк не паўплывае на жыццё Ігара Казмерчака, бо росшук абвешчаны ў межах СНД. А па ягоных словах у Расіі за сваё жыццё ён быў толькі чатыры разы, а зараз тым больш не плануе наведваць гэтую краіну. Таму настрой рабочы, нармальны. Толькі з сябрамі з’явіліся новыя жарты наконт таго, што ў адрозненні ад многіх Казмерчак праз пераслед рэжымам выйшаў на міжнародны ўзровень.
Падрабязней слухайце ў плэеры нижэй.
Comments are closed.