Loading

Маладая, адукаваная і нядрэнна забяспечаная – так коратка можна ахарактарызаваць беларускую дыяспару, кажуць аўтары анлайн-даследавання, праведзенага Цэнтрам новых ідэй. Большая частка выехаўшых беларусаў пражывае ў Польшчы, Грузіі і Літве. 42% плануюць вярнуцца ў Беларусь. Асноўная прычына, чаму яны не могуць гэтага зрабіць зараз, – рэжым Лукашэнкі.

«Колькі сёння беларусаў пражывае за мяжой, палічыць немагчыма», – кажа адзін з аўтараў даследавання Генадзь Коршунаў. У поле зроку навукоўцаў патрапіла толькі актыўная іх частка: беларусы, якія маюць выразную грамадзянскую пазіцыю, дзейнічаюць на карысць Беларусі і дапамагаюць суайчыннікам.

«Беларускую дыяспару можна ахарактарызаваць як маладую, адукаваную, прафесійную і нядрэнна забяспечаную. Больш за 70% гэта людзі ва ўзросце да 40 гадоў. Пераважная большасць мае вышэйшую адукацыю. У нас крыху больш мужчын, гэта звязана са спецыфікай экстраннага ад’езду, калі мужчыны раней зʼязджаюць, а пасля перавозяць сямʼю. Пытанне даходу: высветлілася, што фактычна палова – гэта тыя людзі, якія як мінімум могуць лёгка набыць сабе аўтамабіль».

Скрыншот з вынікаў даследавання Цэнтра новых ідэй.

Большая частка беларусаў замежжа – 45% зараз пражывае ў Польшчы. 10,1% жыве ў Грузіі, 8,4% – у Літве, 6,4%– у Германіі.

Самы вялікі адток беларусаў з краіны адбыўся ў 2020-21 гадах, але ядро дыяспары складаюць тыя, хто з’ехаў раней, да 2015 года. Гэтыя людзі жывуць у краінах Старой Еўропы, Новага свету і Расіі. 2021 год максімальна папоўніў дыяспару Польшчы, 2022 год – Літвы і Грузіі.

Апошнія гады прычына эміграцыі – бяспека, персанальны пераслед, імкненне пазбегнуць арышту. Да гэтага беларусы зʼязджалі з-за адсутнасці перспектыў.

Значная частка тых, хто зараз жыве за мяжой – каля 42%– плануе вярнуцца, чвэрць – не плануе, а яшчэ трэць не вызначылася. «Асноўная прычына, якая перашкаджае вяртанню на радзіму, – рэжым Лукашэнкі», тлумачыць Генадзь Коршунаў.

«На кастрычнік 2022 года мы маем умоўна аптымістычную сітуацыю: 42% апытаных плануюць вяртацца ў Беларусь, 25% – не плануюць. Пры гэтым «адназначна вярнуся» кажуць амаль 18%, «дакладна не вярнуся» – 6%. Самы распаўсюджаны варыянт адказу – «цяжка сказаць».

Вельмі шмат залежыць ад імя і фактара Лукашэнкі. Прычым апошнім часам ступень значнасці гэтага фактару змяншаецца. Пра што гэта сведчыць? Што ўключыўся фактар часу, калі людзі, пакінуўшыя Беларусь, паступова пачынаюць «пускаць карані».

Але нават прынятае рашэнне не вяртацца, не азначае разрыву з Беларуссю. З тых, хто вяртацца не плануе, 70% разлічваюць пасля, калі Лукашэнкі не будзе пры ўладзе, у тым ці іншым выглядзе прымаць удзел у развіцці краіны».

Дзейнасць дыяспары зараз накіравана ў першую чаргу на карысць Беларусі і беларусаў: гэта як фінансавая, так і нефінансавая дапамога.

«Прычым беларуская дыяспара сябе недаацэньвае і песімістычна ставіцца да сваёй актыўнасці», – кажа яшчэ адзін аўтар даследавання Максім Кудрэвіч. А вось беларусы ўнутры краіны ў адносінах да суачыйннікаў за мяжой настроены не так крытычна і звязваюць з імі пэўныя надзеі.

Беларусы ўнутры краіны лічаць, што для беларусаў замежжа найбольш эфектыўная і карысная дзейнасць для дасягнення мэтаў пратэсту – пазіцыянаванне таго, што беларускі народ і рэжым з’яўляюцца двума рознымі субʼектамі. Беларусы высока цэняць магчымасць дыяспары выступаць у якасці публічных лідараў, магчымасць выказваць сваю пазіцыю Высока цэняць магчымасць журналісцкай і праваабарончай дзейнасці. Сама дыяспара бачыць больш шырокі спектр актыўнасцей, да прыкладу, сюды ўваходзіць падтрымка і ўдзел у ініцыятывах і праектах, якія запускаюць беларусы за мяжой».

Скрыншот з даследавання Цэнтра новых ідэй.

Асобны блок даследчыкі прысвяцілі дыскрымінацыі беларусаў. Вынікі кажуць: вайна адбілася на стаўленні да беларусаў за мяжой, але гэта не носіць сістэмнага характару.

«У асноўным формы дыскрымінацыі, якія нам удалося выявіць, звязаны з абразамі, як у Інтэрнэце, так і ў асабістым жыцці. Важна абазначыць два пункты: адмова ад абслугоўвання ў банку і адказ у найме жылля. З гэтым у асноўным сутыкалася тыя беларусы, якія прыязджалі ў 2022 годзе. Есць краінавая спецыфіка формаў дыскрымінацыі: адмовы ў абслугоўванні назіраліся ў Паўднёвай Еўропе і ва Украіне. Часцей за ўсё беларусы сустракаліся з дыскрымінацыяй у Грузіі і краінах Каўказа. І менш за ўсё было дыскрымінацыі ў краінах Старой Еўропы і Новага свету».

Скрыншот з даследавання Цэнтра новых ідэй.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.