Loading

Бадзёрыя шпацыры па польскай сталіцы ён робіць з беларускім акцэнтам. «Спасцігаем цудоўную Варшаву разам!», − піша гісторык Юры Кушынаў у сваім блогу і запрашае беларусаў польскай сталіцы далучацца да яго экскурсій. Маршруты праходзяць амаль кожныя выходныя. Гэта і самыя вядомыя турыстычныя кропкі Варшавы, і яе аддаленыя раёны. 

− Я скончыў гістфак БДУ, і мне заўсёды падабалася распавядаць людзям штосьці цікавае, прычым у прыемнай форме. Я вадзіў экскурсіі па Менску, па Беларусі. Мой экскурсійны праект быў даволі малады, пасля прыйшлося вымушана з’ехаць. Але і на новым месцы я хачу спасцігаць, дазнавацца і дзяліцца з людзьмі сваімі ведамі, − распавядае Юры. 

− У вас ёсць ужо любімыя раёны ў Варшаве? 

− Адзін з топавых − Прага. Падабаецца і Стары горад. Для мяне гэта заўсёды прыклад таго, як адрозніваецца гісторыя аднаўлення ў Беларусі і Польшчы. З якім шанаваннем і павагай паялкі ставяцца да сваёй мінуўшчыны. У іх атрымалася аднавіць дух горада, які быў вынішчаны. Мне падабаюцца Павонзкі, якія чымсьці нагадваюць менскую Кальварыю. Я люблю вадзіць экскурсіі па старых некропалях. На Павонзках, дарэчы, пахавана шмат людзей, чый лёс быў звязаны з Беларуссю. Напрыклад, каханая Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант. 

− Экскурсіі адбываюцца па суботах. Які будзе чарговы маршрут? 

− 18 сакавіка будзе другая частка экскурсіі, прысвечанай Варшаўскаму гета. Гэта трагічная, жалобная старонка з жыцця горада. Але вельмі цікавая, бо шмат аскепкаў гэтай гісторыі тут захавалася. Увогуле, імкнуся да таго, каб маршрутаў было як мага больш. У Менску ў мяне было іх каля 30. У Варшаве я гэты пазл яшчэ да канца не сабраў. 

Размову цалкам пра беларускія маршруты ў Варшаве, іх падрыхтоўку і многае іншае слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Comments are closed.