Loading

Гурт NRM збіраецца ехаць з канцэртам ва Украіну да ваяроў Палка імя Кастуся Каліноўскага. Пры гэтым музыкі хочуць  прыехаць да вайскоўцаў не з пустымі рукамі. Яны абвясцілі збор сродкаў для набыцця таго, што неабходна ваярам. Пра ідэю і яе рэалізацыю распавёў лідар гурта NRM Піт Паўлаў.

— Я адразу, як пачаліся баявыя дзеянні – вось гэтая «гарачая фаза», хацеў трапіць да іх. Спачатку нават хацеў паехаць проста ваяваць. Але потым з’явілася ідэя, што было б някепска іх падтрымаць канцэртам. І, калі я пачаў шукаць шляхі, высвятлілася, што яны таксама хацелі б, каб менавіта я да іх і прыехаў. І вось, калі гэтыя два жаданні сутыкнуліся ў адным месцы, я вырашыў, што гэта абавязкова трэба зрабіць. 

І, калі ўжо ўсё было гатова для гэтага, мне тут палякі сказалі: «А што ты паедзеш пусты? Трэба завезці ім нешта патрэбнае, нейкія патрэбныя рэчы – гуманітарныя і не толькі». І вось з гэтай нагоды, каб не ехаць пустым, мы арганізавалі… Па-польску гэта называецца «zrzutka». У беларускай мове мы скідваемся грашыма. І гэта такі «скідон». Слова такога няма, але трэба, каб з’явілася. Гэтая зборка грошаў, калі кожны дасць 10 даляраў, то мы адразу набярэм патрэбную суму. Калі няма 10-ці, шкада, можна закнуць 1 даляр. Вось я прапаную кожнаму, усё ж-такі, закінуць гэты адзін даляр. 

1 даляр нічога не вырашае, але, калі 10 тысяч чалавек закідваюць па адным даляры, то адразу ўсе праблемы вырашаюцца, і можна будзе падтрымаць, набыць нешта неабходнае. Ці нават не самае неабходнае. Таму што не сакрэт, што маладыя мужчыны любяць паласавацца чым-небудзь салодкім, чым-небудзь смачным. Вось гэта мы плануем для іх набыць.  

Ну і зайграць канцэрты. У Кіеве і, калі атрымаецца, там бліжэй да фронту. Ужо на фронт мы не палезем, у акопы, няма чаго нам там рабіць. Але вось там ёсць такая зона «0», і ёсць «1». Вось на гэтай «адзінцы», магчыма, атрымаецца сыграць. Вось такія планы. 

— Як Вы ўспрымаеце тое, што адбываецца зараз ва Украіне, тое, што робяць там беларусы? 

— Для мяне яны ваююць і за Украіну, і за нас за ўсіх. Таму што ў 2020 годзе мы ператварыліся ў такіх эльфаў – сіл дабра. Але, дзякуючы намаганням аднаго чалавека і ягоным памагатым, наша краіна зараз мае імідж удзельніка вайны па баку Расіі. І вось гэтыя людзі, толькі яны, з’яўляюцца нашымі героямі, і яны нас усіх адмываюць  ад гэтага кляйма чорнага. Проста,  дзякуючы толькі ім, нельга сказаць, што беларусы… Не толькі ім, але яны з’яўляюцца авангардам і самай галоўнай сілай, якая сведчыць пра тое, што Беларусь з іншага боку гісторыі. 

— Распавядзіце падрабязней пра збор. Дзе ён адбываецца, і, магчыма, калі Вы маеце сувязь з хлопцамі, ёсць канкрэтныя мэты, якія яны прасілі? 

Мы будзем набываць толькі тое, што яны напісалі ў спісе. Мы самі маглі б нешта выдумляць, але мы атрымалі дакладны спіс, што патрэбна ў першую чаргу, у другую, трэцюю, чацвертую, пятую. Гэта рэчы, якія зацверджаныя кіраўніцтвам Палка Каліноўскага і ўзгоджаныя з самімі хлопцамі. Я пачуў і саміх хлопцаў, шэраговых, і пачуў кіраўніцтва. 

Наконт грошаў, гэта ўсё будзе апублічана. Гэта zrzutka.pl, там можна сачыць у рэальным часе. Я прапаную людзям не адкладаць на заўтра, а вось зараз па гэтай спасылачцы зайсці, клікнуць на яе, і, там вельмі проста, і заплаціць гэты 1 даляр, 5 злотых, 10 рублёў. І, калі гэтыя грошы збяруцца, вы будзеце бачыць, якая там будзе сума. Мы закупім неабходныя рэчы і выкладзем у інтэрнэт справаздачу за кожны злоты, за кожны рубель, за кожны даляр. Мала таго, я яшчэ буду гандлявацца за самыя нізкія цэны, каб усё гэта было максімальна эфектыўна патрачана. Вось такі план. Іншага ў мяне пакуль што няма. 

Зрабіць ахвяраванне на падтрымку Палка імя Кастуся Каліноўскага праз гурт NRM можна тут.

Цалкам размову з Пітам Паўлавым слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.