Loading

Масавыя пратэсты выбухнулі 7 сакавіка ў Тбілісі. Шматтысячная пратэстная акцыя пачалася пад вечар на праспекце Шато Руставэлі каля грузінскага парламента. Як раз у той дзень парламент, у якім галоўную ролю адыгрывае кіроўная партыя «Грузінская мара», прыняў у першым чытанні законапрект «Аб агентах замежнага ўплыву». Гэта аналаг расійскага закона аб інагентах. У выніку пратэстную акцыю грузінскія сілавікі разганялі з выкарыстаннем вадамётаў, слезацечнага газу, гумавых куляў і светлашумавых гранат. Але ўжо ўдзень 8 сакавіка на вуліцы Тбілісі выйшла яшчэ больш людзей, увечары сітуацыя зноў абвастрылася, з’явіліся першыя параненыя. Пратэстныя акцыі таксама прайшлі ў шэрагу іншых гарадоў, у тым ліку і ў Батумі.

Адкуль узяўся законапраект аб агентах замежнага ўплыву і чаму выклікаў такое непрыняцце ў грамадстве –каментуе грузінскі палітолаг, экс-дэпутат парламента, а цяпер старшыня Прагрэсіўнага форуму Грузіі Дзімітрый Цкіцішвілі.

Чаму гэты закон выклікаў хвалю пратэстаў? Мяркую, што і праз змест, і праз кантэкст, у якім гэты законапраект быў прадстаўлены. Спачатку кантэкст: гэты праект быў ініцыяваны ў працэсе нарастання крытыкі з боку часткі парламенцкай большасці датычна нашых заходніх партнёраў і раздзьмування нейкай канспіралагічнай тэорыі наконт таго, што Грузію хочуць уцягнуць у працэс гарачай вайны, адкрыццё другога фронту і такое іншае.

Адпаведна, гэты законапраект быў прадстаўлены самімі ініцыятарамі як інструмент уплыву на грамадскія арганізацыі, якія падрываюць так званы аўтарытэт і стабільнасць Грузіі. Меліся на ўвазе нашы заходнія партнёры. Магчыма фармальна, калі яны гавораць пра законапраект, яны гавораць толькі пра працэсы транспарэнтнасці грамадскіх арганізацыяў, але насамрэч, працэсы абмеркавання, працэсы дыскусіяў у тэледэбатах – усюды яны гавораць, і іх сістэма сацыяльных сетак таксама падтрымлівае гэты наратыў, што гэты закон дзеля стрымлівання хвалі ціску з боку Захаду.

А з іншага боку, большасць грамадства нашага грузінскага, падтрымліваюць грузінскі празаходні кірунак, інтэграцыю Грузіі ў еўрапейскія структуры і структуры трансатлантычнага альянсу. То бок, гэта адназначны кансэнсус у Грузіі. І супраць гэтага калі палітычная сіла ідзе і прадстаўляе такі законапраект, адпаведна, рэакцыя вельмі, так бы мовіць, натуральная. І масавыя пратэсты, я мяркую, толькі пачынаюцца.

Усё яшчэ толькі пачынаецца. Гэта першы дзень быў пасля прыняцця ў першым слуханні гэтага законапраекту. Адпаведна, я чакаю, што па меры прасоўвання гэтага законапраекту грузінскае грамадства будзе ўсё больш і больш супрацьстаяць гэтаму ўсяму.

З іншага боку, змест гэтага законапраекту таксама кажа, што гэты законапраект не пра транспарэнтнасць грамадскіх арганізацыяў, а пра стварэнне легальнага рэпрэсіўнага механізму для стрымлівання іх працы. І гэта ў тэксце вельмі дакладна і яскрава чытаецца. То бок, санкцыі шалёна жорсткія і цалкам не адпавядаюць іншым больш-менш адэкватным санкцыям, якія маюцца паводле грузінскага заканадаўства – Падатковы кодэкс ці іншыя такія ж адміністрацыйныя парушэнні, якія ёсць у грузінскім заканадаўстве. Яны ў 10-15-20 разоў вышэйшыя за звычайныя штрафы, якія могуць быць прад’яўленыя нейкім арганізацыям, бізнэсу ці індывідуальным асобам за парушэнне нейкіх адміністрацыйных правілаў.

То бок, гэтым законам ствараецца легальны інструмент стрымлівання ці нават спынення працы некаторых грамадскіх арганізацыяў, якія будуць замінаць кіраўніцтву Грузіі праводзіць спрэчную палітыку. Адпаведна, гэта ўсё зразумелі грамадскія арганізацыі, якія з’яўляюцца зараз у авангардзе гэтага працэсу, прадставілі свае аргументы грамадству і грамадства згаджаецца больш з гэтымі арганізацыямі, чым з аргументамі кіроўнай партыі, у якой яны такія вельмі нелагічныя і слабыя, неаргументаваныя.

Гэты шлях, які зараз прымае кіроўная партыя – гэта паварот ад дэмакратыі да аўтарытарызму. А гэты шлях непрыймальны грузінскаму грамадству. І вельмі складана навязаць такую сістэму грузінскаму грамадству. Большая частка грузінскага грамадства па сутнасці сваёй ужо вольная. І яны не змогуць прымаць, не будуць стрымлівацца пры ціску з боку ўраду. І гэтыя пратэсты, я мяркую, будуць усё болей і болей нарастаць.

У нас зараз з’явіўся гістарычны шанец атрымаць статус кандыдата ў Еўрапейскі саюз. Адпаведна, пачаць гэты працэс інтэграцыі, рэальны. Да таго ў нас было такое міфічнае, утапічнае жаданне. Яно стала вельмі рэальным. І дзяржава зараз, замест таго, каб рабіць канкрэтныя пэўныя крокі, каб атрымаць гэты статус і пачаць інтэграцыйны працэс, яны робяць усё наадварот. З гэтым я не думаю, што змірыцца наша грамадства, асабліва моладзь.

Цалкам размову са спадаром Дзімітрыем Цкіцішвілі слухайце ў плэеры ніжэй:

Пасля таго, як інтэрв’ю выйшла ў эфір, раніцай 9 сакавіка стала вядома, што партыі «Грузінская мара» і «Сіла народа» заявілі аб адкліканні з парламента скандальнага законапраекту «Аб агентах замежнага ўплыву». Яны заявілі, што «на закон быў налеплены ілжывы ярлык прарасійскасці, што выклікала незадаволенасць часткі грамадства».

Comments are closed.