25 сакавіка беларусы ўсяго свету адзначаць Дзень волі. А якое ж свята без песні? Вядомы беларускі музыкант і аўтар шматлікіх праектаў Сяржук Доўгушаў распавёў для нас пра сваю пяцёрку вольных кампазіцый.
«Дзень волі – свята, якое вельмі шануюць беларусы па ўсім свеце. У часы, калі ўсё забараняецца і знішчаецца, нам вельмі важна пра яго памятаць і вельмі важна спяваць нашыя песні», – кажа Сяржук Доўгушаў.
1. Пагоня
Тэкст: Максім Багдановіч
Музыка: Мікола Шчаглоў-Куліковіч
Я быў адным з тых, хто займаўся яшчэ большай папулярызацыяй гэтага гімна. У 2016 годзе адбыўся першы «Спеўны сход» па песнях пачатку XX стагоддзя. Тады мы ўпершыню і заспявалі «Пагоню». Хваляваліся, бо было даволі небяспечна, маглі прыйсці спецслужбы. Але ўсё атрымалася. Нават ёсць відэа, дзе мы спяваем вялікім натоўпам, чалавек 200-300. Пасля была аркестравая версія «Пагоні» і сумесны праект з «Годна», калі людзі заспявалі гімн па ўсім свеце.
2. Магутны Божа
Тэкст: Наталля Аресеннева
Музыка: Мікола Равенскі
Духоўны спеў, які стаў гімнам эміграцыі. Я чуў успаміны пра тое, як у царкве, дзе сабраліся вернікі розных канфесій, упершыню загучаў твор Міколы Равенскага. Кажуць, што плакалі ўсе. Гэты гімн вельмі моцна ўплывае на свядомасць беларусаў. Асабліва тых, хто знаходзіцца зараз у эміграцыі.
3. Ваяцкі марш
Тэкст: Макар Краўцоў
Музыка: Уладзімір Тэраўскі
Гімн БНР, адзін з найважнейшых спеваў беларусаў. Аўтар верша Макар Краўцоў марыў, каб яго марш стаў песняй ваяроў, гімнам! Хацелася б, каб гэтая песня гучала паўсюль. Асабліва сярод нашых сапраўдных змагароў.
4. А дзе ж тыя ваяры
Тэкст: Зміцер Сідаровіч
Музыка народная
Песня, якая ўздымае дух. Для мяне гэтая кампазіцыя вельмі сімвалічная. У Міннесоце я сабраў мужчынскі гурт, з якім мы пачыналі заняткі і спявалі менавіта «ваяроў». Уявіце, стаяць некалькі мужчын і вось так годна спяваюць:
А дзе ж тыя ваяры, што са мной хадзілі ў Крым?
Ды гэй, ды гэй-гэй, во-ха-ха, што са мной хадзілі ў Крым.
А дзе ж тыя іх мячы, што з пляча ўмелі сячы?
Ды гэй, ды гэй-гэй, во-ха-ха, што з пляча ўмелі сячы.
Як і ва ўсіх нашых народных мелодыях, у гэтай песні закладзены рух. І вось мы спяваем гэтую песню і ідзем змагацца.
5. Не загаснуць зоркі ў небе
Тэкст: Янка Купала
Музыка: Мікола Янчук
Гэтая песня вельмі вядомая сярод беларусаў замежжа. Верш Янкі Купалы пакладзены на музыку Міколам Янчуком, але гарманізаваў, аранжыраваў кампазіцыю Мікола Равенскі. Песня выконвалася як гімн у асяродку беларускіх патрыётаў. У 2020 годзе яна ўвайшла ў альбом і спеўнік «Годныя песні» Вольнага хора.
Comments are closed.