30 верасня ў сваёй кватэры быў затрыманы экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец.

Пазней з’явілася інфармацыя, што ён атрымаў 15 содняў, а на праўладным тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, з’явілася яго «пакаяннае» відэа, дзе мужчына прызнаецца, што ў 2020 годзе нібыта наведваў акцыі пратэсту, а таксама «прытрымліваецца экстрэмісцкіх поглядаў».
Павел Знавец — экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Ён быў сярод тых, хто падтрымаў імпічмент Лукашэнку ў 1996 годзе. З’яўляецца сябрам БСДП «Грамада». Шмат разоў быў затрыманы за ўдзел у мітынгах, у тым ліку ў 2020 годзе.
Сябар і паплечнік Паўла Знаўца Алесь Стральцоў:
«Павел — неабыякавая постаць. Гэта чалавек, які змагаецца з рэжымам усё сваё жыццё. Ен быў дэпутатам парламента, быў «пры ўладзе», але зрабіў прынцыповы выбар і не пайшоў служыць Лукашэнку. Такіх людзей мала і яны — «залаты фонд Беларусі».
І яшчэ ў размове:
- Павел прынцыпова застаўся ў Беларусі. Я яму не раз казаў, што знаходзіцца ў краіне, дзе яго могуць пасадзіць у любы момант, небяспечна.
- Калі я ішоў за краты ў 2008 годзе, то хацеў паказаць усяму свету, што Лукашэнка сатрап. Зараз гэта ўжо нікому даказваць не трэба. І таму няма зараз патрэбы ісці ў турму і ахвяраваць сабой. Але Павел застаўся ў Беларусі, і, у пэўным сэнсе, яго ўчынак гераічны.
- Тое, што ён атрымаў 15 содняў, яшчэ не значыць, што мы яго праз 15 содняў пабачым. Яны могуць ператварыцца ў 45 содняў, а могуць і ў 15 гадоў.
Comments are closed.