1,893 total views
Гісторык Алесь Белы распавёў для Радыё Ўнэт пра беларускія дрэвы, якія таксама з’яўляюцца часткай культурнай спадчыны беларусаў.
Апошнія некалькі гадоў апроч іншых сваіх тэмаў гісторык Алесь Белы займаецца культурна-сімвалічнай гісторыяй раслінаў. Ён напісаў шмат нарысаў пра розныя дрэвы Беларусі, што яны азначалі для нашых продкаў, як успрымаліся і адзначаліся ў літаратуры, выяўленчым мастацтве, народных традыцыях і г.д. І чым больш ён паглыбляўся ў тэму, тым выразней усведамляў, наколькі ў нас нацыянальны культ дрэва моцна занядбаны ў параўнанні з бліжэйшымі суседзямі — Польшчай і Літвой. І гэта пры тым, што ў Беларусі дагэтуль 40% плошчы пакрыта лясамі.

Пасля Другой сусветнай вайны Мінск быў вядомы сваімі ліпавымі прыстрадамі. У свой час гэтыя дарослыя дрэвы былі сабраны з былых панскіх маёнткаў па ўсёй краіне і перасаджаны ў Мінск. Але з цягам часу дрэвы няшчадна папілавалі. Увогуле стаўленне камунальных гаспадарак да дрэваў вар’яцкае. У выпадку хваробы ніхто іх не лякуе — проста вырубаюць.
Такое стаўленне збядняе сімвалічнае духоўнае жыццё беларусаў, робіць яго рабатызаваным прыдаткам бюракратычнай машыны і негатыўна адбіваецца на экалогіі, лічыць Алесь Белы. У якасці такога сумнага прыкладу можна прывесці татальна меліярыраванае Палессе. Існуючыя там буйныя гаспадаркі не разглядаюць зямлю як месца, да якога прывязана душа. Таму там і спусташэнне, частыя пясчаныя буры і пагроза ператварэння гэтага ў пустыню.
Беларусь зараз на скрыжаванні фізічнай і духоўнай дэградацыі. Каб спыніць гэта, неабходны арганізаваныя дзеянні.
А ці вядома вам, чаму таполя, ліпа, елка жаночага роду, а дуб, явар, ясень — мужчынскага? Род дрэва наўпрост звязаны з тэкстурай драўніны. Дрэвы з мяккай драўнінай, падобныя на жаночыя душэўныя якасці, маюць жаночы род, адпаведна цвёрдыя пароды — мужчынскі. У народных абрадах гэта прасочваецца вельмі ясна. Нават, могілкавыя крыжы раней ставілі жанчынам з жаночых дрэваў, а мужчынам — з мужчынскіх.
Кожнае дрэва мела свой сэнс. Напрыклад, ліпа ў апавяданні Міхася Зарэцкага выведзена ў якасці адмоўнага чорнага панскага персанажу. Гэта абсурднае параўнанне, кажа гісторык: ва ўсёй славянскай міфалогіі ліпа заўсёды была самым светлым дрэвам. Ліпа – выдатны меданос, дрэва з лекавымі якасцямі і прыемным пахам.
Ці той жа ясень. Усе вырабы рабіліся з яго, бо ён па якасцях не саступае дубу, але больш зручны для апрацоўкі. Попел ясеня — найлепшая крыніца калійных угнаенняў.

Расійскае панаванне на Беларусі пакінула свой адмоўны след і ў жыцці дрэваў. Так, еўрапейская лістоўніца, якая натуральна расла па Беларусі яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя, была няшчадна вырубленая. Балада Адама Міцкевіча «Свіцязь» звязана з лістоўніцай, бо лічылася, што гэтае дрэва дае прытулак душам людзей, якія загінулі праз звышнатуральныя здарэнні. А ў беларускім перакладзе лістоўніца была заменена на ясакар.
На Беларусі ў параўнанні з Польшчай ці Літвой вельмі запушчаная ахова гістарычных дрэваў-помнікаў. Пра гэта яшчэ Міцкевіч пісаў у «Пане Тадэвушы» з трывогай: «Колькі вас загінула пад сякерай маскоўскай?». Гэта сведчыць, што праблема існавала ўжо дзвесце гадоў таму. І паколькі расійская ўлада ўвесь гэты час фактычна захоўвалася, то і знішчэнне працягваецца дагэтуль.
Некаторыя элементы ўшанавання старых дрэваў захаваліся, але яны моцна занядбаныя, лічыць Алесь Белы. Сёлета інстытут батанікі скончыў складанне спісу самых высокіх і вялікіх дрэваў. Але гэты спіс не надта шырока распаўсюджаны, бо існуе ў выглядзе бюракратычнага дакументу, і самыя высокія дрэвы з яго не занесены ў спіс помнікаў прыроды.
Было б добра, калі мясцовыя ўлады мелі магчымасць на сваім узроўні надаваць ахоўны статус старым дрэвам, не чакаючы камісій, навуковых заключэнняў і г.д.

«Калі я кажу “культ”, я не маю на ўвазе рэлігійнае пакланенне і рытуалы. Гаворка ідзе пра ўшанаванне на ўзроўні душы і мінімальныя ахоўныя мерапрыемствы».
На жаль, пакуль у Беларусі няма мясцовага самакіравання і кантролю над уладамі знізу ўверх. Таму з дрэвамі адбываецца тое ж самае, што і з помнікамі архітэктуры. Гэта толькі здаецца, што «раптам не да законаў» стала ў 2020 годзе – у сферы аховы помнікаў, напрыклад, не да законаў было заўжды.
Але ж некаторыя беларусы на ўласным узроўні дбаюць пра дрэвы. У якасці добрага прыкладу можна прывесці стары вяз у Талуях Вілейскага раёну. Шматгадовымі высілкамі мясцовых актывістаў самы высокі вяз у Беларусі быў унесены ў спіс прыродных помнікаў.
Таксама пакуль у Беларусі немагчыма надаваць такім дрэвам уласныя імёны, як гэта робяць у Польшчы ці Літве. А гэта важна — ствараць сэнсавую прастору вакол дрэва, паказваць яго сувязь з рэальнымі людзьмі і падзеямі, якія адбываліся цягам стагоддзяў яго існавання. І гэтымі ініцыятывамі можна займацца зараз.
А аб’яднаць такія ініцыятывы магло б нацыянальнае свята дрэва, якога пакуль яшчэ на Беларусі няма. Шмат краін маюць такое свята. Нават ААН яго рэкамендуе, бо падчас такіх святкаванняў адбываецца высадка новых дрэваў і іншыя экалагічныя і культурніцкія мерапрыемствы, звязаныя з клопатам аб раслінах. У Беларусі такое свята можна было б ладзіць у кастрычніку.
«Я літаральна лічу, што трэба звярнуцца да дрэваў па моц. Можа гэта гучыць неяк па-паганску, але гэта не так».
Ва іўдэйскай традыцыі ёсць свята — Новы год дрэваў. У хрысціянстве таксама існуюць важныя сэнсы, звязаныя з дрэвам, якія цалкам здымаюць паганскае бачанне.
Дрэвы злучаюць пакаленні. Раней на нашай зямлі людзі мелі недаўгавечныя будынкі, якія немагчыма было перадаваць праз пакаленні, і менавіта дрэвы былі самай стабільнай часткай іх сусвету, якую перадавалі нашчадкам разам з успамінамі. Яны ўвасаблялі пераемнасць.
Таму і ўяўленне пра сусвет сфармавалася па аналагу дрэва з каранямі, ствалом і кронай. У нас жа гэта заменена на камуністычна-атэістычныя псеўданавуковыя, паразітычныя веды, якія не ўзбройваюць чалавека, а абмяжоўваюць ягоную свабоду.
Comments are closed.