Loading

Беларусы, якія, нягледзячы на вайну, засталіся жыць ва Украіне, не засталіся ў баку ад жалобнае даты ў нашай гісторыі – Ночы расстраляных паэтаў. Ва Украіне гэтая тэма ўспрымаецца па-асабліваму, бо менавіта там зараз у гэтай жахлівай вайне адбываецца не толькі змаганне Украіны з Расіяй, але і змаганне свабоды з таталітарызмам. Тым самым таталітарызмам, які ў 1930-я загубіў тысячы жыццяў, у тым ліку сотні жыццяў паэтаў і празаікаў. Сёлета ва Украіне памятная імпрэза ладзілася ва Львове.

Львоў даўно стаў адным з цэнтраў беларускага жыцця ва Украіне. Але з пачаткам расійска-ўкраінскай вайны такая ягоная значнасць яшчэ больш узрасла. Менавіта таму тут стала магчымым правесці імпрэзу, прысвечаную Ночы расстраляных паэтаў. Асноўную арганізацыйную ролю на сябе ўзяла журналістка і грамадскай актывістка Аліна Рудзіна. Вось, што яна распавяла пра тое, як нарадзілася ідэя вечарыны, прысвечанай Ночы расстралянай паэзіі і як яна ўвасобілася ў жыццё.

«Дзесьці месяц таму я выпадкова трапіла на лекцыю Астапа Украінца. Лекцыя тычылася гісторыі ўкраінскай літаратуры і як раз перыяду «расстрэльнага адраджэння». І я сваім львоўскім сябрам сказала, што ў нас таксама ёсць такі перыяд і мы таксама шануем памяць нашых расстраляных творцаў, і яны прапанавалі мне штосьці зрабіць. Да гэтага часу мы збіралі вершы, рабілі нейкія гістарычныя спасылкі. Вызначаліся ў якім парадку будзем выходзіць, што будзем чытаць, што ў нас ёсць у перакладзе з беларускай на ўкраінскую і нават з украінскай на беларускую аказалася. Ёсць нават вельмі такі свежы пераклад верша Юлія Таўбіна з беларускай на ўкраінскую мову Алеся Плоткі. Ён проста спецыяльна даслаў адразу нам.

І вырашылі, што пад гэта распачнем такі беларускі тыдзень у Львове. Зараз прайшла Ноч паэтаў. Шчыра кажучы, я не чакала, што будзе столькі людзей і што і беларусы з’едуцца, і ўкраінцы будуць. Вельмі цёпла сустрэлі нас. А потым мы ўжо з аўторка пачынаем праграму дакументальных фільмаў. Адабралі тры фільмы, якія мы будзем паказваць больш, напэўна, для ўкраінцаў. Гэта фільм «Тато», як раз яго гісторыя звязаная з Украінай. Гэта знакаміты фільм Палуяна «Кураж», які мы першы раз у Львове пакажам, фільм «Вырасла пакуль ты спала». Усе гэтыя фільмы, як мы спадзяемся, дапамогуць украінцам зразумець беларусаў.

І яшчэ ў нас ёсць вельмі смелая ідэя. Мы хочам зрабіць выставу антываенных плакатаў Уладзіміра Цеслера. Зараз мы чакаем узгаднення, і калі ўсё атрымаецца, выстава таксама адбудзецца ў Львове з 5 па 15 лістапада нга плоце парка Івана Франка».

Вечарына праходзіла ў ніжняй зале Львоўскага тэатра лялек, якая адначасова служыць і бомбасховішчам. Усё ж, небяспека ракетных абстрэлаў усёй тэрыторыі Украіны захоўваецца. Тым не менш, у залі былі запоўненыя ўсе месцы, а некаторыя людзі нават стаялі паўз сцены і ў праходах.

Вядома ж, асноўнае ў тым, што казалі выступоўцы – гэта вершы. Вершы тых, каго забрала тая жахлівая ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

…Дарагая мая,

Паглядзі, як над лесам

Дагарэла крывавай тканіны зара.

Гэта сімвал глухіх і надломаных песень,

Гэта слова кахання,

Пачуццяў пара.

Я багаты

І песняй сваёй, і юнацтвам,

Ў маёй хаце блакітны варушыцца свет.

Буду сёння над смерцю варожай смяяцца,

Бо інакшая песня да мэты заве.

Я аб гэтым і доўга і ўпарта так марыў,

Я заснуўшае шчасце сваё абудзіў.

І ўжо шэпча мне нехта з усмешкай на твары:

– Не спыняцца нам тут,

А ісці ды ісці.

Мы так доўга блукалі ў квітнеючым садзе,

Месяц ласкай сваёю лісты апаліў.

З доўгай русай касою, з агнём у паглядзе

Расказала ты мне пра вясну на зямлі.

Таксама тыя, хто выходзіў на сцэну, распавядалі пра лёсы аўтараў вершаў. І многіх з прысутных гэта, вядома ж, моцна ўражвала. А сярод гледачоў былі і беларусы, і ўкраінцы. Назарый, напрыклад, украінец, які раней нічога не чуў пра жахлівую дату беларускай гісторыі. Таму тое, што ён даведаўся на вечарыне, вельмі яго ўразіла.

«Я прыйшоў, калі чыталі вершы паэтаў, якія загінулі. Я зразумеў, што я не ведаю пра гэтую падзею. Цяпер я даведаўся больш, што адбывалася ў нашых суседзяў. І што гісторыі сапраўды жахлівыя і вельмі падобныя паміж сабой. Калі ёсць тэрор і ёсць людзі, якія не згодныя з ім, то іх проста знішчаюць, пакуль застаюцца толькі тыя, хто прыстасоўваецца да чаго заўгодна. Калі не казаць «не», то прызвычаішся».

Дарэчы, не стала для Назарыя перашкодай для разумення сэнсу таго, што казалі выступоўцы і таго, што пісалі сто год таму аўтары, і беларуская мова, якою ў асноўным ішла імпрэза.

«Калі першыя два вершы свае мазгі пераналаштаваць і шукаць падабенствы ў словах – некаторыя словы ведаў раней, бо слухаў песні беларускія, беларускае рэгі. А калі ўжо напрыканцы чыталі вершы, то нібы і не адчувалася розніцы – плаўна і меладычна гучала».

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Радыё Ўнэт (@radiounet)

Але былі падчас імпрэзы і вершы па-ўкраінску. Прычым, вершы нашых паэтаў у перакладзе на ўкраінскую мову. Адна з прысутных прачытала пераклад верша Юлія Таўбіна. Ужо пасля імпрэзы мы паразмаўлялі са спадарыняй і даведаліся яе стаўленне да падзеяў мінулага стагоддзя праз прызму сучаснасці.

«Ноч расстраляных паэтаў ёсць для нас, для ўкраінцаў вельмі падобнаю да расстрэльнага адраджэння. Але тыя падзеі, якія былі ў Курапатах пад Мінскам, яны наймасавейшыя, наколькі я ведаю, у гісторыі чалавецтва ўвогуле. Калі забіваюць больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Для Украіны расстрэльнае адраджэнне адбывалася больш кропкава. Яно было не менш балючым, але было лакальна, то бок, бралі групу людзей – забівалі, бралі яшчэ адну групу людзей – чынілі здзек з іх. Кагосьці катавалі, кагосьці адпраўлялі ў ссылку, камусьці забаранялі друкавацца.

Калі казаць пра Ноч расстраляных паэтаў, я, уласна, упершыню пачула пра яе ў гэты годзе, на жаль. Да таго я не ведала, што такое было і ў беларускай гісторыі, і ўвогуле ў гісторыі літаратуры. Мне баліць. І я разумею, што пра гэтую гісторыю трэба казаць далей. І гэта тое, што можа яднаць і ўкраінцаў, і беларусаў. Бо мы разумеем, што і тады, і цяпер – у нас заўжды быў адзін агульны вораг. У нас могуць быць розныя погляды, мы можам не адчуваць сябе братнімі, сяброўскімі, мы можам не будаваць вось гэтага нейкага сястрынскага ці яшчэ нейкага панібрацкага стаўлення паміж нашымі народамі, але гаварыць пра тое, што мы ёсць ворагамі адно аднаму – няправільна. Бо вораг заўжды адзін!»

Журналіст Алесь Мінаў таксама выступаў на вечарыне з вершамі аднаго з расстраляных у кастрычніку 37-га паэтаў. А пасля падзяліўся з намі сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі і магчымых шляхоў да перамогі.

«Я шчыра кажу, што я не бачу нейкага лагічнага выйсця. Унутры сябе, і калі я часам вершы сам пішу, я адчуваю, што гэтае выйсце будзе. І неяк па адчуваннях яно будзе хутка. А як і што рабіць, у мяне няма разумення абсалютна. Я думаю, што трэба проста кожнаму рабіць сваю справу. У маім выпадку я зараз пішу артыкулы. Дагэтуль я дзяцей вучыў і хадзіў на ўсе магчымыя імпрэзы. Імкнуцца трэба нацыянальнай свядомасці. Каб гэтая імпрэза сённяшняя была агульнанацыянальнай, усё ж – такі. Калі абсалютная большасць беларусаў будзе разумець як мінімум гэтую дату, то будзе абсалютна іншае грамадства і мы будзем задаваць абсалютна іншыя пытанні. Трэба займацца адукацыяй нацыянальнай – гэта першаснае».

Многіх жа беларусаў тое, што яны пачулі на вечарыне, прысвечанай Ночы расстралянай паэзіі падштурхнула да разважанняў пра тое, як нашаму народу вырвацца з гэтага заганнага наканавання. Вось што нам сказаў Алег:

«Я ўпершыню на такой падзеі. Палітычным актывістам я стаў з 20-га году толькі. Пасля 20-га году такая падзея вельмі балючая. Тут толькі пачуцці. Увогуле, гісторыя цыклічная. Але тут мабыць зараз ёсць больш жадання вырвацца з пятлі часу. Магчыма, зараз мы зможам, і тое, што прыйдзе пасля таго, як скончыцца пятля, будзе новым і вельмі жаданым для кожнага беларуса. Трэба, каб беларусы перасталі быць памяркоўнымі і млявымі ды абыякавымі да жыцця. Магчыма, трэба адзін на адзін сутыкнуцца са сваім монстрам. І кожны чалавек павінен усвядоміць штосьці. Нельга шукаць сабе галоўных: вось Вася – рэвалюцыянер, і я пайду за ім. Трэба, каб кожны выгадаваў у сэрцы рэвалюцыянера».

Адна з наведніц вечарыны Юлія Арцёмава хоць і ведала пра жахлівую ноч 37-га, але ж усё адно пад уражаннем ад пачутага.

«У мінулым годзе я была ў Кіеве на такім вось мерапрыемстве. Таксама чыталі вершы расстраляных паэтаў. Паралелі, мне падаецца, тут самі сабою напрошваюцца. Шмат беларускіх літаратараў, журналістаў, проста звычайных людзей, актывістаў знаходзяцца на той жа самай Валадарцы, на якой былі напісаныя радкі. На жаль, гэта ўсё паўтараецца ў нашай краіне».

На пытанне што з зрабіць беларусам, каб спыніць гэтыя паўтарэнні гвалту і рэпрэсіяў яна выказала ўпэўненасць, што толькі разрыў з Расіяй можа дапамагчы нам вырвацца з таталітарызму.

«Мне падаецца, што нам у першую чаргу патрэбна неяк адмежавацца ад Расіі. І мне падаецца, што, магчыма, у хуткім часе ў нас гэта атрымаецца, таму што ёсць прыклад Украіны, таму што зараз гэтая вайна. І я дужа веру, што Расія з гэтай вайны не зможа выйсці не тое, каб пераможцай, а мабыць, і краіны такой у нейкім хуткім бачным часе ўжо не будзе. А нам трэба дапамагаць украінцам у барацьбе – як гэта банальна не гучыць, у нашай агульнай барацьбе».

На заканчэнне імпрэзы ўсе яе ўдзельнік спявалі нашу беларускую Купалінку. Як сказала, папярэджваючы яе, Аліна Рудзіна – літаратурны тэкст самай вядомай беларускай песні – таксама аўтарства расстралянага паэта Міхася Чарота, а ў 2020 годзе яна стала адным з сімвалаў змагання за свабоду.

І менавіта Купалінка стала фіналам імпрэзы.

Але нават пасля заканчэння ні беларусы, ні ўкраінцы не спяшаліся разыходзіцца з залы. Больш таго, там пачалі гучаць беларускія народныя песні. Па заканчэнні вечарыны да Ночы расстраляных паэтаў Аліна Рудзіна распавяла што яна чакала ад яе і ці спраўдзіліся чаканні.

«Я бачыла, што інфармацыя ўжо неяк так пашыраецца нават не ў нашым коле. Мяне нават запрашалі на гэтую імпрэзу – пыталі ў мяне ці збіраюся я сюды ісці. Я хацела б яшчэ падзякаваць і Таццяне Гацуры-Яворскай, і Аніссі Казлюк, і Настассі Доль, якія вельмі дапамагалі ў падрыхтоўцы. Чаканні былі такія, што мы гатовыя былі да нейкага кватэрніка, да нейкага такога лямпавага івэнту. А атрымалася, нават больш, чым мы чакалі. Я бачу, што людзі рэагуюць, яны падыходзяць, гавораць «дзякуй», бяруць кантакты і кажуць, што калі вы будзеце нета такое яшчэ ладзіць, абавязкова дайне нам ведаць. І гэта, канешне, вельмі прыемна».

Comments are closed.