Ігар Палынскі родам з Полацку, у журналістыцы з 2011 года. Можна сказаць, што прафесійны лёс Ігара быў прадвызначаны, бо ягоныя бацькі абодва журналісты. Але хлопец паспрабаваў спыніць гэтую традыцыю і паступіў на філфак. І ўжо праз два з паловай месяцы навучання зразумеў, што быць настаўнікам ангельскай мовы – дакладна не ягоны покліч.
Таму на наступны год паступіў на журфак і ўладкаваўся ў раённую газету. Аднак працаваў там не доўга, бо хутка зразумеў, што дзяржаўнае СМІ – шарашкіна кантора. Ужо тады журналістыкі там не было. Падзеі альбо асвячаліся аднабока і неаб’ектыўна, або не заўважаліся, калі былі праблемнымі для ўлады. З карыснага досведу той працы Палынскі вынес уменне размаўляць з чыноўнікамі.
Пасля былі тры гады плённай і цікавай працы ў невялікай прыватнай мясцовай тэлекампаніі. Ігар займаўся любімай тэмай – культурай і асвойваў працу журналіста-шматстаночніка. Бо ў маленькіх рэдакцыяй штат невялікі і журналіст звычайна робіць працу за некалькіх спецыялістаў. Адным з сваіх прыемных дасягненняў на канале Ігар узгадвае тое, што з яго прыходам там з’явіліся праграмы на мове.
Апроч журналісцкай дзейнасці і музыкі Ігар Палынскі займаўся і грамадска-карыснымі справамі. Напрыклад, адкрыў у Полацку моўныя курсы. Працаваць пад брэндам «Мова нанова» не сталі, бо атрымалі папярэджанне, што з такой назвай у курсаў будуць праблемы. Але іншая назва ад праблем не выратавала. Курсамі зацікавіліся ўлады, а Палынскаму сказалі канкрэтна ты ў гэтым горадзе рабіць боль нічога не будзеш.
Праз такі ціск журналіст з’ехаў у Маладзечна, дзе яго паклікалі працаваць у рэдакцыю незалежнай газеты. У 2020 годзе Ігар Палынскі актыўна далучыўся да выбарчай кампаніі. Збіраў подпісы за Віктара Бабарыку, з музыкамі пісаў песні і знімаў кліпы на пратэстую тэматыку, а пазней як журналіст асвячаў усе пратэсныя падзеі ў Маладзечна.
Аднойчы журналіста папярэдзілі, што калі ён не з’едзе, то сядзе. Ігар не стаў рызыкаваць і паехаў праз Расію спачатку ва Украіну, а адтуль у Польшчу. Ехаў у Беласток, мяркуючы, што калі там шмат беларусаў, то справу для сабе ён там знойдзе. Праз некалькі месяцаў прыехала і жонка з дзецьмі.
Справа знайшлася цікавая і па прафесіі. Спачатку разам з гарадзенскім журналістам Русланам Кулевічам пачалі рабіць медыя «Мост». А нядаўна разам з былымі калегамі па Маладзечна запусцілі медыя «Палатно».
Аднак сэрцам і думкамі Ігар Палынскі дагэтуль з Беларуссю і толькі там бачыць сябе. Маўляў на чужыне дыхае не напоўніцу. І як толькі будзе магчымасць бяспечна павярнуцца, зробіць гэта ў шэрагу першых.
Тым больш, што за апошнія два гады беларуская незалежная журналістыка ўзмацнілася і стала цікавей. Зараз каманда медыя «Палатно» пасля Новага года плануе актывізавацца і шукае аўтараў, якія б падзялялі з імі погляды і ідэалы, памкненні расказваць пра Беларусь беларусам.
Comments are closed.