618 total views
«Women in Tech» — гэта адукацыйная інфраструктура і глабальнае кам’юніці з 70 тысячамі удзельнікаў на шасці кантынентах. Да нядаўняга часу беларускі не мелі магчымасці ў ім удзельнічаць. Але зараз такая магчымасць ёсць.
Каардынатарка праекта Women in Tech для Беларусі Ганна Самарская распавяла ў эфіры «Світанку свабоды» падрабязнасці праекту.
У праекце могуць прыняць удзел беларускі, якія хочуць пачаць кар’еру ў IT альбо атрымаць новыя кар’ерныя магчымасці, калі яны ўжо працуюць у гэтай індустрыі.
«Нам бы вельмі хацелася, каб галасы беларускіх жанчын у IT гучалі мацней».
Дзеля гэтага вакол праекта ствараецца асяроддзе падтрымкі і ўзаемадапамогі, у якім дзейнічаюць розныя ініцыятывы. Але мэта ў іх адна — даваць магчымасць дзеўчынам і жанчынам будаваць кар’еру ў IT.
Бренд Women in Tech вядомы ў свеце. Супраца з беларускамі стала магчымай праз ініцыятыву Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і праекта «You for digital». Тэма гендарнай няроўнасці ў IT актуальна і для Беларусі. Гэта бачна па розніцы паміж пажаданымі і рэальнымі заробкамі ў мужчын і жанчын, а таксама па колькасці жанчын у IT-індустрыі, асабліва на лідарскіх пазіцыях.
Нізкая праяўленасць жанчын у IT звязаная з некалькімі прычынамі. Першая — пэўныя стэрэатыпы, якія навязваюць нам з дзяцінства, накшталт «кампутар для хлопчыкаў» ці «жанчынам не месца ў IT, бо дзяўчынка больш падыходзіць для зручнага побыту». Другая прычына — жанчыны не ведаюць, з чаго пачынаць кар’еру ў гэтай індустрыі. Ім падаецца, што для гэтага патрэбны нейкія адмысловыя, часцей за ўсё тэхнічныя скілы.
Перашкаджаюць і меркаванні, што ў IT гуманітарыі не патрэбныя. Гэта цалкам памылкова, бо індустрыя настолькі вялікая і разнастайная, што ў ёй патрэбны вельмі розныя людзі. Існуюць нават IT-спецыяльнасці выключна для гуманітарыяў.
Да таго ж, жанчына, якая мае досвед працы ў іншых сферах, можа яго адаптаваць цалкам пад патрэбы новай IT-спецыяльнасці.
Таму, калі ў вас ёсць такая думка і жаданне, абавязкова паспрабуйце. Лепш зрабіць і атрымаць адмоўны вынік, чым пастаянна абцяжарваць сябе думкай аб тым, што магла, хацела і не паспрабавала, лічыць Ганна Самарская.
На пачатку запуску праекта арганізатары разлічвалі запрасіць каля 200 студэнтак. Але ўжо ў першыя дні пасля рэліза колькасць ахвочых перавысіла 500. Гэта паказнік запатрабаванасці прапановы.
Сярод студэнтак курсу беларускі рознага ўзросту і досведу, ад студэнтак ВНУ да жанчын пасля 40. Дарэчы, апошніх — 8% ад усіх. Хтосьці толькі ў пошуках сябе і прафесіі, хтосьці пасля вымушанага ад’езду з Беларусі хоча змяніць прафесію. Ёсць і тыя, хто дасягнуў у IT-сферы пэўнай столі і зараз шукае магчымасці для пераходу на іншы ўзровень.
Асаблівасць Women in Tech у тым, што гэта больш, чым проста якасны адукацыйны курс з добрымі экспертамі. Гэта яшчэ і экасістэма, кам’юніці, якая накіравана на падтрымку і супрацоўніцтва.
У праекта ёсць суполкі ў сацсетках, але апроч таго, куратары могуць ствараць асобныя групы па інтарэсах і патрэбах і надаваць там спецыялізаваныя кансультацыі альбо дапамогу ментараў.
Вучэбны курс падзелены на тры розныя модулі, якія студэнтка выбірае адпаведна свайму ўзроўню і чаканням ад вучобы. Прыходзіць на курс могуць усе беларускі, незалежна ад іх адукацыі і папярэдняга досведу.
Навучанне бясплатнае. Дапамога ментараў, сустрэчы з прафесіяналамі індустрыі і падтрымка супольнасці таксама.
Першы паток ужо пачаў заняткі. Але ў хуткім часе пачнецца другі. Таму сачыце за паведамленнямі ў сацсетках праекта і адразу падавайцеся, калі будзе аб’яўлены чарговы набор.
Поўную размову з Ганнай Самарскай слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.