Loading

Беларуска-украінскія стасункі апошні тыдзень штармяць і іскраць. Трыгерам стала Нобелеўская прэмія міру, якую ўручылі праваабаронцам Беларусі, Украіны і Расіі. Украінскія opinion-makers абразіліся, што іх адзначылі разам з прадстаўнікамі краін, што вядуць вайну супраць Украіны. Беларусы нападкі ўкраінцаў не вельмі зразумелі, затое даведаліся, што думаюць пра іх суседзі і што месадж «беларусы і рэжым Лукашэнкі – гэта не адно і тое ж» застаўся незаўважаным.

Беларускае пытанне ва ўкраінскім палітычным і грамадскім полі мы ў эфіры радыё Ўнэт абмеркавалі з украінскім дэпутатам, старшынёй групы «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Аляксеем Ганчарэнкам. Ён адзначыў, што пастаянна ўздымае беларускае пытанне ў парламенце , бо Украіна, Літва, Польша і Беларусь сёння трывала звязаны. І калі адна з гэтых чатырох краін будзе пад акупацыяй, то гэта вялікая рызыка для ўсіх астатніх.

Аляксей Ганчарэнка:

«Я заклікаю ўкраінскую ўладу разарваць дыпламатычныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі, адклікаць амбасадара з Мінска. Калі нашага ўкраінскага амбасадара яшчэ ў Мінску выклікаюць кудысьці, то для мне гэта ганьба і прыніжэнне, з улікам таго, што зрабіў рэжым Лукашэнкі. І Украіне трэба пачынаць працу з беларускай апазіцыяй, тым больш, што яна аб’ядналася. Я буду пастаянна пра гэта казаць і спадзяюся, што рана ці позна гэта пачуе прэзідэнт Зяленскі і сітуацыя зменіцца».

І яшчэ ў размове:

  • Мая місія ў Парламенцкая Асамблеі Рады Еўропы – барацьба з расійскай агрэсіяй па ўсіх франтах. У чацвер будуць прымаць дакумент па Украіне, там будзе сказана, што Украіна патрабуе зброю. І я спадзяюся, што па гэтым дакуменце будзе прынята станоўчае рашэнне.
  • Еўропа ад вайны не стамілася, а проста ўжо прывыкла да такіх навін. Спачатку ў першыя месяцы ва ўсіх быў шок, а зараз грамадства прызвычаілася. Але атака ў панядзелак на ўкраінскія гарады зноў прыцягнула да нас увагу. Я вельмі шмат прыкладаю намаганняў, каб пастаянна трымаць украінскае пытанне ў цэнтры міжнароднага парадку дня.

Comments are closed.