Loading

Пра дэмакратыю і правы чалавека на прыкладзе жнівеньскіх падзей: беларускія актывісты ў Польшчы ладзяць праект пад назвай «Гадзіна адсюль на ўсход» (Godzina stąd na wschód).

У межах адукацыйнай кампаніі ўжо адбылося паўсотні анлайн-лекцый у школах Мазавецкага і Падляскага ваяводстваў. Галоўная мэта – пазнаёміць маладых палякаў з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі і патлумачыць, чаму сёння ў Польшчы такая вялікая колькасць беларускіх уцекачоў. Адзін з арганізатараў праекта, кіраўнік фундацыі «Тутака» Павел Станкевіч для радыё Ўнэт распавёў падрабязней пра ініцыятыву.

«Мэта праекту – паразмаўляць з моладдзю, якая хутка пойдзе на выбары, пра правы чалавека і дэмакратыю. Гэтыя з’явы мы тлумачым на прыкладзе беларускага казусу. Гэта цудоўная нагода вучням і настаўнікам распавесці пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі».

Каб выклікаць большую эмпатыю да беларускіх падзей, «Гадзіну адсюль на Ўсход» задумалі як мультымедыйную гульню. Галоўныя героі – пара студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у масавых пратэстах, а потым становяцца ахвярамі рэпрэсій. Застацца ў краіне, пайсці на чарговую дэманстрацыю або эміграваць: рашэнні і адказнасць за іх прымаюць вучні. Дарэчы, кожная лекцыя, кажа Павел Станкевіч, абавязкова пачынаецца з пытання пра тое, якія асацыяцыі ў польскіх школьнікаў выклікае слова «Беларусь».

«Спачатку гэта вельмі стэрэатыпныя ўяўленні пра Беларусь: Лукашэнка, рэжым, вайна, трактар, беднасць і гэтак далей. Але калі мы вяртаемся да асацыяцыяў напрыканцы заняткаў, адказы могуць быць зусім іншыя. Дзеці ўжо разумеюць больш пра сітуацыю ў Беларусі. Таксама мы прапаноўваем ім зайсці на сайт «Вясны», пачытаць пра палітвязняў і паспрабаваць напісаць ім лісты».

Невыпадковая і назва праекта: «Гадзіна адсюль на ўсход». Прыкладна гадзіна аддзяляе сталіцу Падляскага ваяводства – Беласток – ад бліжэйшай мяжы з Беларуссю. І ўсё ж для многіх палякаў наша краіна – сапраўдная Terra Incognita.

«Палякі больш адкрытыя на тое, што адбываецца ў заходніх і паўднёвых краінах. Для турызму Беларусь таксама не самы папулярны накірунак. Аднак яшчэ з пачатку 90-х беларусы Падляшша марылі пра агульную трансгранічную зону. Каб можна было свабодна перамяшчацца, пабачыць сваіх родзічаў і сем’і, якія былі раз’яднаныя мяжой».

Фота: loplonsk.pl

Праект «Гадзіна адсюль на ўсход» ажыццяўляцца ў польскіх школах з верасня. Наступная кропка кампаніі – стварэнне сайта, дзе кожны вучань зможа прайсці інтэрактыўны квэст, а настаўнікі, дзякуючы гэтым лекцыям, будуць мець напрацаваны матэрыял для таго, каб паразмаўляць з маладымі людзьмі пра свабоду і чалавечыя каштоўнасці на прыкладзе беларускай сітуацыі.

«Жнівень 2020-га года, якім бы ён не быў страшным, паказаў, што беларусы – сіла».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.