Loading

Год таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да грамадзян Расійскай Федэрацыі з заклікам перадухіліць пачатак вайны. Зроблена гэта было пасля некалькіх беспаспяховых спроб датэлефанавацца ў Крэмль. Праз некалькі гадзін пасля гэтага звароту па Украіне было нанесена некалькі дзясяткаў ракетных удараў, а расейскія войскі пачалі свой рух углыб Украіны. Праз год, расійскія войскі не толькі не дасягнулі ні поспехаў, ні дасягненні хоць нейкіх мэт у гэтай вайне, яны паступова губляюць тое, што было акупавана ў самым пачатку.

Пачатак вайны адзначылася ў тым ліку і ўцягваннем у яе Беларусі. Калоны расіян атакавалі Кіеў з паўночнага напрамку менавіта з тэрыторыі Беларусі. Таксама, з поўначы на працягу амаль усёй вайны наносіліся ўдары дронамі і ракетамі, а зараз у Беларусі ідзе падрыхтоўка расійскіх войскаў для адпраўкі ва Украіну. Але, нягледзячы на дзеянні рэжыму Лукашэнкі, народ Беларусі з першых дзён падтрымліваў менавіта Украіну ў яе барацьбе за незалежнасць. На гадавіну пачатку ўварвання, беларусы плануюць правесці шэраг мерапрыемстваў у знак салідарнасці з Украінай. Далучыцца да гэтых акцыяў заклікае і Святлана Ціханоўская. Акцыі пройдуць у Аўстрыі, Бразіліі, Велікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Літве, Нарвегіі, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чарнагорыі, Швецыі, Эстоніі, Грузіі і іншых краінах свету.

У Польшчы мерапрыемствы пройдуць з пятніцы па нядзелю ў Варшаве, Беластоку, Гданьску, Лодзі, Вроцлаве, Кракаве і іншых гарадах.

У некаторых гарадах акцыі салідарнасці з украінскім народам працягнуцца да нядзелі. Так, у Варшаве першы марш адбудзецца ўжо ў пятніцу. А ў нядзелю адбудзецца сумесны беларуска-украінскі марш. Яго арганізатарамі выступілі ініцыятыва РУХ і Паспалітае рушэнне.

Удзельнічаць у акцыі будуць таксама і шэраг палітыкаў. Падчас мерапрыемства выступіць Зянон Пазняк. Таксама заяўлены ўдзел прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.

Падрабязней аб некаторых акцыях слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.