Loading

Фонд беларускай салідарнасці BYSOL зараз праводзіць збор сродкаў на калядныя падарункі дзецям палітзняволеных. Падрабязнасці мы даведаліся ў кіраўніка фонда Андрэя Стрыжака.

Наша калядная акцыя стартавала ўжо ў трэці раз. Мы пачалі з таго, што сабралі заяўкі, дзе сваякі палітзняволеных, у якіх ёсць дзеці, змаглі падаць заяўку на тое, каб атрымаць дапамогу ад фонда BYSOL.

Мы таксама рабілі два вялікія зборы для дзяцей палітзняволеных улетку. Першы збор быў прысвечаны таму, каб сабраць грошы на адпачынак дзяцей, бо дзяцінства яно адно і яно праходзіць. І тыя абставіны, што бацькі, на жаль, зняволеныя зараз дыктатурай, мы спрабуем невеліраваць тым, каб знайсці гэтыя грошы, каб даць нейкую магчымасць дзецям адпачыць і правесці добра час. Плюс яшчэ быў адзін збор, калі мы збіралі на школьныя прылады для таго, каб дзеці палітвязняў маглі пайсці ў школу з заплечнікамі, у якіх было ўсё неабходнае.

Такім чынам, за гэты год гэта ўжо трэці збор, прысвечаны дзецям палітвязняў. Мы атрымалі на яго зараз 184 заяўкі. Паводле нашага ўнутранага рашэння кожная заяўка атрымае дапамогу памерам 100 еўра. Такім чынам трэба сабраць 18 400 еўра. На момант, калі мы размаўляем, сабрана больш за 16 тысяч еўра і можна сказаць, што збор ідзе ўжо да фінала.

Наколькі бяспечна зараз перадаваць сабраныя грошы родзічам палітвязняў у Беларусь?

BYSOL мае свае ноў-хау, якім чынам можна бяспечна і спакойна заводзіць грошы ў Беларусь. Мы працуем у гэтым кірунку з 2020 года і тут для нас амаль нічога не мяняецца. Ясна, што ёсць пэўныя складанасці, але тыя сумы дапамогі, якія выдаткоўваюцца і размяркоўваюцца для палітвязняў у тым ліку, яны трапляюць у Беларусь і людзі могуць імі бяспечна карыстацца.

А ці можна назваць асноўных удзельнікаў падобных збораў, асноўных донараў, якія дапамагаюць вашай арганізацыі ажыццяўляць свае праекты?

Гэтая акцыя, як і раней, актыўна падтрымліваецца беларускімі дыяспарамі. Калі вызначыць самыя актыўныя дыяспары, то я думаю, што гэта людзі, якія з’ехалі з Беларусі і жывуць зараз у Літве, Польшчы, Чэхіі, ЗША. Таксама Нямеччына падключаецца. Брытанія традыцыйна дастаткова актыўная. Так што, у прынцыпе, беларусы ўсяго свету ўдзельнічаюць у гэтых зборах, і даволі паспяхова ўдаецца закрываць патрэбы сем’яў палітвязняў, дзякуючы гэтаму.

Вы пералічваеце менавіта грошы. А ці не думалі вы пра тое, каб у натуральным выглядзе дзецям падарункі дасылаць?

Мы не адзіныя, хто зараз збірае рэсурсы для таго, каб дапамагчы дзецям палітвязняў. Ёсць іншыя ініцыятывы. У прыватнасці адна з ініцыятыў, якую запусціла Асацыяцыя беларусаў Амерыкі і фонд «СДЖ». Наколькі я ведаю, там нашыя калегі збіраюць пажаданні ад дзяцей і спрабуюць зрабіць так, каб гэтыя пажаданні спраўдзіліся, каб гэтыя падарункі, якія дзеці запытваюць, яны і атрымалі. Мы, як структура, якая больш працуе з фінансамі, лічым, што грашыма мы таксама можам дастаткова добра дапамагчы. І бацькі самі вызначацца з дзецьмі, што з гэтымі грашыма зрабіць: ці то купіць нейкі падарунак, ці то зладзіць выезд у нейкі забаўляльны цэнтр – што там будзе вырашана ў сям’і.

Дзе знайсці рэквізіты, каб тыя людзі, якія маюць магчымасць і жаданне паўдзельнічаць у гэтым зборы, маглі вам дапамагчы.

Гэта можна зрабіць праз наш сайт bysol.org у раздзеле Зборы BYSOL ёсць збор, які так і называецца Калядная акцыя: «Яны не побач, але — разам!». Я запрашаю ўсіх данаціць на гэтыя мэты. А калі збор будзе ўжо сабраны, то там ёсць яшчэ некалькі збораў, якія таксама прысвечаныя палітвязням. Гэта палітвязні, якія выходзяць зараз з турмаў і гэта жанчыны-палітвязні. Так што ў любым выпадку будзем радыя і ўдзячныя за ўдзел кожнага, хто захоча паўдзельнічаць і дапамагчы.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.