У траўні 1819 года нарадзіўся Фларыян Міладоўскі. Ён быў бліскучым піяністам-віртуозам, выключным дырыжорам, але галоўным яго пакліканнем стала кампазітарская творчасць. Сабралі топ-5 цікавых фактаў з жыцця творцы, які ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя здабыў еўрапейскую вядомасць.
1. Нарадзіўся практычна ў адзін дзень са Станіславам Манюшкам і сябраваў з ім доўгія гады
Яны змалку сачынялі танцавальныя п’есы, марылі пра вялікія творчыя дасягненні і шукалі ведаў у прызнаных еўрапейскіх музычных сталіцах. Станіслава Манюшку і Фларыяна Міладоўскага яднала і вучоба ў аднаго педагога − Дамініка Стэфановіча. А нарадзіліся музыканты з розніцай усяго ў дзень. Фларыян Міладоўскі − чацвёртага мая 1819 года, а Станіслаў Манюшка − пятага. Манюшка вельмі актыўна дапамагаў свайму сябру, папулярызаваў яго музыку і нават пазнаёміў з яго творчасцю Ферэнца Ліста. Геній еўрапейскага рамантызму вельмі высока ацаніў опусы Міладоўскага і ўключыў п’есу беларуса ў адзін з нотных зборнікаў.
2. Быў музычным вундэркіндам
Свой першы сольны канцэрт Фларыян Міладоўсккі сыграў, калі яму было ўсяго 10 гадоў! Гэтакі беларускі Моцарт, пра канцэрты якога пісалі нават у прэсе. Карэспандэнт «Літоўскага кур’ера», напрыклад, адзначаў неверагоднае майстэрства, дакладнасць рытма, незвычайную смеласць і вялікую эмацыянальнасць маленькага віртуоза. Дарэчы, першыя музычныя ўрокі малому Флораку даў бацька. Руплівы і сумленны настаўнік, потым ён аддаў хлопчыка да аўтарытэтных педагогаў, якія і падрыхтавалі Фларыяна да вялікіх канцэртаў у Мінску, Слуцку і Вільні.
3. Кіраваў сімфанічным аркестрам графа Бенедыкта Тышкевіча
Даволі рана распачаў Фларыян Міладоўскі і сваю педагагічную кар’еру. З 14 гадоў ён даваў урокі фартэпіяна ў заможных віленскіх дамах, а ў 1836 маладога чалавека запрасіў да сябе ў Чырвоны двор Бенедыкт Тышкевіч. Фларыян вучыць музыцы яго дзяцей і стварае пры двары аркестр, які неўзабаве становіцца адным з лепшых прыватных калектываў у Еўропе. Менавіта там, дарэчы, і адбываецца станаўленне Фларыяна Міладоўскага як музыкі і кампазітара.
4. Вучыўся ў Берліне і паказваў свае творы Мендэльсону
Аднак недахоп адукацыі выразна адчуваўся. Паслухаўшыся парады свайго сябра Станіслава Манюшкі, Міладоўскі едзе ў Еўропу і трапляе там у асяродак сусветна прызнаных геніяў рамантызму. Знаёміцца з Шапэнам, Лістам, Мендэльсонам. Кажуць, што апошні гадзінамі слухаў сачыненні Фларыяна, «хваліў вартае ў іх і ўказваў на памылкі з усёй шчырасцю і зацікаўленасцю».
5. Свой жыццёвы шлях скончыў у Францыі
Пасля паўстання 1863 года Фларыян Міладоўскі вымушана іміграваў у Францыю, дзе і губляюцца яго жыццёвыя шляхі. Вядома, што там ён працягваў выступаць, быў запатрабаваным педагогам. Цягам пяці гадоў Міладоўскі выкладаў фартэпіяна ў езуіцкай калегіі св. Клімэнта, аднак праз некаторы час захварэў і страціў зрок. Пасля паспяхова праведзенай аперацыі Міладоўскі працягваў ствараць музыку, але актыўна працаваць ужо не мог. Апошнія гады жыцця ён правёў у Бардо, дзе і памёр 8 ліпеня 1889 года.
Вядома, што творчая спадчына Фларыяна Міладоўскага − гэта не менш як 50 твораў, сярод якіх камерныя, вакальныя опусы, духоўная музыка і нават оперы. На жаль, вялікая частка яго рукапісаў або не захавалася, або − расцярушаная па еўрапейскіх архівах і бібліятэках − калісьці яшчэ будзе знойдзеная. Хто ведае…
Comments are closed.