Loading

Дакументальны фільм «Беларусь 23.34» пра зняволенні і катаванні сілавікамі ўдзельнікаў мірных пратэстаў у 2020-м годзе, які стварыла каманда на ініцыятыву маладой беларускай рэжысёркі-дакументалісткі Тані Свірэпы выходзіць на экраны свету і ў хуткім часе мае быць паказаны на міжнародным анлайн-фестывалі дакументальнага кіно Артдокфэст ды кінафестывалі DOC-Cévennes ва Францыі. Мы паразмаўлялі з Таняй Свірэпай пра тое, як ствараўся фільм і якія ён выклікаў водгукі.

— Дакументальны фільм «Беларусь 23.34» пра зняволенні і катаванні сілавікамі ўдзельнікаў мірных пратэстаў у 2020-м годзе, які стварыла каманда на ініцыятыву маладой беларускай рэжысёркі-дакументалісткі Тані Свірэпы выходзіць на экраны свету і ў хуткім часе мае быць паказаны на міжнародным анлайн-фестывалі дакументальнага кіно Артдокфэст ды кінафестывалі DOC-Cévennes ва Францыі. Мы паразмаўлялі з Таняй Свірэпай пра тое, як ствараўся фільм і якія ён выклікаў водгукі.

Фільм мы здымалі ў Беларусі і так адбылося, што я неўзабаве выехала ў Кіеў, таму што ўжо была пад пагрозай – да мяне прыходзілі міліцыянты, але мы паразмаўлялі праз зачыненыя дзверы. Я тады думала, што мне трэба шукаць іншую кватэру. Але, калі я зрабіла гэты фільм, я зразумела, што тут пад пагрозай не толькі я, але і 30 чалавек, якія далі мне інтэрв’ю. І гэтыя матэрыялы або хаваць у лесе, або выязджаць. І я вырашыла выехаць. Гэта было ў 2021 годзе ўзімку.

Здымалі мы фільм вельмі хутка, 5 дзён, і кожны дзень у нас было па 6 чалавек, якія давалі гэтыя інтэрв’ю. Да нас прыходзілі людзі, я задавала ім пытанні, якія ў мяне былі. Я задавала аднолькавыя пытанні. І мы запісвалі гэтыя адказы на відэа.

Гісторыі, якія ёсць у фільме, так складзеныя, што адзін чалавек падхоплівае гісторыю іншага. І там не проста інтэрв’ю аднаго чалавека, як у класічным дакументальным фільме, а там усе інтэрв’ю звязаныя паміж сабой. І ўсе гэтыя людзі як бы расказваюць адну гісторыю – гісторыю чалавека, які быў затрыманы на беларускіх пратэстах і тое, што ён праходзіць у гэтым затрыманні.

Фільм выйшаў на гадзіну. Каб стварыць гэты фільм, я старалася паклікаць розных людзей. У мяне нават быў спіс, якіх людзей я хачу запрасіць. Гэта не вядомыя людзі, гэта самыя простыя людзі. Людзі розных узростаў – напрыклад, ёсць гісторыя вельмі маладога хлопца, якому 19 гадоў, а ёсць гісторыя жанчыны, якой ужо 69 гадоў. Гэта было зроблена для таго, каб зрабіць агульны партрэт. І мне было важна, каб гэта былі вельмі розныя людзі.

Я выехала ў Кіеў і працавала над фільмам ужо там. Шукала грошы, таму што адразу грошай не было. Запусціла краўндфандынг, сабрала там добрую суму. І праз гэты краўндфандынг мяне знайшоў дацкі фонд, які прапанаваў падтрымаць постпрадакшн гэтага фільма.

І такім чынам мы гэты фільм зрабілі. Але не паспелі зрабіць яго ва Украіне, таму што пачалася вайна. З матэрыяламі я выехала ў Польшчу, дзе мы ўжо дараблялі гэты фільм. Магу сказаць, што ў нас была вельмі добрая каманда на пляцоўцы, калі мы здымалі. І мы вельмі падтрымлівалі адно аднаго. Са мною былі дзяўчыны, якіх я ведала даўно. Гэта Алеся Рудовіч, якая была аператаркай, і Ксенія Рэмізонава, якая пісала гук. Ксенія ўжо працавала са мной над трэцім фільмам і гэта была вельмі цёплая і падтрымліваючая атмасфера.

— Ці тыя, каго вы запісвалі, былі толькі з Менску, ці былі і людзі з іншых рэгіёнаў? Як вы выбіралі сваіх герояў?

— Я была на сувязі з праваабароцамі. Нават не з праваабаронцамі, а з валанцёрамі, якія бралі інтэрв’ю ў гэтых людзей. І я зрабіла табліцу, дзе напісала, што мне патрэбна, якія людзі, якія гісторыі. І гэтыя валанцёры давалі мне кантакты, з якімі я звязвалася і запрашала да здымак. У асноўным гэта людзі з Менску, таму што ў нас было мала часу і пляцоўка толькі ў Менску. Але ёсць таксама і з рэгіёнаў, якія былі затрыманыя ў рэгіёнах. Напрыклад, у нас была сямейная пара з Салігорска, яны прыехалі да нас з Салігорска і нават прыйшоў іх сын, які быў затрыманы ў жніўні. А яны былі затрыманыя восенню.

— Ці ёсць ужо нейкія водгукі ад тых, каму ўжо ўдалося паглядзець фільм?

— Гэта былі выбраныя людзі, напрыклад, на прэм’еры ў Варшаве, або тыя людзі, якім я дасылала паглядзець. І ўсе казалі, што гэта вельмі цяжка. Але я спрабавала зрабіць мантаж так, каб гісторыя падтрымлівала цябе і ты мог гэта глядзець.

Па напружанні гэта, хутчэй, глядзіцца як трылер. І таму большасць з тых, каго я ведаю, калі ўжо вырашылі гэта паглядзець, глядзяць да канца.

— Зараз гэты твой фільм адабраны для ўдзелу ў фестывалі дакументальнага кіно Артдокфэст. Ці можаш ты больш падрабязна распавесці пра фестываль і свой удзел у ім?

— Так, зараз фільм будзе на фестывалі Артдокфэст. Яго можна будзе паглядзець анлайн. Для гэтага трэба будзе купіць падпіску. І фільм не будзе дасяжны з тэрыторыі Беларусі – таксама для бяспекі. Бо нават з закрытымі тварамі я баялася, што гэты фільм убачаць людзі, якім не трэба бачыць гэты фільм.

Таксама ў траўні фільм будзе паказаны ва Францыі (на фестывалі DOC-Cévennes), але пра гэта я напішу пазней, таму што фестываль не выкладаў афіцыйных спісаў тых фільмаў, якія будуць удзельнічаць. Але гэта ўжо вядома, што я палячу ва Францыю ў траўні.

Цалкам размову з рэжысёркай Таняй Свірэпай слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.