97 total views
Эстонія 12 кастрычніка выклікала прадстаўніка Беларусі, каб выказаць рэзкае асуджэнне той дапамозе, якую Беларусь аказвае Расіі ў вайне супраць Украіны, перадае выданне Postimees. Кіраўнік МЗС Эстоніі заявіў, што краіна будзе падтрымліваць беларускую апазіцыю і што Святлану Ціханоўскую ў бліжэйшы час прымуць у Таліне.
У адказ на рашэнне Беларусі аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў амбасады Эстоніі ў Мінску, Эстонія ўстанаўлівае ліміт супрацоўнікаў беларускага прадстаўніцтва ў Таліне: там могуць працягваць працаваць адзін беларускі дыпламат і адзін адміністрацыйна-тэхнічны супрацоўнік.
Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу падкрэсліў, што Эстонія будзе няўхільна падтрымліваць дэмакратычныя намаганні беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, каб парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права ў краіне не засталіся незаўважанымі. Каб голас дэмакратычнай Беларусі быў пачуты на міжнароднай арэне, Эстонія арганізавала з лідэрам беларускай апазіцыі ў Генасамблеі ААН некалькі дыскусій, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі розных краін, аналітычных цэнтраў і кампаній.
Эстонія хоча ўзмацніць супрацу з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй, асноўны цэнтр якой засяроджаны ў Вільні. “Мы плануем накіраваць у Вільню дыпламата з асаблівымі паўнамоцтвамі, які засяродзіцца на кантактах з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а ў хуткім часе мы прымем у Таліне лідэра беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую”, – дадаў кіраўнік МЗС Эстоніі.
Comments are closed.