165 total views
У швейцарскім Давосе сёння пачынаецца Сусветны эканамічны форум. Удзел у ім сёлета прымае беларуская дэлегацыя на чале з лідаркай дэмакратычнай Беларусі Святланай Ціханоўскай. У межах форуму адбудзецца і асобная дыскусія на беларускую тэму. Яна будзе тычыцца бізнесу і эканамічнай перспектывы для беларусаў.
Святлана Ціханоўская ў Давос прыбудзе сёння, але з нядзелі там знаходзіцца яе дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі. Ён расказаў радыё Ўнэт аб праграме беларускай дэлегацыі і асноўных задачах дэмакратычных сіл на гэтай пляцоўцы.
Два разы Беларусь была прадстаўлена ў Давосе: у 1992 годзе Станіславам Шушкевічам, і ў 1995 годзе – кіраўніком урада. Пасля гэтага прадстаўнікоў беларускіх уладаў у Давосе не было. Гэта вельмі ўнікальны форум, у пэўным сэнсе таксама закрыты, бо не кожны кіраўнік урада ці дзяржавы можа сюды прыехаць. Таму сёлетні візіт беларускай дэлегацыі – гэта і прызнанне Святланы Ціханоўскай, у якасці лідаркі дэмакратычнай Беларусі, і ўсяго беларускага народа, яго памкненняў да свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Таму, безумоўна, гэта гістарычны візіт.
19 студзеня нават адбудзецца асобная дыскусія па Беларусі. Якія там тэмы плануецца ўздымаць?
На палях форуму адбудзецца дыскусія на тэму беларускага бізнесу і эканамічных перспектываў для нашай краіны, як зараз, так і пасля перамен, у Вольнай Беларусі. Будзе ўздымацца тэма, якой Беларусь можа быць перспектыўнай, эканамічна развітай еўрапейскай краінай.
Тэма санкцый будзе ўздымацца?
Паколькі будзе адкрытая дыскусія, магчыма нехта і закране тэму санкцый. Але перад усім будзем гаварыць пра эканамічныя перспектывы.
А што плануецца абмеркаваць падчас дыскусіі “У абарону Еўропы”, дзе Святлана Ціханоўская будзе прымаць удзел разам з кіраўнікамі іншых краін?
Гэта такі форумны, сціслы фармат, які цягнецца каля 45-50 хвілін. Такая жывая размова паміж кіраўнікамі краін. Паколькі там удзельнічаюць прэзідэнты Літвы, Польшчы, Паўночнай Македоніі, міністр замежных спраў Гішпаніі, лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская, кожны з удзельнікаў будзе прадстаўляць сваё бачанне, якой мусіць быць Еўропа і як мусіць выглядаць бяспека Еўропы.
Асноўныя пасылы, якія беларуская дэлегацыя плануе агучыць на пляцоўцы Давоса?
Адным з асноўных пасылаў будзе сцвярджэнне таго, што бяспечнай Еўропы не можа быць без бяспечнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Роўна як без бяспечнай і свабоднай Украіны. Зараз мы назіраем, што Беларусь часта адыходзіць у цень на фоне вайны ва Украіне. І таму будзем казаць, як важна не заплюшваць вочы на Беларусь, трымаць яе ў фокусе ўвагі. І бачыць у Беларусі гаранта бяспечнай Еўропы.
На палях форуму адбудзецца і шэраг двухбаковых сустрэч. Якія самыя важныя Вы можаце выдзеліць?
Будзе некалькі катэгорый сустрэч. Палітычныя сустрэчы, напрыклад з прэм’ер-міністрам Бельгіі, міністрам замежных спраў Нідэрландаў, віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі. Таксама будзе шэраг сустрэч з сусветнымі міжнароднымі інстытуцыямі, напрыклад з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі бізнесу.
Агулам праграма тут змяняецца вельмі дынамічна, таму, я думаю, што сустрэчы будуць дадавацца па ходзе візіта.
Дзяніс, пытанне побытавае: а дзе будзе жыць беларуская дэлегацыя?
Трэба разумець, што Давос – гэта такое невялікае мястэчка памерам, можа, з наш Ракаў. Таму частка гасцей і ўдзельнікаў форуму рассяляецца ў самім Давосе, частка ў прылеглых гарадках, а некаторыя ўвогуле жывуць у Цюрыху і дабіраюцца адтуль. Тут з размяшчэннем сітуацыя няпростая, таму кожная дэлегацыя гэтыя пытанні вырашае па-свойму.
А як там зараз надвор’е?
Усё ў снезе, ён працягвае ісці. Тэмпература каля нуля. Пакуль машыны ходзяць, я спадзяюся, што ніякіх складанасцей з даездам не будзе.
А Вы нармальна дабраліся?
Так. Цягнікі ходзяць, нічога не адмянілася. Знакамітая швейцарская пунктуальнасць працуе. Ні на хвіліну не спазніўся цягнік. Таму пакуль без праблем.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.