Loading

21 траўня ў дзень палітвязня ў Беларусі вялікая колькасць самых розных мерапрыемстваў пройдзе ў розных краінах і розных гарадах, дзе зараз жывуць беларусы, што мусілі з’ехаць з радзімы з-за палітычнага пераследу. Мы сабралі месцы правядзення акцый у розных краінах.

З ініцыятывай правядзення Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі выступіў год таму Праваабарончы цэнтр «Вясна». Летась асноўнай тэмай мерапрыемстваў была жоўтая бірка, якую адміністрацыі калоніяў прымушаюць нашываць на адзенне тых, хто зняволены праз палітычныя матывы. Афіцыйна гэта завецца «асобы, схільныя да экстрэмісцкай дзейнасці». Не зразумела, якую экстрэмісцкую дзейнасць можна ажыццявіць у месцах зняволення, нават, калі нехта і сапраўды да яе схільны. Але жоўтая бірка ўжо стала сімвалам палітзняволенага.  Сёлета ж, паводле тлумачэння праваабаронцы «Вясны» Марыны Кастылянчанка, тэма Дня палітвязня крыху іншая: 

«У мінулым годзе была абраная жоўтая бірка, як сімвал таго, што людзі, якія знаходзяцца за кратамі, ставяцца на прафілактычны ўлік, як схільныя да экстрэмізму. Гэты сімвал актуальны і дагэтуль, я думаю, што і ў гэтым годзе выкарыстанне жоўтых бірак таксама вельмі дарэчна. Таму што сітуацыя, на жаль, не змяняецца, людзі як прызнаваліся «экстрэмістамі», так і прызнаюцца. На дадзены момант 2800 чалавек налічваецца ў гэтым «Спісе асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» так званай нібыта. 

У гэтым годзе мы абралі тэму Дня (палітвязня) такую, як ліставанне і права на ліставанне. Таму што, з пачаткам паўнавартаснага ўварвання Расіі ва Украіну вельмі шмат праблемаў стварылася менавіта з ліставаннем і людзі не атрымоўваюць ці вельмі мала атрымоўваюць інфармацыі з волі. Блакада лістоў была непасрэдна пасля ўварвання, але і агулам сітуацыя пагоршылася. Варта адзначыць, што, калі ў СІЗА яшчэ людзі знаходзяцца, да іх раз-пораз даходзяць нейкія лісты ад несваякоў, то, калі іх пераводзяць у калонію, то гэтая сувязь са знешнім светам увогуле губляецца, і толькі лісты ад родных даходзяць палітвязням і таксама ад іх выходзяць лісты толькі да родных. 

Таму мы вырашылі, што вельмі важна нагадаць менавіта ў гэтым годзе пра гэтае права – права на ліставанне. Яно замацавана ў заканадаўстве Беларусі. Але вось так вось нахабна парушаецца з боку цэнзараў і супрацоўнікаў месцаў няволі».

І сапраўды – прастора для дзейнасці і актыўнасцяў вельмі шырокая. Галоўнае – гэта паказаць грамадствам тых краінаў, дзе будуць праходзіць актыўнасці, усю глыбіню трагедыі рэпрэсіяў у Беларусі. 

У Вільні, напэўна асноўныя імпрэзы пройдуць на Кафедральнай плошчы. Які сёлетні фармат акцыі распавяла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова, якая сама была палітычнай зняволенай:

«Мы вырашылі зрабіць не як звычайна, мы вырашылі, што ў гэты дзень будуць гучаць толькі галасы палітзняволеных, былых палітзняволеных. Таму на нашай акцыі будуць зачытвацца лісты, паштоўкі, будзе граць музыка палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца ў месцах няволі. То бок, не будзе гэтага звычайнага афіцыёзу, калі прадстаўнікі нейкіх структураў, арганізацыяў кажуць свае вітальныя словы. Мы вырашылі, што гэта і так адбываецца дастаткова часта. Там будзе некалькі такіх інсталяцыяў, якія таксама робяць людзі з досведам зняволення. 

У Вільні гэта будзе такая вялізная інсталяцыя (спадзяюся, у нас усё атрымаецца) – чалавечае жыццё змяшчаецца ў торбу. Гэта будзе проста частка плошчы, занятая торбамі. Мы б хацелі паказаць вось гэты аб’ём чалавечых целаў, насамрэч, якія зараз выкрала дзяржава, утрымліваючы іх у калоніях. Таму што за гэтымі лічбамі ўжо – паўтары тысячы, тысяча сямсот – ужо ўсё губляецца. Мы не разумеем, што такое 1,5 тысячы чалавек. А насамрэч, гэта 30 турыстычных вялізных аўтобусаў. Вось так, напэўна, трохі больш зразумела, што такое 1,5 тысячы чалавек. Мы вырашылі праз вось такую метафару – торбы, з якімі палітзняволеныя ідуць па этапе, паказаць вось гэтыя аб’ёмы паламаных лёсаў. 

Там будуць таксама людзі, якія адбывалі пакаранні, то бок, там жа, на плошчы, можна будзе, я так мяркую, пагутарыць з удзельнікамі і ўдзельніцамі. Будзе невялікая праграма, дзе будуць зачытаныя розныя кавалкі лістоў, зваротаў, пасланняў ад палітзняволеных альбо былых палітзняволеных. 

Напэўна яшчэ варта сказаць, што ў «Вясны» аб 11-й каля мурала Бяляцкаму будуць зачытаныя ўсе прозвішчы палітзняволеных. Гэта, вядома ж, даволі такое нудотнае і недынамічнае дзеянне. Але вельмі важна, мне здаецца, само па сабе, каб кожнае імя прагучала».

Варшава таксама стане адным з цэнтраў, дзе беларусы будуць ладзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня палітвязня. Дзе, калі і ў якім фармаце будуць праходзіць актыўнасці паведаміў кіраўнік руху Разам Вячаслаў Сіўчык:

«У Варшаве 20 траўня, гэта субота, а 18.30 у Беларускім доме (Крынічная, 6) будзе вечар памяці Вітольда Ашурка, дзе будуць і родзічы Вітольда, і ягоныя паплечнікі, сябры, дзе прагучыць слова пра гэтага выдатнейшага чалавека. Асабліва, улічваючы, якую ролю адыгрываюць нават сёння ягоныя лісты з-за кратаў, наогул ягонае жыццё. 

21-га аб 11.30 на пляцы «Тры крыжы» ў Аляксандраўскім касцёле адбудзецца імша, бо Вітольд Ашурак быў каталіком. А 13-й гадзіне на пляцы Канстытуцыі «Вясна» і іншыя беларускія арганізацыі правядуць кароткі мітынг, па заканчэнні якога ў 13.45 адбудзецца шэсце памяці героя Беларусі Вітольда Ашурка ад пляца Канстытуцыі да помніка Каперніка, дзе а 14.30 пачнецца яшчэ адзін мітынг, па заканчэнні якога будзе адбывацца перформанс па вуліцы Кракаўскае прадмесце. А 17-й гадзіне ў музеі “Вольная Беларусь” у Варшаве адбудзецца прэзентацыя розных праектаў, звязаных з палітвязнямі. І а 18.30 адбудзецца яшчэ адзін вечар у Беларускім доме ў Варшаве. Будзе адбывацца ўзнагароджанне медалямі Рады БНР родных тых герояў, якія загінулі за Украіну падчас расійкай-ўкраінскай вайны, і тых герояў, якія загінулі ў лукашысцкіх засценках ці знаходзяцца там зараз і змагаюцца за Беларусь. 

На акцыях у Варшаве будзе яшчэ банэр Міколы Клімовіча. Таму што ёсць рэчы, якія  прымушаюць кожнага беларуса, які апынуўся па-за межамі краіны, для таго, каб выходзіць 21 траўня на акцыі і казаць пра беларускіх палітвязняў. Бо 7 траўня яшчэ адна трагедыя напаткала ўвесь беларускі народ. Проста па той справе, якая была супраць Міколы Клімовіча, і па яго лёсу бачна, як забівае беларусаў антынародны рэжым. І нельга маўчаць. Трэба выходзіць на вуліцы. Трэба казаць праўду пра тое, што адбываеца ў краіне. І дзень 21 траўня, Дзень беларускага палітвязня, дае такую магчымасць кожнаму беларусу».

Нягледзячы на вайну, якая ідзе ва Украіне, беларусы, якія там зараз знаходзяцца, не застануцца ў баку ад падтрымкі беларускіх палітвязняў і ад таго, каб распавесці ўкраінцам пра рэпрэсіі ў сябе на Радзіме. У Кіеве адной з арганізатарак імпрэзы з’яўляецца актывістка Ірына Лукашэнка. Яна заклікае неабыякавых беларусаў і ўкраінцаў прыйсці 21 траўня ў беларуска-ўкраінскі хаб «Сустрэча»:

«Гэта ўсё будзе адбывацца ў беларуска-ўкраінскім хабе «Сустрэча», які адкрыўся зусім вось нядаўна, на мінулым тыдні. А 15-й гадзіне мы збярэмся ў хабе. Адрас хабу Ерэванская, 30. Мы распавядаем гэта не толькі беларусам, але і ўкраінцам. Спадзяемся, што прыйдуць і ўкраінцы. Таму спачатку мы проста распавядзем крыху пра беларукіх палітвязняў, пра чаму ў гэты дзень – Дзень беларускіх палітвязняў. Распавядзем, каб вось такім чынам іх падтрымаць, і каб зрабіць іх галасы больш гучнымі. Паразмаўляем з беларускім палітвязнем, які збег ад рэжыму і зараз жыве ва Украіне. І потым падпішам паштоўкі і лісты, якія будуць перададзеныя спачатку ў Еўропу, таму што ў нас няма паштовай сувязі ніякай з Беларуссю, а потым у Беларусь, і дашлем лісты і паштоўкі беларускім палітвязням менавіта з Украіны, ад украінцаў і ад беларусаў, якія тут знаходзяцца».

Беларусы Адэсы маюць намер правесці дзве імпрэзы, прысвечаныя Дню палітвязня. Пра іх нам распавёў актывіст беларускай супольнасці гэтага горада Алесь:

«Мы збіраемся 21-га а 13-й гадзіне на Саборнай плошчы. Там ужо пару год таму адбывалася аналагічнае мерапрыемства. Будзем падпісваць паштоўкі. Таксама робім, зараз ужо рыхтуем агульны плакат такі фармату А1, і на ім таксама кожны выкажа сваю салідарнасць. 

22-га ў панядзелак ёсць дамоўленасць з мясцовай паліцыяй на правядзенне акцыі каля Муралу, каб мы ўжо там сфоткаліся. Гэта такая ўжо частка афіцыйная. І мясцовыя журналісты будуць гэта асвятляць». 

А ва Львове сустрэчу беларусаў да Дня палітвязня арганізуе праваабаронца Анісія Казлюк. Вось, што яна распавяла пра тое, што мае адбыцца ў Львове.

«Сустрэча наша адбудзецца ў Львоўскім хабе Дома правоў чалавека. Таксама мы там правядзем фотаакцыю з хэш-тэгамі ў падтрымку палітвязняў. Гэта горад Львоў, вуліца Валова, 27 кватэра 8. Калі нехта жадае далучыцца, то гэта можна зрабіць. Фармат абсалютна вольны, мы проста будзем размаўляць, падпісваць паштоўкі. І проста правядзем час разам.

Зараз мы прыдумалі такую ідэю, можна не купляць паштоўкі, а надрукаваць уласныя фота, змакетаваць іх як паштоўку?! Зараз сярод тых, хто прыйдзе, збіраем фотачкі, каб зрабіць гэта ў паштоўкі і менавіта іх потым падпісваць і дасылаць палітвязням у Беларусі».

У цёплай Грузіі ў прыморскім Батумі таксама будуць праходзіць мерапрыемствы да Дня палітвязня. Больш падрабязна пра час, месцы і фарматы распавёў арганізатар, беларускі журналіст Андрэй Мялешка:

«У Батумі Дзень палітвязня будзе адбывацца цягам дня 21 траўня. З 11 гадзін у краме нацыянальнай сімволікі любы жадаючы можа прыйсці і напісаць ліст як вядомаму палітвязню, так і малавядомаму чалавеку, якога ён не ведае ўвогуле. 

Па абедзе з 14 да 20 гадзін у Беларускім медыя-хабе на вуліцы Парнаваза, 47 будзе адбывацца таксама магчымасць напісаць ліст вядомым палітвязням. За час напісання лістоў, цягам гэтых шасці гадзін, на сцяне медыя-хаба будуць транслявацца выявы вядомых палітвязняў, будзе выява з сайту Праваабарончага цэнтра «Вясна». І таксама будуць адрасы вядомых беларускіх журналістаў, якія сядзяць за кратамі ў Беларусі, там больш за 30 чалавек, якім можна напісаць лісты».   

Акрамя згаданых гарадоў і імпрэзаў падобныя ж пройдуць у Сан-Францыска, Гамбургу, Брэмене, Рыме, Дэтройце, Нью-Ёрку, Беластоку, Кракаве, Познані, Любліне, Лондане, Брусэлі, Штутгарце, Парыжу, Чыкагу, Філадэльфіі, Стакгольме і Гаазе. Актуальны спіс імпрэзаў з адрасамі можна знайсці на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Comments are closed.