Loading

102 гады таму, 27 лістапада 1920 года, пачалася спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка. Мясцовыя паўстанцы больш за месяц паспяхова супрацьстаялі бясконцым хвалям чырвонай арміі. Гэты дзень стаў Днём Памяці і Гонару беларускага народа. І беларусы па ўсім свеце ўспамінаюць пра подзвіг продкаў.

У Варшаве беларуская дыяспара арганізавала акцыю каля помніка знакамітаму сыну беларускай зямлі і змагару за свабоду Тадэвушу Касцюшку.

Праз стагоддзе барацьба за незалежную Беларусь працягваецца, а ўсе, хто хоць якім чынам супрацьстаіць рэжыму Лукашэнкі – гэта ідэйныя нашчадкі слуцкіх паўстанцаў. Такая думка была агучаная падчас акцыі і з ёй згодныя ўсе, хто прысутнічаў.

«Яно так і ёсць, таму што мы змагаемся за сваю незалежнасць, сваю незалежную краіну. І людзі, якія змагаліся за яе 102 гады таму, яны рабілі тое самае».

А на тым баку мяжы, у Беларусі гэты дзень так званыя беларускія ўлады стараюцца не прыгадваць. Толькі дзякуючы мужнасці і самаахвярнасці многіх актывістаў, у Беларусі дагэтуль памятаюць пра подзвіг слуцкіх паўстанцаў і нават усталёўваюць ім помнікі. Адным з такіх актывістаў быў і лідар руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. У Варшаве менавіта ён выступіў ініцыятарам правядзення Дня памяці. Спадар Вячаслаў упэўнены, што гэты дзень абавязкова стане нацыянальным святам у Вольнай Беларусі.

«Гэты дзень будуць заўсёды святкаваць на вышэйшым узроўні. Подзвіг случчакоў, якія пайшлі за Беларускую Народную Рэспубліку, а гэта значыць за права беларусаў самім абіраць сваю ўладу і мець усе тыя правы, якія прыняты ў цывілізаваным свеце».

Вячаслаў Сіўчык упэўнены, што карані сучаснай улады ў Беларусі ідуць менавіта ад бальшавікоў, супраць якіх слуцкія паўстанцы і змагаліся, таму рэжым Лукашэнкі і спрабуе зрабіць герояў Беларусі бандытамі.

«Улада была антыбеларуская і ў часы камуністаў. Яна спрабавала ператварыць беларускіх сялян у бандытаў. Камуністы не толькі спрабавалі зрабіць іх бандытамі, яны іх знішчалі. А сённяшняя ўлада мае генэзіс камуністычны, што б яны пра сябе не казалі. Яна такая ж антыбеларуская, а па некаторых паказчыках нават значна горшая, чым была пры камуністах».

Беларусы ўшанавалі памяць не толькі слуцкіх паўстанцаў, але і беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца ва Украіне. Актывістка Таісія Кабанчук стварыла ручнік памяці. На традыцыйнай беларускай ільняной тканіне даўжынёй сем метраў былі змешчаны фатаграфіі амаль усіх загінуўшых на вайне беларусаў.

«Мы папрасілі кіраўніцтва палка, каб нам далі фотаздымкі байцоў, каго магчыма. У мяне што самае каштоўнае было – то я і забрала, гэты рушнік. Ён дастаўся мне ад бабулі. Да яго мы прымацавалі гэтыя фотаздымкі. Хлопцы нашыя. Героі. Дзякуй іх матулям і татам, што выгадавалі такіх сыноў».

Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.