У творчым асяродку беларусаў сёння ёсць вялікі запыт на фінансавую падтрымку. Зрэшты, запыт гэты быў заўсёды. Як і пытанне, дзе знайсці інфармацыю пра стажыроўкі, гранты, праграмы мабільнасці, арт-рэзідэнцыі, стыпендыі і адукацыйныя праграмы. Пра ўсё гэта ў сваім тэлеграм-канале Sekktor піша Кацярына Раманчык. Каця шукае магчымасці для культурных і творчых людзей і публікуе абвесткі праектаў, умовы якіх пасуюць менавіта беларусам. Атрымліваецца нядрэнна. Сёння на яе канал падпісана амаль 3000 чалавек.
– Каця, вы пачыналі гэты праект ананімна. Чаму?
– Гэта быў пачатак лютага. Я толькі выехала з Беларусі і нават не ведала, калі буду вяртацца. Была ў пэўнай перасцярозе. Захацела паглядзець, як будзе працаваць праект, паназіраць. Можна сказаць, што ён нарадзіўся з пытання, з якім да мяне вельмі часта звярталіся мае сябры: „Каця, ты ведаеш, дзе знайсці праграму?” Я бачыла велізарны запыт у праграмах выезду, рэзідэнцыях. Так і распачаўся Sekktor.
– Ёсць фідбэк ад тых, у каго атрымалася паспяхова скарыстацца прапановамі Sekktor?
– Я ўсё часцей чую, што людзі атрымліваюць інфармацыю менавіта ад нас. Гэта вельмі прыемна. Я маю некалькі класных гісторый ад людзей, якія падавалі свае працы ў амерыканскія часопісы. Было так, што чалавек, натхніўшыся “Сектарам”, цэлы тыдзень вылучыў на напісанне заявак. Зрабіў сабе гэтакі інтэнсіў. У выніку, прыкладна кожная чацвёртая заяўка была паспяховай і потым заставалася толькі паціху вандраваць ад рэзідэнцыі да рэзідэнцыі.
– Які сёння галоўны запыт вашых карыстальнікаў?
– Людзі вельмі чакаюць конкурсаў грантаў. Канкурэнцыя велізарная, дарэчы. З таго, што магу сёння параіць – гэта праграма мабільнасці МОСТ+. Там адным з кірункаў дзейнасці з’яўляецца культура. Адназначна варта сачыць за праграмай EU4Culture. Конкурс грантаў зараз скончыўся, але будзе працяг. Працягваецца конкурс міні-праектаў у межах праграмы ArtPower Belarus ад Беларускай рады культуры. Раю падавацца на міні-гранты, бо большасць падалася з мідзі-праектамі, але ёсць яшчэ шмат вольных месцаў на падтрымку міні-грантаў сумай да 5000 еўра.
Поўную размову з Кацярынай Раманчык пра пошукі магчымасцей і пра тое, як умець імі скарыстацца, слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.